Новости Молодечно и Молодечненского района

Навучыцца жыць з драпежнікамі

  • 2022-11-17 07:44:03
  • Алег Бяганскі

Як адзначыў начальнік Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў, драпежнікі — неад’емная частка прыроднай экасістэмы. Забіваюць яны не толькі дзеля ежы. Часам верх бярэ паляўнічы інстынкт. Пры гэтым трафеямі могуць стаць хатнія гадаванцы. Асабліва калі да іх лёгка дабрацца.

Паквапіцца на свойскую жывёлу могуць норкі, тхары, каршуны, ястрабы, вароны, іншыя аматары свежага мяса. У прыродных экасістэмах раёна су-стракаюцца янотападобныя сабакі, гарнастаі, куніцы. У ваколіцах населеных пунктаў мясцовыя жыхары бачылі ліс. Часам фіксуюцца заходы на тэрыторыю раёна мядзведзяў і ваўкоў. У раёне Хоўхлава паляўнічыя нават знайшлі воўчую лежню.

Каб абараніць ад няпрошаных гасцей той жа куратнік, рэкамендуецца ў якасці ўцяплення выкарыстоўваць мінеральную вату. Карысным будзе прымяненне простых тэхналогій — атынкоўвайце сцены куратніка з выкарыстаннем металічнай сеткі, абшыйце памяшканне ліставым жалезам, залатайце шчыліны.

Ідэальная ад пранікнення шляхам падкопу падлога, калі ў цэментна-бетонную сумесь дададзена бітае шкло, а «лінія абароны» ўзмоцнена тоўстымі дошкамі цвёрдых парод дрэва.

Месца адкрытага выгулу павінна быць абнесена сеткай-рабіцай, якую закопваюць не менш чым на глыбіню штыка рыдлёўкі. Па перыметры ўшчыльную да сеткі трэба пракласці каменныя брускі. Неабходна расчысціць тэрыторыю вакол вальера (каб драпежнікі не ладзілі засаду, хаваючыся за смеццем).

Усе гэтыя прыёмы эфектыўныя ад дзікіх жывёл. Пры гэтым нельга забываць, што большую шкоду падапечным вяскоўцаў і дачнікаў прыносяць не «лясныя дзікуны», а сабакі і каты, якія засталіся без гаспадароў. Яны, як правіла, не баяцца лю-дзей і ведаюць нашы звычкі. Таму тыя, каго мы прыручылі, не павінны пазбаўляцца нашай апекі.

Алег БЯГАНСКІ.