Новости Молодечно и Молодечненского района

З залы суда. «Схапіў за горла, але забіваць не хацеў...»

  • 2017-02-07 13:50:48
  • Алег Бяганскі

Абвінавачаны і яго ахвяра раней былі ў шлюбе, ма юць дваіх дзяцей, жывуць асобна. Мужчына прыцягваўся ўжо да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, выплачвае аліменты.

Суд разгледзеў два эпізоды. Як вынікае з матэрыялаў справы, у чэрвені і кастрычніку ў час сварак ён пагражаў былой жонцы забойствам, прымяняў насілле. У адным выпадку нанёс пацярпелай лёгкія цялесныя пашкоджанні. Пры гэтым фігурант справы быў у стане алкагольнага ап’янення.

Грамадзянін А. сваю віну прызнаў часткова. Ён даводзіў, што ініцыятарам сварак была жанчына, якая сама правакавала на прымяненне сілы. Мэтанакіравана яе не біў. Аднак у час канфлікту мог штурхнуць, схапіць за горла, нанесці цялесныя пашкоджанні. Забіваць былую жонку не хацеў, але выказваўся рэзка.

Вышэйзгаданыя аргументы былі абвергнутыя паказаннямі ахвяры насілля, сведак канфліктаў, а таксама пратаколамі, складзенымі па гарачых слядах.

Па словах жанчыны, пагрозу свайму жыццю яна ўспрыняла як рэальную. Сваркі з рукапрыкладствам паміж ёю і грамадзянінам А. здараліся даволі часта, калі былы муж прыходзіў у кватэру п’яны. Сведкамі некаторых канфліктаў былі дзеці (дачка-студэнтка і непаўналетні сын).
— У адзін з дзён чэрвеня ў мае дзверы пастукаў 9-гадовы сын пацярпелай, — расказвала ў час суда суседка жанчыны. – Хлопчык прасіў дапамогі, бо «тата забіваў маці». Дзіця было ў шокавым стане, яно плакала.

Суд узважыў усе абставіны і прыгаварыў абвінавачанага да года і шасці месяцаў папраўчых работ без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Грамадзяніна А. абавязалі выплаціць пацярпелай 100 рублёў кампенсацыі за маральны ўрон. Прыгавор пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ва ўстаноўлены законам тэрмін.

Вяла пасяджэнне суддзя Анна Дземашкевіч. Дзяржаўным абвінаваўцам была Вікторыя Паляшчук.

У тэму.
Па звестках Маладзечанскага РАУС, з лютага па снежань 2016 года ў дзяжурную часць паступіла  1380 паведамленняў аб сямейна-бытавых канфліктах. За гэты перыяд распачата звыш 40 крымінальных спраў у адносінах да бытавых хулі-ганаў (у тым ліку 33 справы па 186-м артыкуле Крымінальнага кодэкса).

Летась да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў адносінах да членаў сям’і прыцягнуты 805 чалавек, вынесены 64 ахоўныя прадпісанні (27 з іх абавязвалі бытавых скандалістаў пакінуць агульнае жылое памяшканне з грамадзянамі, якія пацярпелі ад насілля, 37 забаранялі распараджацца агульнай уласнасцю).

Для папярэджання сямейна-бытавых канфліктаў на тэрыторыі горада і раёна праводзіліся спецыяльная комплексныя мерапрыемствы «Быт», «Дом без насілля» і іншыя.