Аконных спраў «майстар»
...Прараб Г. будаўнічага ўчастка аднаго з маладзечанскіх таварыстваў з абмежаванай адказнасцю абяцаў вырабіць і ўстанавіць пластыкавыя вокны семярым жыхарам Маладзечанскага, Валожынскага і Воранаўскага раёнаў. Ён сабраў з кліентаў больш чым сто шэсць мільёнаў недэнамінаваных рублёў, загадзя не маючы намеру выканаць узятыя на сябе абавязацельствы. Падманутыя людзі заявілі ў міліцыю.
Маладзечанскім аддзелам Следчага камітэта па фактах ашуканскіх дзеянняў прадпрымальніка была распачата крымінальная справа па артыкуле 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (махлярства, учыненае ў буйным памеры).
У працэсе следства, яшчэ да суда, грамадзянін Г. вярнуў доўг сваім заказчыкам і часткова крэдыторам. 24 жніўня 2016 года суд Маладзечанскага раёна, улічваючы ўсе абставіны справы, за завалодванне маёмасцю шляхам злоўжывання даверам (махлярства), учыненае паўторна ў буйным памеры, прызначыў падсуднаму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады з адтэрміноўкай выканання прыгавору на 3 гады.
Прысуд абскарджаны не быў і 6 верасня 2016 года ўступіў у законную сілу.
На руках павінен застацца дагавор і чэк
У Маладзечанскім раёне вырабам, продажам, устаноўкай вокнаў займаецца нямала арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў.
Вам неабходна замяніць вокны на шклопакеты? Калі ласка. Перш за ўсё, напэўна, трэба пачаць з рэкламных аб’яў – хто, што і на якіх умовах прапануе. Затым патэлефанаваць выканаўцу работ, папярэдне абгаварыць цану, тэрміны выканання заказу, даведацца пра бонусы і г.д. А вось пра перадаплату, як кажуць, больш падрабязна.
Па-першае, з вамі заключаць дагавор будаўнічага падраду, у якім будуць указаны адпаведныя рэквізіты. Па-другое, неабходна ўважліва прачытаць дагавор, з якога можна даведацца, патрэбна перадаплата ці не, яе памер. Даведаецеся таксама прозвішча работніка фірмы, які прымае заказ, выдае чэк аб аплаце. З атрыманнем копіі дагавора і чэка вы застрахаваны ад усялякага падману. Гэта значыць, у выпадку невыканання ці няякаснага выканання заказу вы можаце вярнуць грашовыя сродкі, а ў выпадку невяртання звярнуцца ў суд. Копія дагавора і чэк аб унясенні грошай стануць доказам у судзе.
Вацлаў ДОШЧАЧКА.