Новости Молодечно и Молодечненского района

«Драўляная казка Палесся»

  • 2023-10-10 12:03:14
  • Алег Бяганскі

Па меркаванні многіх вучоных, гэты храм самы стары драўляны будынак Беларусі, які выкарыстоўваецца ў наш час. Пабудавалі царкву ў 1502 годзе (у той час жыў і тварыў беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, асветнік-гуманіст Францыск Скарына). Будынак некалькі разоў рэканструяваўся. Пры гэтым ён захаваў традыцыйны заходнепалескі архітэктурны стыль.

Таму, хто захоча наведаць славутасць у выхадныя дні, неабходна або адправіцца ў пешую пілігрымку, або скарыстаць паслугі таксі, або прыехаць на сваім транспарце. Па суботах і нядзелях грамадскі транспарт у Здзітава не ходзіць. Я абраў для падарожжа трэці варыянт і не пашкадаваў.

У час вандроўкі можна ацаніць адметнасць ладу жыцця мясцовых жыхароў, пагаварыць з людзьмі, паслухаць іх палескую гаворку. А яшчэ вас абавязкова ўразіць навакольная прырода. Тут захаваліся ўчасткі старажытнага лесу з мачтавымі соснамі і векавымі дубамі. Дарэчы, сама царква знаходзіцца на тэрыторыі батанічнага помніка прыроды мясцовага значэння «Здзітаўскі сквер». Побач праз дарогу яшчэ адзін помнік прыроды -- «Здзітаўскія дубы».

Менавіта пад гэтымі раскідзістымі дрэвамі адпачывалі многія пакаленні вернікаў, якія ішлі пакланіцца святыні. Былі сярод іх і прадстаўнікі роду Касцюшкаў, у тым ліку Людвік Касцюшка-Сяхновіцкі, бацька Тадэвуша Касцюшкі. Адзначым, што за больш чым пяцісотгадовую гісторыю храм ніколі не закрываўся. Уяўляеце, якое намоленае гэта месца!

Унутры храма ўражвае ажурная драўляная разьба, якая ўпрыгожвае іканастас і некаторыя старажытныя іконы. Тое, што будынак невялікі, у самой царкве не адчуваецца. Тут знайшлося месца нават для хароў.

Згодна з дакументамі, храм узвёў мясцовы землеўладальнік Іван Гурын у памяць пра свайго бацьку Мікіту, які быў воінам вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка. Мікіта Гурын мужна змагаўся з ворагамі за ўладара і Айчыну, але ў адным з баёў загінуў.

Такім чынам, Свята-Мікіцкая царква -- гэта не толькі месца пакланення Богу, але і помнік тым, хто абараняў родную зямлю. Тое, што святыня і яе ваколіцы ахоўваюцца дзяржавай, -- добры прыклад шанавання мінулага краіны, захавання гістарычнай памяці.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.