Асноўная мэта экскурсіі -- наведаць касцёл Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі. Два гады таму дах велічнага старажытнага будынка загарэўся. Было цікава паглядзець, у якім стане храм знаходзіцца цяпер. А яшчэ хацеў на месцы ахвяраваць пэўную суму на абнаўленне помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння.
Калі пад’язджаеш да касцёла, знешне пра былы пажар амаль нічога не нагадвае. Фасад шыкоўны. Бакавыя сцены больш строгія. Архітэктурны стыль віленскага барока ва ўсёй прыгажосці. Тэрыторыя вакол храма дагледжаная. Бачна, што славутасць берагуць і мясцовыя жыхары, і паломнікі, і турысты.
Уражвае ўнутранае аздабленне храма. Знакаміты абраз Будслаўскай Божай Маці знаходзіцца на цэнтральным алтары. Ля адной са сцен размешчаны крыж, які манахі-бернардынцы высеклі паўтысячы гадоў таму з драўніны, здабытай у мясцовых лясах. Роспіс сцен настолькі майстэрскі, што толькі ўшчыльную падышоўшы да намаляваных на іх калон, можна заўважыць аптычную ілюзію. На самай справе гэта не калоны, а аб’ёмны жывапіс.
Наступствы пажару бачныя ўнутры касцёла. Столь, дзе быў купал, перакрытая і ўзмоцненая спецыяльнымі анкерамі. Доступ да старога драўлянага алтара пакуль закрыты. Зроблена гэта з мэтай бяспекі наведвальнікаў. Аднак дзякуючы неабыякавым людзям усе праблемы паступова вырашаюцца.
Работніца храма расказала, што найбольш папулярныя сувеніры цяпер драўляныя магніты, зробленыя з абвугленых бэлек даху. На пласцінах нанесена выява касцёла, а таксама надпіс: «Адновім Будслаў!». Цана за сувенір не пазначана. Кожны плаціць колькі можа. Усе грошы ад продажу ідуць на рэстаўрацыю. Гэта дабрачынны праект.
Акрамя касцёла ў Будславе і яго ваколіцах ёсць яшчэ славутасці. Прыхільнікі беларускага слова могуць наведаць магілу Паўліны Мядзёлка, актрысы, педагога, мемуарысткі, жанчыны, да якой з сімпатыяй ставіўся Янка Купала. Пахаваная яна на мясцовых могілках.
Адзначу гістарычны цэнтр населенага пункта са старымі дамамі, шыкоўныя краявіды, ветлівых людзей. Пабываўшы ў Будславе, хочацца вяртацца сюды яшчэ. Тут адчуваецца незабыўная аўра, якая ачышчае чалавека, робіць яго больш добрым і міласэрным.