08.11.2018 9:05

Шчаслівая пуцёўка ў жыццё. Ніна Станевіч

Стагоддзе ВЛКСМ натхніла многіх былых камсамольскіх актывістаў сазваніцца з сябрамі маладосці, разам перагарнуць альбомы з фотаздымкамі. Сярод тых, хто сустрэў векавы юбілей ВЛКСМ як значную вяху сваёй біяграфіі, – кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, былы намеснік старшыні ААТ «Палачаны» па ідэалагічнай рабоце і будаўніцтве, а цяпер стараста вёскі Груздава, наша актыўная чытачка і добрая сяброўка Ніна Станевіч.

Шчаслівая пуцёўка ў жыццё. Ніна Станевіч "Маладзечанская газета"


Кукуруза – каралева палёў

— Я ўступіла ў камсамол, калі вучылася ў Палачанскай школе, — вяртаецца ў юнацтва Ніна Аляксандраўна. — У 16 гадоў яе закончыла і пайшла працаваць у калгас. Далі мне камсамоль-
скае даручэнне: узначаліць кукурузаводчае звяно з 15 дзяўчат, усе родам з маёй роднай вёскі Зоранькі. З якім запалам мы працавалі, як даглядалі сваю кукурузу! Кожнае каліўца неабсяжнага поля палівалі арганікай кубкам з вядра. І наша кукуруза аддзячыла небывалым ураджаем – 750 цэнтнераў з гектара. А мяне як перадавую звеннявую запрасілі на рэспубліканскі злёт маладых кукурузаводаў.

Было гэта ў 1958 годзе. Ніна ўпершыню трапіла ў сталіцу. У Зораньцы яшчэ не было электрычнасці, а Мінск – увесь у агнях. Дзяўчаты любаваліся вячэрнім горадам з балкона гасцініцы, а на развітанне спявалі: «Прощай, любимый город! Уходим завтра в море». Толькі іх «морам» было бяскрайняе кукурузнае поле…  

А роўна праз дзесяць гадоў Ніна Станевіч атрымала Ганаровую грамату з рук міністра сельскай гаспадаркі БССР Сцяпана Скарапанава як  лепшая звеннявая на вырошчванні лёну. Ёй было прысвоена званне «Лепшы палявод раёна».

«У цябе будзе добры лёс!»

Ніна Аляксандраўна і сёння нібыта чуе гэтыя словы вядомага палітычнага дзеяча Сяргея Прытыцкага. Сустрэчу з ім арганізавала Клара Філіпава, якая на той час працавала бібліятэкарам, а пазней — старшынёй Палачанскага сельсавета. Ніне Станевіч выпаў гонар вітаць высокага госця.
— Я самая маладая сярод вас, мне 16 гадоў, — пачала сваё выступленне дзяўчына і бойка расказала аб слаўных справах камсамольцаў.

А пасля сустрэчы Сяргей Восіпавіч падышоў да Ніны і з цеплынёй у голасе сказаў: «Маладзец, дзяўчынка! У цябе будзе добры лёс!»

З удзячнасцю ўспамінае Ніна Аляксандраўна сваіх школьных настаўнікаў Міхаіла Абрамовіча і Надзею Яцукевіч, якія далі не толькі веды, але і паўплывалі на яе лёс, настаялі, каб яна вучылася далей. Настаўніцай па жыцці лічыць і Клару Філіпаву, якая для яе заўсёды была прыкладам бескарыслівага служэння людзям.

Як сельская дзяўчына тэатралаў здзівіла

Разам з другім сакратаром райкама партыі Вячаславам Ляшковічам Ніна Станевіч трапіла на з’езд Беларускага тэатральнага таварыства. Там яе выбралі ў прэзідыум, пасадзілі побач з Пятром Машэравым, запрасілі з трыбуны прывітаць з’езд ад імя сельскай моладзі. Сваё выступленне камсамолка падрыхтавала на беларускай мове. Наступным выступоўцам быў вядомы акцёр Мікалай Яроменка-старэйшы. Ён пахваліў Ніну за прыгожую беларускую мову і папрасіў прабачэння, што сам будзе звяртацца да слухачоў на рускай.

