20.05.2021 10:14

«Маладзечанская газета» сярод лаўрэатаў «Залатой Літары»

Матэрыялы гісторыка-краязнаўчай тэматыкі Анжалікі Крупяньковай і Алега Бяганскага адзначаны дыпломам лаўрэата XVII Нацыянальнага конкурсу «Залатая Літара».

Цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання прайшла ў Мінску 5 мая, у Дзень друку. На ёй адзначалася, што на конкурс, арганізатарам якога з’яўляецца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, сёлета было пададзена 335 заявак ад перыядычных выданняў, інфармацыйных агенцтваў, асобных журналістаў у 25 намінацыях. Пераважная большасць з іх паступіла ад рэгіянальных СМІ. У час узнагароджання пераможцаў міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў адзначыў, што ў рэгіёнах працуюць крэатыўныя журналісты, якія ствараюць цудоўныя праекты.

Вельмі прыемна, што і матэрыялы журналістаў «Маладзечанскай газеты» ацэнены на такім высокім узроўні. Тры апошнія гады Анжаліка Крупянькова вядзе праект «Вёска з назвай незвычайнай», у якім не толькі расказвае пра паходжанне назваў населеных пунктаў Маладзечаншчыны, але і пра іх гісторыю, мінулае і сучаснасць, пра іх жыхароў. Карыстаюцца папулярнасцю і праекты «Радыус-100», у якім чытачы «МГ» дзеляцца вопытам сваіх падарожжаў па родным краі, «Народны ўніверсітэт па краязнаўстве», у рамках якога людзі залатога ўзросту вывучаюць гісторыю Маладзечаншчыны.

Што звязвае вёскі Сёмкава і Дубрава, як жыве Крэўскі замак, чаму абавязкова трэба ўбачыць Мядзельскі Іерусалім і іншыя дзівосы нарачанскага краю – пра гэта і многае іншае не стамляецца цікава распавядаць чытачам Алег Бяганскі ў сваім праекце «Падарожжы па родным краі». Услед за ім, нястомным вандроўнікам і знаўцам гісторыі, геаграфіі, адпраўляюцца ў вандроўкі і чытачы нашай газеты. І гэта прыклад, калі нават у няпросты час пандэміі можна адкрыць для сябе нешта новае і цікавае, пазнаёміцца з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі сваёй малой радзімы.

Такія цікавыя вандроўкі, папулярныя праекты працягнуцца на газетных старонках. Будзем рады, калі яны зацікавяць чытацкую аўдыторыю. Дыпломы, перамогі ў конкурсах – гэта, безумоўна,вельмі прыемна і ганарова. Аднак галоўная наша ўзнагарода – станоўчыя водгукі чытачоў, іх запрашэнні прыехаць у госці, каб пачуць пра гісторыю населенага пункта ці канкрэтных людзей. Мы заўсёды адкрыты для дыялогу і супрацоўніцтва. Будзем і надалей разам вывучаць гісторыю свайго краю на старонках газеты.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 419 раз
Соб. инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.