14.06.2023 14:09

Журналістыка -- школа жыцця і мой шчаслівы лёс

Нядаўна мы аб’явілі чарговы конкурс для чытачоў на самую цікавую заметку з нашай газеты, якую яны захоўваюць у дамашнім архіве. Людзі адгукнуліся: дасылаюць выразкі ў канвертах, прыносяць у рэдакцыю. Адна жанчына завітала з альбомам, у якім наклеены памятныя для яе газетныя публікацыі з 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Яшчэ адна збірае ў асобныя папкі гістарычныя матэрыялы пра свой сельсавет, яго жыхароў.

І гэта найлепшы аргумент у адрас тых, хто скептычна гаворыць: «Навошта выпісваць газету, цяпер можна ўсё пачытаць у інтэрнэце».

Прачытаць можна, але нельга захаваць для сямейнага архіва як самы каштоўны дакумент, нельга перачытаць праз пяць, дзесяць гадоў, паказаць дзецям, унукам.

«Нішто не параўнаць з тымі хвілінамі, калі бяру ў рукі свежы нумар маёй любімай «раёнкі», гартаю старонкі, пераглядаю загалоўкі, а потым чытаю, чытаю… Іншы раз знаёмыя пытаюцца, адкуль я ўсе раённыя навіны ведаю. А я ім у адказ: трэба «раёнку» выпісваць!» -- гаварыла пры сустрэчы адна наша даўняя падпісчыца.

Заходзіш да такіх людзей у дом ці кватэру, бачыш на стале газету і разумееш: наш чалавек, мы на адной хвалі… Лічу, што «Маладзечанская газета» -- гэта ўнікальны брэнд, адметнасць нашага краю. Гэта самы дасканалы летапіс гісторыі Маладзечаншчыны ў людзях і падзеях. Ведаю нямала сем’яў, у якіх традыцыя выпісваць «раёнку» перадаецца ад бацькоў да дзяцей, унукаў. Я і сама з такой сям’і: колькі сябе памятаю, мае бацькі выпісваюць валожынскую «Працоўную славу». Яе прысутнасць у доме такая ж неабходнасць, як хлеб на стале. Гэта адзін з атрыбутаў стабільнасці, прыналежнасці нашай сям’і да жыцця раёна. І «Маладзечанскую газету» яны чытаюць з цікавасцю. Дарэчы, выпісаць яе ў іншы раён не праблема.

Сёлета ў верасні нашай газеце споўніцца 84 гады. А ў жніўні пойдзе 37-ы год як я ў ёй працую. Псіхолагі сцвярджаюць, што для самаразвіцця карысна праз 5-7 гадоў мяняць работу, а ў мяне і думкі такой ніколі не ўзнікала, хаця прапановы былі. З маладых гадоў разумела: гэта маё. А самаразвіцця нам, універсальным раённым журналістам, заўсёды хапала: сёння ты пішаш пра медыкаў ці педагогаў, заўтра едзеш з рэйдам па прадпрыемствах ці ўнікаеш у тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур… Колькі цікавых людзей пашчасціла сустрэць, колькі яркіх падзей давялося асвятляць! Узяць хаця б наш фестываль: я пісала абсалютна пра ўсе, ад першага да апошняга.

Вялікай удачай для сябе лічу сяброўства з маладзечанскімі бібліятэкарамі, якія, як і я, любяць падарожнічаць. Разам мы пабывалі ў многіх кутках Беларусі, пазнаёміліся з іншымі краінамі. У маёй уласнай скарбонцы турыста 23 краіны свету.

Дзякуючы сваёй рабоце, прапускаючы лёсы землякоў праз сваё сэрца, я спасцігала гісторыю Беларусі. Ні школа, ні журфак не далі мне столькі ведаў, разумення жыцця і людзей, як мая любімая работа. Яна прымушае пастаянна быць у тонусе, не дае заседжвацца на месцы. Я заўсёды буду ўдзячная сваім бацькам Фаіне Драгун і Аляксандру Караніку, сельскім настаўнікам з Валожыншчыны, якія ўбачылі і падтрымалі маё імкненне пісаць. Удзячная і былому галоўнаму рэдактару нашай газеты Аляксандру Хазяніну, які паверыў у мяне, запрасіў у рэдакцыю пасля пераддыпломнай практыкі. Заўсёды буду памятаць маіх старэйшых настаўнікаў у прафесіі Славу Міронаву, Валянціна Ліпніцкага, якіх, на вялікі жаль, няма з намі. У канцы 1980-х з лёгкай рукі Славы Міхайлаўны ў сценах рэдакцыі я пазнаёмілася са сваім будучым мужам, цяперашнім галоўным рэдактарам нашай газеты Віталіем Крупянковым. Адбылося гэта акурат у Дзень друку, 5 мая. А праз два гады 5 мая ў нас нарадзілася дачка Вікторыя, якая таксама стала журналісткай. Упэўнена: гэта не проста супадзенне, гэта мой шчаслівы лёс.

Шмат змен адбылося за 37 гадоў маёй работы. Калі толькі прыйшла ў рэдакцыю, пісала матэрыялы ад рукі, машыністкі іх друкавалі. Затым мне выдзелілі друкарскую машынку, на змену якой прыйшоў камп’ютар. Газета друкуецца ў сталіцы, яна стала каляровай, з прыгожымі здымкамі, з сучаснай вёрсткай. З’явіўся сайт, на які мы прызвычаіліся пісаць рэпартажы аб значных падзеях у рэжыме рэальнага часу, са смартфона.

І ўсё ж якія б змены ні адбываліся, якіх бы вышынь ні дасягаў тэхнічны прагрэс, галоўнае ў нашай газеце -- гэта вы, нашы дарагія землякі. Вы нас натхняеце на новыя тэмы і камандзіроўкі, дзеля вас мы стараемся, укладваем у кожны нумар шмат працы і душы. І гэта не пафасныя словы, паверце. Непарыўная сувязь з вамі, вашы падтрымка і давер -- тое, на чым трымаецца газета, што робіць яе цікавай і патрэбнай. Дзякуй вам за гэта! І да новых сустрэч!

Прочитано 95 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Давайте делать газету вместе!