Як праходзіла судовае пасяджэнне 23 снежня
Падсуднаму прад’яўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (парушэнне ПДР або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека). Згодна з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы, дзяўчынка загінула на месцы здарэння ад шматлікіх цялесных пашкоджанняў.
Па версіі следства, 29 верасня пасля заканчэння ўборкі бульбы Цыбін рухаўся заднім ходам з хуткасцю 9,9 кіламетра за гадзіну па ўжо наезджанай каляіне. На полі было шмат дзяцей, таму вадзіцель абавязаны быў праявіць павышаную ўвагу. Аднак ён не заўважыў 13-гадовую школьніцу і наехаў на яе.
— Праявіў нядбайнасць і няўважлівасць, не звярнуўся да дарослых, каб тыя сігналізавалі аб сітуацыі ззаду машыны, не знізіў хуткасць аж да спынення транспартнага сродку, хаця меў рэальную магчымасць зрабіць гэта. Што тычыцца самой дзяўчынкі, то з-за адсутнасці жыццёвага вопыту яна не магла правільна ацаніць пагрозу, — заявіў у судзе дзяржаўны абвінаваўца.
Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і папрасіў у бацькоў Вікторыі прабачэння.
— Мне з гэтым грузам усё жыццё хадзіць. Я ведаю, дзяўчынку не вернеш... — заявіў Цыбін.
На допыце ў ходзе судовага следства абвінавачаны паведаміў, што машына была загружана каля 13.00. Ён пасігналіў і пачаў рухацца. Ехаў заднім ходам, каб не таптаць грады з бульбай. За дарожнай абстаноўкай назіраў у люстэркі задняга бачання. За грузавіком нікога не бачыў, хаця людзей на полі было шмат. Як наехаў на школьніцу — не заўважыў.
Пасля здарэння, каб загладзіць сваю віну, вадзіцель сабраў бацькам ахвяры 10 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.
Суд заслухаў маці пацярпелай Юлію Папчэня. Жанчына сказала, што пра гібель дачкі ёй паведамілі аднакласнікі Вікторыі. У дзяўчынкі перыядычна абвастраўся атыт правага вуха, таму ўрачы рэкамендавалі ёй мець з сабой вату. Аднак вастрыню слыху гэта не зніжала. 29 верасня Вікторыя адчувала сябе добра. Інакш на поле яна не паехала б. На работу ў сельгаспрадпрыемства васьмікласніца выязджала цёпла апранутая.
Юлія Папчэня адмовілася прад’яўляць іск абвінавачанаму аб кампенсацыі матэрыяльнай або маральнай шкоды. Яна заявіла, што ў вызначэнні меры пакарання спадзяецца на меркаванне суда.
Сведкамі на працэсе выступілі работнік аднаго з прадпрыемстваў горада (у дзень трагедыі ён дапамагаў збіраць бульбу на полі), дзве настаўніцы СШ №11, дзе вучылася Вікторыя, якія су-
праваджалі дзяцей, настаўнік СШ №2 (пасля няшчаснага выпадку ён выклікаў хуткую дапамогу), сакратар ААТ «Усход-Агра».
Сведкі паказалі, што трагедыя здарылася пасля заканчэння работ, калі школьнікам дазволілі набраць па вядры бульбы. Дзеці з розных школ перамяшаліся, і сачыць за імі было цяжка. Да таго ж на полі было шумна.
Святаслаў Цітовіч абвясціў матэрыялы па крымінальнай справе. Сярод іх характарыстыкі абвінавачанага з месцаў работы, вучобы, ад суседзяў. Усе яны станоўчыя.
Суду былі прадстаўлены доказы віны Цыбіна — гіпсавыя злепкі следу пратэктара яго аўтамабіля, чатыры лісты са слядамі шын. На гэтым судовае следства завяршылася.