30.03.2018 14:19

У Будслаў, да Маці Божай Будслаўскай

Дзясяткі тысяч людзей з Беларусі і Польшчы, Украіны і Расіі, прыбалтыйскіх краін штогод ідуць і едуць на Мядзельшчыну, у беларускую вёску Будслаў. Пілігрымы розных канфесій, нацыянальнасцей і ўзросту рушаць па гэтым шляху ўжо чатырыста гадоў, пакаленне за пакаленнем. Мяняюцца часы, а папулярнасць Маці Божай Будслаўскай у народзе расце. Вернікаў вабіць яе абраз, вядомы шматлікімі цудамі і ласкамі.

Першы цуд апісаны ў 1617 годзе, калі сляпы хлопчык Ёзафат Тышкевіч стаў відушчым. Пазней гэта дзіця стала вядомым айцом-кармелітам.

Сёння Маці Божая Будслаўская аб’яўлена апякункай Беларусі. Колькасць публічных пілігрымак расце. Яшчэ нядаўна яны арганізоўваліся святарамі раз на год, падчас ліпеньскага свята ў гонар будслаўскай Мадонны. А цяпер у першую суботу кожнага месяца ад Мінскага касцёла святых Сымона і Алены ад’язджае аўтобус з выявай абраза залацістага колеру. Яго пасажыркай пашчасціла стаць і мне.

Нон-стоп круглы год

Да гэтага я мела магчымасць пайсці ў Будслаў толькі пешшу. Упершыню накіравалася туды пятнаццаць гадоў таму, выйшаўшы летнім ранкам у калоне парафіян ад Мінскага архікафедральнага касцёла. За пяць дзён трэба было даволі шпаркай хадой адолець 150 кіламетраў. Мае нязвыклыя ногі даволі хутка пакрыліся крывавымі мазалямі, кожны крок – нібы па лязе. Усё цела ламала ад стомленасці. Гэтыя пакуты прынеслі, аднак, жаданы плён. Я атрымала той дар, аб якім прасіла ў Маці Божай, перагледзела і пераасэнсавала сваё жыццё. Дарога стала магутным, хоць і жорсткім гартаваннем. Што б са мной потым ні здаралася, я сабе казала: «У пілігрымцы было цяжэй».

Мінулі гады, а я ўвесь час была ўдзячная арганізатарам за лёсавызначальнае падарожжа. І адчувала, што мне неабходна наведаць Будслаў зноў. Але штораз выпадала магчымасць адправіцца туды толькі пешшу, а сілы былі ўжо не тыя… І вось калі аднойчы па справах апынулася ў Мінску, на дзвярах Чырвонага касцёла заўважыла аб’яву пра паездкі. Якая гэта была радасць: дабрацца ранішняй электрычкай у сталіцу і сесці нарэшце ў запаветны аўтобус!

… У салоне пераважная большасць пасажыраў – жанчыны рознага ўзросту. Ёсць некалькі мужчын, маладая сямейная пара, дзяўчынка з мамай, хлопчык з татам.

– Падніміце руку, хто едзе ў Будслаў упершыню, – звярнуўся да нас кіраўнік падарожжа Уладзімір Вайцяховіч, які супрацоўнічае з касцёлам святых Сымона і Алены.

Ніхто не падняў рукі. Адолеўшы гэты шлях аднойчы, людзі вяртаюцца на яго зноў. Маюць такую неабходнасць і патрэбу.

За апошнія два гады спадар Уладзімір звазіў у святое месца каля тысячы чалавек.

– Бог даў мне ласку вялікай любові да Божай Маці, – гаворыць мужчына. – Аднойчы я з’ездзіў у Будслаў і падумаў, што трэба распаўсюджваць пашану да яе сярод людзей. Гэтай ініцыятыве спрыяў пробашч Чырвонага касцёла айцец Уладзіслаў Завальнюк, натхняла і падтрымлівала спадарыня Ірына Жук, актыўная ўдзельніца парафіяльнага жыцця нашага храма.

Уладзіславу Завальнюку належаць такія словы: «Пілігрымкі маюць вялікую духоўную значнасць. Сам рух вернікаў можна параўнаць з рухам крыві ў арганізме чалавека. Гэта працэс абнаўлення, працэс жыцця! Той, хто раз-другі пайшоў у пілігрымку, заўсёды жадае ісці яшчэ. Гэта паказвае, што дзейнічае нейкі вышэйшы дух. Будслаў не павінен быць цэнтрам толькі раз на год – нон-стоп круглы год! Хто пажадаў наведаць Маці Божую – сеў на аўтобус і паехаў».

Нястомны святар нават арганізоўваў пералёты з Мінска ў Будслаў на верталёце. А вось і ён сам, вясёлы і па-ранішняму бадзёры. Заходзіць у салон аўтобуса сказаць на дарогу некалькі цёплых слоў. Просіць маліцца за рэстаўрацыю касцёла, патрэбы парафіі, нашы сямейныя справы. Нарэшце айцец Уладзіслаў благаслаўляе пілігрымку і выходзіць. Паехалі...

