Новости Молодечно и Молодечненского района

Куды прывялі добрыя намеры

  • 2017-01-03 06:22:41
  • Аляксандр Лазоўскі

Пра гэта паведаміла газета «СБ. Беларусь сегодня» ў нумары за 27 снежня ў артыкуле пад інтрыгуючай назвай «Деревенский детектив».

Вось вытрымка з публікацыі журналіста «СБ» Віктара Панамарова.

«Хаатычнае нагрувашчванне 200-літровых бочак, разрэзаных зверху данізу: з іх відавочна вымалі змесціва. Пасярод кампазіцыі – вялікія шматкубовыя рэзервуары і нешта, што нагадвае печ. У ёй нешта ці расплаўлялі, ці пераганялі, ці палілі. Магчыма, нешта і выраблялі. Саматужна, прымітыўна, убога. Працавалі, мяркуючы па ўсім, яшчэ мінулым летам».

Вось такі бедлам спецыялісты КДК убачылі ў вёсцы Воўкаўшчына. Хаця па законе на тэрыторыі населенага пункта небяспечныя адходы не тое што перапрацоўвацца – захоўвацца не павінны. А ў Воўкаўшчыне іх і захоўвалі, і перапрацоўвалі. Праўда, якім чынам, пакуль застаецца загадкай. Як і тое, хто з’яўляўся гаспадаром саматужнага заводзіка і хто панясе адказнасць за ігнараванне прыродаахоўнага заканадаўства.

Па каментарый мы звярнуліся да начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Маладзечанскага раёна Уладзіслава Чарнова – ён у «тэме». Дарэчы, як і старшыня Красненскага сельвыканкама Валянціна Кісель.

– Гэта цэлая эпапея, – паведаміў Уладзіслаў Віктаравіч. – Такія ж бочкі былі знойдзены яшчэ ў 2011 годзе ў Красным на тэрыторыі шклозавода «Залессе», якую арандавала ПВУП «Майстар-Хауз» Дзмітрыя Барысевіча. Прадпрымальнік планаваў з адходаў 3-га класа небяспекі (маторнае і аўтамабільнае масла, рэшткі горнага воску, непрыгоднае для ўжывання дызельнае паліва, забруджаны нафтапрадуктамі грунт, прамасленае рыззё і г.д.) выпускаць вадкасць для раскладання агню, распальвання камінаў. Але добрыя намеры такімі і засталіся. За неналежнае захоўванне інспекцыя
аштрафавала грамадзяніна, бочкі ён вывез…

Аказалася, вывез у Воўкаўшчыну, бліжэй да сядзібы сваёй маці. Тут і паспрабаваў наладзіць «перапрацоўку» метадам перагонкі вадкай фракцыі і спальваннем цвёрдай. Як ішоў гэты працэс у цёплую пару года, цяпер, зімой, можна толькі здагадвацца. Як і пра тое, наколькі адпавядаў ён экалагічным патрабаванням…

Сёлета аўтару гэтых радкоў давялося пабываць у Крупскім раёне, дзе пачало дзейнічаць сучаснае прадпрыемства па перапрацоўцы адпрацаваных нафтапрадуктаў. Яно і саматужная вытворчасць у Воўкаўшчыне – нібы неба і зямля.
Словам, ёсць у каго вучыцца, з кім працаваць, а не перакладаць вельмі спецыфічную справу перапрацоўкі і абясшкоджання адходаў на сумніўныя фірмы.

У нас нямала кантралёраў і правяраючых, нямала арганізацый, якія закліканы стаяць на варце закона, абараняць і чалавека, і прыроду. Урэшце, ад стану апошняй наўпрост залежаць здароўе і жыццё першага. Хочацца верыць, што кропкі над «і» ў гэтай гісторыі будуць расстаўлены раз і назаўсёды. Каб такое не паўтарыліся нідзе і ніколі.