— А мне было дзіўна, што ніводны з беларускіх тэатралаў на роднай мове не выступаў, — прызнаецца Ніна Аляксандраўна.

Што тычыцца культурнага жыцця, то яно ў сельскай мясцовасці біла струменем. Часта прыязджалі артысты з райцэнтра і нават са сталіцы, але і мясцовая моладзь ладзіла канцэрты, ездзіла з імі па вёсках.

— Мы нават акрабатычныя нумары ставілі, — з усмешкай гаворыць мая субяседніца. – У нашай Зораньцы такія дзяўчаты галасістыя! Днём напрацуемся, але вечарам усё роўна збіраемся і песні спяваем, танцуем…

«Мы прыйшлі ад родных ніў»   

Яшчэ адна яркая падзея жыцця – удзел у рабоце пленума ЦК ЛКСМ Беларусі, прысвечанага 50-годдзю Ленінскага камсамола. Дэлегацыя нашага раёна ўключала 55 лепшых камсамольцаў, сярод якіх Рыгор Хаткевіч, Надзея Капцюг, Яўгенія Русецкая, Мікалай Бутар, Лідзія Купрэвіч, Ала Пякарская і іншыя. Узначальвала яе першы сакратар райкама ЛКСМБ Аляксандра Захарэўская. На нашу дэлегацыю была ўскладзена ганаровая місія вітаць пленум ад імя сельскай моладзі рэспублікі. Было некалькі рэпетыцый у Палацы спорту, дзе праходзіла ўрачыстасць. Юнакі і дзяўчаты былі апрануты ў новенькае спецадзенне, даяркі ішлі з вёдрамі, паляводы – са снапамі і агароднінай, механізатары — з гаечнымі ключамі.

— А нас з Ліліяй Лоскай, камсамольскім важаком улікова-планавага тэхнікума, прыбралі ў нацыянальныя касцюмы. А якія прыгожыя прычоскі нам зрабілі лепшыя сталічныя цырульнікі! – расказвае мая субяседніца. — Лілія ўручала хлеб-соль Пятру Машэраву, а я ў гэты час вітала шасцітысячную залу. Маё выступленне было доўгім, вывучыла яго назубок, не заглядвала ў паперку. І цяпер памятаю пачатак: «Мы прыйшлі з бяскрайніх палеткаў і родных ніў, каб вітаць вас ад імя працаўнікоў зямлі, ад імя маладых хлебаробаў. Мы прынеслі сюды самае вялікае багацце чалавека – хлеб». Пасля гэтых слоў вялікая зала ўстала і доўга нам апладзіравала.

А яшчэ мая субяседніца прыгадвае, як, уражаныя маштабнасцю форуму, маладзечанцы гаварылі паміж сабой: «Эх, вось каб дажыць да 100-годдзя камсамола!». Гэта дата здавалася такой далёкай…

«Я жыла ў залаты век»

Так гаворыць Ніна Аляксандраўна пра сваё жыццё.

— Вайну я не памятаю, хаця і нарадзілася ў яе разгар. А вось сваю радасць ад вяртання таты з вайны запомніла на ўсё жыццё. Я не ведала голаду – у нас заўсёды была свая гаспадарка. Хаця і працавалі цяжка, але кавалак хлеба, бульба, малако на стале не зводзіліся. Не спешчаныя прысмакамі ды ўборамі, мы ў дзяцінстве ўмелі цаніць кожную дробязь. Для мяне была такая радасць апрануць на свята паркалёвую блакітную сукенку, якую я вельмі любіла…

А ў юнацтве камсамол стаў для мяне сапраўднай школай, даў імпульс для стараннай вучобы, сумленнай працы. Ён навучыў мяне будаваць стасункі з людзьмі, паважаць старэйшых, цаніць сапраўдных сяброў, з якімі я шмат дзесяцігоддзяў разам. Камсамол – мая шчаслівая пуцёўка ў жыццё…

Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў Ніны СТАНЕВІЧ, Аляксандры ЗАХАРЭЎСКАЙ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/perekrestki-zhizni/item/3544-shchaslivaya-putsjo-ka-zhytstsjo-nina-stanevich.html#sigProId1e7026aaf2
Прочитано 826 раз Последнее изменение 08.11.2018 9:05
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.