Пасля рэакцыі з боку КДК мясцовым органам улады і арганізацыям удалося вырашыць шэраг надзённых праблем, з якімі сутыкаюцца грамадзяне.
Да прыкладу, больш за два гады на кантролі ў Камітэце знаходзіўся калектыўны зварот жыхароў вёскі Падыгрушша Смалявіцкага раёна аб пракладцы пешаходнай дарожкі да чыгуначнага прыпынку «Загор’е». Мясцовыя органы ўлады пастаянна прыводзілі довады пра немагчымасць выканаць гэту просьбу з-за недапушчальнасці нямэтавага выкарыстання зямельнага ўчастка. Урэшце райвыканкам знайшоў такую магчымасць.
Толькі настойлівасць КДК вобласці дазволіла адрамантаваць дах жылога дома па вуліцы Рабочы Хімік у Барысаве.
На працягу года ва ўсе званы білі работнікі ААТ «Маладзечнагандаль». Пасля аналізу звестак, выкладзеных у звароце, устаноўлена, што фінансава-гаспадарчая дзейнасць таварыства гранічна неэфектыўная і на працягу двух гадоў характарызуецца нестабільнасцю, падзеннем аб’ёмаў рознічнага тавараабароту, рэзкім зніжэннем рэнтабельнасці продажу па чыстым прыбытку, ростам выдаткаў абароту і нарошчваннем страт.
Даведзеныя мэтавыя паказчыкі не выконваліся, пры гэтым адсутнічае дакладная стратэгія далейшага развіцця, а меры і кіраўніцкія рашэнні па выхадзе на прыбытковую работу, якія прымала адміністрацыя, належнага эфекту не мелі. Яшчэ больш, неплацежаздольнасць прадпрыемства набывае ўстойлівы характар.
Па выніках праверкі ТАА «Маладзечнагандаль» да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 18 работнікаў.
Усяго за парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян за 2016 год адміністрацыйную адказнасць панеслі 22 службовыя асобы, дысцыплінарную – 28. За незахаванне тэрмінаў выплаты заработнай платы, несвоечасовасць разлікаў пры звальненні на суб’екты гаспадарання накладзены санкцыі на агульную суму 4033 рублі.
УПРАЎЛЕННЕ ЭКСПЕРТНА-ПРАВАВОЙ РАБОТЫ І ЗВАРОТАЎ ГРАМАДЗЯН КДК МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ.