05.07.2018 9:34

Не крадзі электраэнергію!

«Энергазбыт» выяўляе парушэнні правілаў карыстання электраэнергіяй.

Майстар Мікалай Косік правярае нагрузку на ўваходзе ў жылы дом. Майстар Мікалай Косік правярае нагрузку на ўваходзе ў жылы дом. "Маладзечанская газета"

Тэхніку абаненцкай службы Маладзечанскага міжраённага аддзялення філіяла «Энергазбыт» РУП «Мінскэнерга» Вользе Тукайла і майстру Мікалаю Косіку амаль штодня даводзіцца сутыкацца з фактамі парушэння спажыўцамі правілаў карыстання электраэнергіяй.

Праверкі выяўляюць несанкцыянаваныя падключэнні, парушэнні пломбаў на прыборах уліку, спробы паўплываць на работу электралічыльнікаў, зрабіць адпайкі ад уводаў у дом альбо кватэру… Спосабы бываюць самыя розныя, але мэта адна – бясплатна карыстацца электрычнай энергіяй. Хаця, як паведамілі мае субяседнікі, законам пакаранне за такія дзеянні ўстаноўлена не жартоўнае. Сума штрафу залежыць ад памеру кабелю – чым большае яго сячэнне, тым больш току па ім праходзіць; формула карыстання электрычнасцю ўключае ў сябе ўсе 24 гадзіны сутак. Самая радыкальная мера – адключэнне несумленнага спажыўца ад энергасістэмы з саліднай платай за наступнае падключэнне. Словам, крадзеж электрычнасці задавальненне не таннае, учынак не прыстойны.

Такую інфармацыю пачуў у час рэйду па горадзе. Удалося наведаць некалькі адрасоў, якія на асаблівым уліку у работнікаў Энерганагляду. І хаця ў той дзень асабліва «хітрых» злоўжыванняў выявіць не атрымалася (найбольшы эфект ад праверак назіраецца ў вячэрні час), без складання актаў не абышлося. Так, у адным з дамоў па Лібава-Роменскай электралічыльнік эксплуатаваўся з парушанай пломбай. А гэта недапушчальна ў прынцыпе.

– Толькі ў чэрвені ў горадзе і раёне складзена 8 актаў на злосных парушальнікаў правілаў карыстання электраэнергіяй. Сума выпісаных штрафаў склала 4361,02 рубля, – прывяла статыстыку Вольга Васільеўна. – Хаця мэта нашых праверак заключаецца найперш не столькі ў выкрыцці парушальнікаў і пакаранні іх, колькі ў прафілактыцы, растлумачальнай рабоце. І толькі калі не ўспрымаюцца словы, на першы план выходзяць канкрэтныя дзеянні. А як вядома, пад «напружанне» закона лепш не трапляць.


Прочитано 2963 раз
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.