Да гэтага ён займаў аналагічную пасаду ў Смаргонскім раёне.
— У праваахоўнай сістэме працую ўжо 20 гадоў, — гаворыць Алег Іосіфавіч. — Увесь час займаўся прафілактыкай і раскрыццём эканамічных злачынстваў. Прайшоў шлях ад аператыўніка да начальніка АБЭЗ Смаргонскага РАУС. Сам са Смаргоншчыны. Закончыў Ашмянскі юрыдычны каледж і акадэмію МУС.
Дзяржаўная граніца праходзіць недалёка ад Смаргонскага раёна. Таму А. Кляпацкі вялікую ўвагу надаваў папярэджанню і спыненню кантрабанды, выяўленню іншых парушэнняў мытнага заканадаўства. Яго падначаленыя сумесна з пагранічнікамі знаходзілі тайнікі з тытунёвымі вырабамі ў транспартных сродках. Кошт некаторых партый кантрабанды перасягаў 400 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.
Сярод іншых задач супрацоўнікаў фінансавай міліцыі былі процідзеянне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і раскрыццё схем незаконнага ўвозу транспартных сродкаў на тэрыторыю Беларусі. Вельмі важным у рабоце было супрацоўніцтва з літоўскімі калегамі.
— Падраздзяленне, якое я ўзначаліў, адказвае за Маладзечанскі, Вілейскі, Валожынскі і Мядзельскі раёны, — працягвае Алег Іосіфавіч. – У рэгіёна вялікі эканамічны патэнцыял, тут зарэгістравана значная колькасць суб’ектаў гаспадарання. Некаторыя прадпрыемствы арыентаваныя на экспарт. Па чыгунцы і аўтатрасах праходзіць транзіт. Таму дзейнасць фінансавых міліцыянераў мае сваю спецыфіку.
А. Кляпацкі ўпэўнены, што аддзел паспяхова справіцца з пастаўленымі задачамі. Залог таму — кампетэнтнасць супрацоўнікаў, іх гатоўнасць пастаянна павышаць кваліфікацыю, самаўдасканальвацца. Гэта дапамагае на некалькі крокаў апярэджваць злачынцаў, выводзіць іх на «чыстую ваду». Дарэчы, многія міліцыянеры выдатна праявілі сябе ў час службы. На іх рахунку нямала раскрытых спраў.
— Большасць прадпрымальнікаў і кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання ў Беларусі – сумленныя людзі, якія паважаюць закон, своечасова плацяць падаткі, не ўтойваюць прыбытак. Эканамістаў у пагонах ім баяцца не трэба. А вось аматарам нажывы я не раіў бы гуляць у фінансавую рулетку, — падкрэсліў Алег Кляпацкі.
Алег Іосіфавіч мнагадзетны бацька: у яго дзве дачкі і сын. Жонка працуе настаўніцай музыкі ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лясная паляна» (Смаргонскі раён). Цяпер яна ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Любімае захапленне начальніка міжраённага аддзела – паляванне.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.