Новости Молодечно и Молодечненского района

Прычына скандалаў -- асабістая непрыязнь

  • 2017-01-03 05:48:08
  • Алег Бяганскі

Нядаўна на выязным пасяджэнні суд Маладзечанскага раёна разгледзеў справу грамадзяніна Д. Мужчына абвінавачваўся ў тым, што 19 кастрычніка ў стане алкагольнага ап’янення ён пагражаў сваёй жонцы нажом. Вёў працэс суддзя Аляксей Іршын. Дзяржаўным абвінаваўцам выступіў Святаслаў Цітовіч.

Як вынікае з матэрыялаў справы, спрэчка ў сям’і ўзнікла з-за асабістай непрыязнасці мужа і жонкі. Падсудны прыйшоў дамоў п’яны. Пачалася сварка, у час якой мужчына адразу двума нажамі і пагражаў пацярпелай. Гаварыў, маўляў спачатку заб’ю цябе, а потым сябе. Крыкі пачуў сын жонкі (пасынак грамадзяніна Д.), які стаў супакойваць айчыма. Нарад міліцыі выклікала жанчына.

Трэба дадаць, што пацярпелая пакутуе ад захворвання апорна-рухальнай сістэмы і з’яўляецца інвалідам 2-й групы. Пакінуць месца здарэння ці абараніцца яна проста не магла, таму пагрозу свайму жыццю ўспрыняла як рэальную.

— Забіваць не хацеў. Думаў толькі напалохаць жонку, — даваў паказанні падсудны.
Па словах пацярпелай, у цвярозым стане грамадзянін Д. звычайны чалавек. Алкаголікам яго не назавеш. Інакш не пражылі б разам 14 гадоў. Скандалы здараюцца тады, калі муж ужывае спіртное. Пасля аднаго з такіх скандалаў мужчыну прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.

Матэрыяльных прэтэнзій да абвінавачанага жанчына не выставіла. Яна адзначыла, што ў вызначэнні меры пакарання спадзяецца на суд. Пры гэтым заявіла, што «псаваць жыццё мужу не трэба».

Падсудны прызнаў сваю віну і папрасіў у жонкі прабачэння.
— Прабачыць яго ўчынак можна. Але як аднавіць адносіны? – разважала пацярпелая.

На працэсе ў якасці сведак выступілі ўчастковы інспектар міліцыі і сын пацярпелай.

Суд узважыў усе абставіны і прыгаварыў абвінавачанага да года папраўчых работ па месцы работы з утрыманнем дзесяці працэнтаў прыбытку ў даход дзяржавы.