Новости Молодечно и Молодечненского района

Дзісна -- самы малы горад Беларусі

  • 2023-12-04 11:12:35
  • Алег Бяганскі

Адчуванне дэжавю

Адразу як прыязджаеш у Дзісну, складваецца ўражанне, што ты тут ужо быў. Прычым неаднойчы. Усё навокал знаёмае. Ты загадзя ведаеш, што за паваротам галоўнай вуліцы будзе царква. А брукаванка, якая выдатна захавалася і палосы руху на праезнай частцы якой падзелены вялікімі валунамі, абавязкова прывядзе да жывапісных развалін былой земскай бальніцы.

Справа ў тым, што горад быў і ёсць адной з любімых здымачных пляцовак для кінематаграфістаў. Тут здымаліся фільмы «Дзяржаўная граніца», «Людзі на балоце», «Чорная бяроза» і многія іншыя. Старажытная гарадская планіроўка ў Дзісне выдатна захавалася. Антураж, дэкарацыі, сама атмасфера перанесліся да нас як мінімум з пачатку мінулага стагоддзя. Той жа эпосе адпавядае мясцовы рытм жыцця.
Яшчэ больш павагі «мікрагораду» надаюць імёны славутых асоб айчыннай гісторыі і культуры, якія жылі ў населеным пункце або наведвалі яго. Прычым горад праславілі прадстаўнікі практычна любой сферы дзейнасці. Напрыклад, да ўзвядзення Дзісненскага замка і іншых фартыфікацый мае дачыненне кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый. Знаходзіцца замчышча на востраве ў месцы ўпадзення рэчкі Дзісны ў Заходнюю Дзвіну.

Мурал на адным з дамоў у цэнтры горада нагадвае, што ў Дзісне жыў мастак Язэп Драздовіч. Тут бывалі Адам Міцкевіч, Ігнат Буйніцкі, праводзіў богаслужэнні будучы патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Ціхан. З паселішчам звязаны род пісьменніка Аляксандра Грына. Гэты спіс можна працягваць доўга.

Наняць цалкам усю гасцініцу…

Калі прыязджаеш у Дзісну грамадскім транспартам, варта загадзя паклапаціцца пра начлег. У горад ездзяць аўтобусы з Полацка, Наваполацка і Міёраў. Аднак некаторыя рэйсы ажыццяўляюцца не кожны дзень. Да таго ж графік нязручны. За некалькі гадзін усе славутасці ў горадзе наведаць немагчыма. А рабіць гэта ў фармаце забегу не варта і нецікава.

Добрая навіна -- гасцініца ў паўтаратысячнай Дзісне ёсць. Знаходзіцца яна ў раёне гістарычнай забудовы ў самым цэнтры горада. Пасля таго як «жыллёвае пытанне» будзе вырашана, вы атрымаеце ў часовае карыстанне два ключы -- ад нумара і ад гасцініцы (там усяго некалькі нумароў). Мы з жонкай былі адзінымі пастаяльцамі. Нават не верылася, што прыкладна за 50 рублёў у нашым распараджэнні аказаўся ўвесь будынак. Чым не прыгода для падарожнікаў…

На пароме праз Дзвіну

Адной з мэт падарожжа была пераправа праз Заходнюю Дзвіну на дзеючым пароме. Дзісна -- адно з нямногіх месцаў у нашай краіне, дзе працуе паромная пераправа. Абслугоўваюць яе работнікі мясцовай ЖКГ. Карыстанне паромам бясплатнае. Дзейнічае пераправа з моманту, калі лёд на рацэ сыдзе, да таго часу, калі вада зноў пакрыецца ледзяной коркай. Зімой пераехаць на супрацьлеглы бераг магчыма толькі праз мост у Наваполацку. А гэта прыкладна 30 кіламетраў у адзін бок.

З парома і другога берага адкрываецца цудоўны від на жывапісныя руіны былой земскай бальніцы (год пабудовы -- 1902). Пабудова згарэла ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аднак да нашага часу расліннасць так і не «акупіравала» цагляныя сцены. Мясцовыя жыхары расказалі, што ўся справа ў якасці будаўнічага матэрыялу. Цагліны перад тым як перадаць іх будаўнікам, клалі на тыдзень у ваду. Нават намёк на брак выбракоўваў цагліну.

Пра карысць цвярозага ладу жыцця

Адна з найбольш адметных славутасцей Дзісны -- будынак былога таварыства цвярозасці. Узведзены ён у часы былой Расійскай імперыі. Пабудова вельмі прыгожая, яе бачна з любой кропкі населенага пункта. Раней тут віравала культурнае жыццё. На першым паверсе ўсім жадаючым бясплатна давалі чай з булачкай, на другім, у канцэртнай зале, ставіла пастановы тэатральная трупа Ігната Буйніцкага.


Суседзі «цвярозага будынка» не менш адметныя. Гэта адна з найбольш старых у нашай краіне дзеючых выратавальных часцей. А праз дарогу знаходзіцца будынак былога казначэйства (адзіны ў Беларусі, які быў пабудаваны менавіта для гэтага і захаваўся да нашага часу). Выдатнае суседства: калі ты цвярозы, то і пажару не ўтворыш, і грошы разумна прыменіш.

Драўляны аўтамабільны мост

У Дзісне найбольш часу ў нас заняў агляд самага старога ў Беларусі дзеючага аўтамабільнага моста. Злучае ён берагі рэчкі Дзісны. Пабудавалі мост каля стагоддзя таму па тэхналогіі Эйфелевай вежы (без прымянення зваркі, толькі клёпка і балты). У час вайны на адзін з пралётаў упала бомба. Потым гэты пралёт замянілі трафейным, вырабленым у Германіі.

Незвычайна бачыць пад коламі аўтатранспарту драўляны, пакрыты асфальтам насціл. А яшчэ ўражвае вібрацыя канструкцый. Нават калі чалавек едзе на веласіпедзе, мост «шуміць» і «танцуе». Пры гэтым канструкцыі вельмі надзейныя. Доказ таму -- стагоддзе эксплуатацыі пры даволі інтэнсіўнай нагрузцы.

Іншыя дзівосы

Ведаю, што друкаваны тэкст і фотаілюстрацыі не могуць у поўнай меры перадаць уражанні ад падарожжа ў Дзісну. Таму проста пералічу яшчэ славутасці, якія чакаюць вас у гэтым горадзе.

Так, цудатворная ікона ХVI стагоддзя «Дзісненская Адзігітрыя» знаходзіцца ў мясцовай Васкрасенскай царкве. Гэты вобраз у візантыйскім стылі -- сапраўдны шэдэўр. Ён ў поўнай меры перадае адметнасць сярэдневяковага мастацтва.

Вялікае ўражанне пакідае барочны касцёл, пабудаваны ў 1773 годзе. Храм часткова рэстаўрыраваны. На ім устаноўлены новы дах, адноўлены сцены. На адной з арыгінальных сцен можна ўбачыць сляды ад гарматных ядраў -- сведкі былых баталій.

Дарэчы, на некаторых старых фатаграфіях касцёл знаходзіцца на востраве пасярод вады. А «вінаватая» ў гэтым рэчка Дзісна. Яна адна з нямногіх у Беларусі, якія змяняюць напрамак цячэння. У паводку магутная плынь Заходняй Дзвіны ўяўляе сабой сапраўдную плаціну. Вось і даводзіцца Дзісне адплываць «назад». Узровень вады пры гэтым можа падняцца на 15 метраў. Адно з такіх катастрафічных навадненняў адбылося ў 1931 годзе.

Нагадаю, што Дзісна -- былое яўрэйскае мястэчка. Таму ў горадзе добра захаваліся арыгінальныя пабудовы яўрэйскіх гандляроў. На першым паверсе такога дома магазін, на другім -- жылыя памяшканні. Некалькі такіх дамоў размешчаны ў раёне касцёла. А недалёка ад моста можна ўбачыць былую яўрэйскую лазню. Яе адметнасць -- па суботах пара, халодная і гарачая вада падаваліся ў мыйнае аддзяленне аўтаматычна.
Калі мой аповед пра Дзісну вас зацікавіў, можаце самі адправіцца ў падарожжа і наведаць самы малы горад нашай краіны. Даю гарантыю -- не пашкадуеце!

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.