У «Кнізе памяць» сказана, што валодаў сядзібай і гаспадарчымі пабудовамі пан Валадзьковіч. У яго ўласнасці быў цэлы маёнтак з 1616 дзесяцінамі зямлі (адна дзесяціна складае 1,09 гектара), вадзяным млынам, іншымі аб’ектамі. Гаспадарка дасягнула піка развіцця ў канцы XIX -- пачатку XX стагоддзя.
Цяпер былая сядзіба выглядае не менш велічна, чым стагоддзе таму. Да таго ж яна прыцягвае турыстаў. Як аказалася, у адзін з выхадных дзён я быў не першы, хто вырашыў агледзець славутасць. Пра гэта паведаміў сучасны гаспадар «аб’екта нерухомасці». Мужчына не захацеў называцца, затое ахвотна адказаў на пытанні і правёў экскурсію па доме.
Па словах субяседніка, сядзіба была пабудаваная прыкладна паўтара стагоддзя таму. Якасць будматэрыялаў і тэхналогія будаўніцтва такая, што памяшканні выкарыстоўваюцца пад жыллё да нашага часу. Адна з асаблівасцей пакояў -- высокія столі. Раней у адным з цокальных памяшканняў размяшчалася кузня.
У час экскурсіі мяне найбольш уразіла вялікая руская печ. Знаходзіцца яна ў цокалі і абагравае як ніжняе памяшканне, так і верхняе. З даўніх часоў захаваліся ўнутраныя дзверы, а таксама некаторыя рэчы. Столі ў калідоры цокаля зроблены ў форме зводу. Увогуле, хадзіць па былой сядзібе вельмі цікава. Адразу ўяўляеш, як на ніжнім узроўні мітусяцца работнікі, а на верхнім прымаюцца рашэнні па вядзенні гаспадаркі.
Да нашага часу добра захаваліся і гаспадарчыя пабудовы, якія таксама выкарыстоўваюцца. Каб іх убачыць, трэба абысці возера і прайсці масток праз рэчку Чарняўку.
Акрамя Дзякшнян у склад маёнтка ўваходзіла яшчэ некалькі вёсак. Таму аб’екты, якія належалі пану, маглі захавацца і ў іншых населеных пунктах.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.