Новости Молодечно и Молодечненского района

Кантэйнер з расадай на падаконніку

  • 2025-04-20 08:48:00
  • Олег Беганский

Раней не разумеў многіх «мацёрых» дачнікаў: навошта ездзіць за горад, працаваць на сваіх некалькіх сотках, марнаваць час, сродкі, сілы, каб восенню сабраць пару мяхоў бульбы, мех капусты і паўмяха морквы з буракамі?

Яно ж таго не вартае... Прасцей садавіну і агародніну купіць, а вольны час прысвяціць адпачынку на свежым паветры ля садовага доміка.

Але час усё расстаўляе па сваіх месцах і дадае вопыту. І цяпер ужо сам, як толькі надыдзе вясна, размяшчаю на падаконніку кантэйнеры з расадай. Спрыяльнага надвор’я чакаюць такія часовыя «кватаранты», як расада памідораў і капусты, раяніраваных дынь і кавуноў. Назіраць, як расліны набіраюць сілу, вельмі цікава. Гэта супакойвае нервы, настройвае на пазітыў.

Нездарма кажуць, што чалавек не павінен адрывацца ад сваіх каранёў. А беларусы – усё ж псіхалагічна сялянская нацыя. Колькасць гарадскога насельніцтва ў нашай краіне перавысіла сельскае толькі ў 1976 годзе. Усяго два пакаленні таму. Па мерках гісторыі, літаральна ўчора.

Валодаць зямлёй, апрацоўваць яе для многіх з нас пытанне зусім не эканамічнае. Калі так атрымліваецца, з’яўляецца пачуццё нейкай апоры, упэўненасці, існаванне набывае дадатковы сэнс. Такі падыход не адмяняе камерцыйны складальнік. Можна засадзіць участак клубніцамі і атрымаць з ураджаю значны прыбытак. Аднак спачатку трэба займець той самы ўчастак.

Гэтыя думкі трапна выказаў класік беларускай літаратуры Якуб Колас у паэме «Новая зямля»:

Купiць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскiх выпутацца пут, 
I там зажыць сабе нанова:
Свая зямля – вось што аснова!

Сапраўды, чалавек не можа адарвацца ад сваёй зямлі, сваёй Радзімы, краіны, народа, мовы, гісторыі. Чым больш такіх ланцужкоў, тым мацнейшы чалавек. Так што стаўцеся з павагай да свайго дачнага ўчастка, купляйце насенне і пасадачны матэрыял. Дарэчы, адпачынак на сваіх сотках таксама ніхто не адмяняў.

Алег БЯГАНСКІ