У свой час Таццяна Мікалаеўна працавала на радыёзаводзе «Спадарожнік». Цяпер на заслужаным адпачынку. Стройная, спартыўная жанчына выглядае значна маладзейшай за свой узрост. Гаворыць, што наталяецца энергіяй, якую дае зямля. Шмат часу праводзіць Таццяна ў бацькоўскім доме ў вёсцы Каледзіно Цюрлёўскага сельсавета. Даглядае маму Алену Мікалаеўну, працуе ў агародзе. На вялікім участку чатыры цяпліцы для агародніны, радуе ўраджаем яблыневы сад. Дарэчы, шмат карыснай інфармацыі бярэ жанчына з нашай тэматычнай старонкі «Сотка ўдачы». Робіць выразкі з газеты. З карэспандэнтаў выдзяляе Анжаліку Крупянькову, якая і пра людзей цікава піша, і пра вандроўкі раскажа так, быццам сам у замежжы пабываў.
— Традыцыя чытання ў нас сямейная. Бацькі заўсёды выпісвалі «раёнку», якая называлася тады «Святло камунізму», — гаворыць субяседніца.
Добрыя словы адрасуе яна свайму паштальёну Але Корсак. А калектыву рэдакцыі жадае творчых поспехаў, быць заўсёды на сувязі з чытачамі.