У сувязі з гэтым жыхарам раёна варта памятаць аб небяспецы захворвання і неабходнасці выконваць меры асабістай асцярожнасці.
Ва ўсіх абласцях Беларусі неспрыяльная сітуацыя з-за шаленства жывёл захоўваецца на працягу многіх гадоў. Сёлета можна казаць пра распаўсюджванне захворвання.
Так, у Маладзечанскім раёне за 7 месяцаў колькасць лабараторна пацверджанага шаленства жывёл павялічылася ў пяць разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і дасягнула 10 выпадкаў. Нядобранадзейнымі з’яўляюцца Радашковіцкі, Чысцінскі, Красненскі, Лебедзеўскі, Маркаўскі, Гарадзілаўскі, Гарадоцкі, Цюрлёўскі і Палачанскі сельсаветы (раней захворванне рэгістравалася на тэрыторыі трох сельсаветаў нашага раёна). Дарэчы, на тэрыторыі Палачанскага сельсавета ўжо чацвёрты год запар рэгіструюцца выпадкі шаленства дзікіх жывёл, а за апошнія два гады — і сярод свойскіх і сельскагаспадарчых. Рэзкі скачок захворвання ў жывёл адзначаецца і ў суседнім, Валожынскім раёне.
Шаленства ў чалавека можна папярэдзіць. Ва ўстановах аховы здароўя ёсць дастаткова эфектыўныя вакцыны, якія гарантуюць абарону ад захворвання на шаленства, але толькі пры своечасовым звароце пацярпелых да траўматолага. Таму калі вас укусіла або падрапала якая-небудзь жывёла, неадкладна звяртайцеся ў лячэбна-прафілактычную ўстанову па месцы жыхарства для
атрымання медыцынскай дапамогі.
Шаленства — смяротнае захворванне. Адзіным надзейным спосабам папярэджання з’яўляецца комплекс антырабічных прышчэпак, адмова ад якіх можа прывесці да трагічных наступстваў.
Маргарыта ПРАЦКОВА, урач-эпідэміёлаг ЗЦГіЭ.