Здавалася б, дробязь — дарожны знак. Магчыма, многія вадзіцелі, якія праязджаюць па вуліцы Ф. Скарыны, нават не звяртаюць на яго ўвагі. Толькі не тыя, каму неабходна трапіць у гарадскую паліклініку.
Заехаць на афіцыйную стаянку, што размешчана побач, днём амаль немагчыма: яна заўсёды перапоўнена. Таму і паркуюцца многія пад забараняючым знакам, парушаючы правілы дарожнага руху, а значыць, і закон.
У публікацыі «Для каго знакі?» некаторыя выказвалі меркаванне, што забараняючы знак па вул. Ф. Скарыны не адпавядае рэчаіснасці, стварае нязручнасці для пацыентаў, таму не патрэбны. Аднак вадзіцелі, якія па розных прычынах прыехалі ў паліклініку, проста вымушаны тут спыняцца або пакідаць сваё аўто на пэўны час. Бо іншага больш зручнага месца паблізу няма.
Дык навошта ствараць для людзей лішнія праблемы? Давайце зробім крок ім насустрач і неяк пастараемся вырашыць гэту праблему. Напрыклад, абмежаваць час, калі можна пакідаць тут аўтамабіль, з 8.00 да 17.00.
Насупраць кафэ «Блюз» паркавацца не забаронена.
Так штодня звычайна выглядае ўчастак дарогі паблізу паліклінікі.
Меркавалася, што Дзяржаўтаінспекцыя падтрымае такі падыход. Але ў адказе, які рэдакцыя атрымала за подпісам начальніка Маладзечанскага РАУС В. Асіповіча, мы, на жаль, не знайшлі такой падтрымкі. Толькі канстатацыя факта і меры, якія прымаюцца да парушальнікаў: «За восем месяцаў года за парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі транспартных сродкаў на вул. Ф. Скарыны да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 39 вадзіцеляў... Адначасова паведамляем, што супрацоўнікі аддзела ДАІ Маладзечанскага РАУС па меры магчымасці выязджаюць на прылягаючую да паліклінікі тэрыторыю і ўказаны ўчастак на вул. Ф. Скарыны для прыцягнення вадзіцеляў да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі».
Што ж, закон для ўсіх адзін. Правілы дарожнага руху парушаць нельга. Напэўна, і не ўзнікла б ніякіх пытанняў, каб не адно «але…». Недзе за 300 метраў ад гэтага месца ўздоўж дарогі, бліжэй да кафэ «Блюз» — аналагічная сітуацыя. Толькі машыны там паркуюцца без парушэння правілаў дарожнага руху, бо ніякіх забараняючых знакаў з шыльдай «эвакуатар» на гэтым участку дарогі няма. Побач — два дзевяціпавярховыя інтэрнаты… І ніякіх праблем.
Тэкст і фота: Вячаслаў ТАБУЛІН