«Вера твая выратавала цябе»

Аўтобус імчыць праз лес. У кожнага з нас свая гісторыя, свае радасці, перажыванні і надзеі. Мы ўсе молімся за здароўе адной з пасажырак, якая пакутуе ад анкалогіі ў цяжкай форме.

Безумоўна, мы толькі людзі, прычым грэшныя. Мы не ведаем нябеснай волі і часу, калі каму Бог прызначыў сустрэчу з Ім. Не можам даць ніякіх гарантый. Але існуе шмат сведчанняў аздараўлення ля абразоў і фігурак Маці Божай. Мяркуецца, што для гэтага патрэбна навяртанне. Калі аздараўленне адбылося без навяртання, тады давядзецца нечым ахвяраваць.

– З кожнай малітвай наша духоўная сітуацыя змяняецца ў лепшы бок, хоць на нейкім этапе мы гэтага не бачым, – пераканана спадарыня Ірына Жук, адна з арганізатараў падарожжа.

Маці Ірыны працавала медсястрой у адным з аддзяленняў інфекцыйнай бальніцы. Яна разбірала вынікі аналізаў вельмі хворых людзей. Некаторыя з гэтых пацыентаў пілі ваду, асвечаную ў Будславе. Пасля гэтага паказчыкі відавочна паляпшаліся.

Бухгалтар з Мінска Марына Лыскова выпраўляецца ў шлях, каб умацаваць веру, атрымаць дар любові і мудрасці і перадаць гэта сваім сынам.

– Наш род заўсёды жыў з верай, – расказвае спадарыня Марына. – Мая бабуля казала: «Усё зямное несапраўднае, часта змяняецца». У ваенны час бабуля жыла ў Мінску, тату было пяць гадоў. Горад акупіравалі ворагі. У хату да бабулі зайшлі гестапаўцы, убачылі чарнавалосую жанчыну з дзіцём, вырашылі, што гэта яўрэі. Вызначылі: расстрэл! Але ў вялікім пакоі афіцэр-гестапавец звярнуў увагу на ікону Маці Божай Астрабрамскай. Перахрысціўся і спытаў: «Католікі?» — «Так». Фашысты пайшлі, а бабуля дзякавала Богу. Таму Нябесная Заступніца шануецца ў нашай сям’і.

Я расказваю спадарожніцы пра аналагічны выпадак. Падчас вайны мой чарнавалосы дзед Ясюк быў пераняты немцам, які адразу запытаў: «Юдэн?». Дзед дастаў крыжык, пацалаваў, і супастат быў вымушаны адпусціць ахвяру. Так вера непасрэдна выратавала людзей.

На Мінск у той час ляцелі бомбы, сотні будынкаў развальваліся, як картачныя домікі. Бабуля спадарыні Марыны разам з суседкамі абышла з малітвамі Чырвоны касцёл, просячы Бога аб захаванні ад разбурэння. Цуд адбыўся: сярод агульнага хаосу храм застаўся цэлым!

Пасля шырокавядомы і шматпакутны паэт Сяргей Грахоўскі, беларускі Салжаніцын, у сваёй кнізе «Крыжавы шлях» напіша: «З трывогамі блукаю па руінах Мінска... Чатыры гады бамбёжак вытрывалі толькі Дом урада, Чырвоны касцёл і гарадская турма».

«Я не ведаю, ці захоча гэтага Бог»

Пілігрымкі ў нашым аўтобусе адбываюцца ў першую суботу кожнага месяца. Такі час абраны невыпадкова. Сто гадоў таму Марыя з’явілася ля партугальскай вёскі Фацімы. Яна папярэдзіла людзей аб хуткай рэвалюцыі ў Расіі, распаўсюджванні памылак гэтай краіны па ўсім свеце, ганеннях веры, Другой сусветнай вайне, людскіх ахвярах, замаху на жыццё Папы Рымскага. На працягу стагоддзя збылося ўсё.
У аўтобусе пасажырам раздалі спеўнікі пілігрыма, і мы спявалі гадзінкі аб беззаганным зачацці Найсвяцейшай Панны: «Будзь да нас, Маці, міласэрнай, вернай дапамогай». Молімся аб благаславенні нашай краіны і народа, аб тым, каб праз прысвячэнне сябе беззаганнаму сэрцу Марыі мы маглі выгнаць злога духа.

І вось наперадзе бачныя велічныя вежы будслаўскага храма. Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі, узор віленскага барока, прызнаны адным з сямі цудаў Беларусі. Ён гасцінна прымае ўсіх. Тут можна напісаць запіску з просьбамі да Маці, перадаць пажаданні блізкіх, паспавядацца. Мясцовы святар цёпла вітае падарожнікаў і пачынае імшу. Вядома, усе імкнуцца памаліцца перад цудадзейным абразам. Дакладна ведаю: адна жанчына з нашай групы падчас гэтай службы аздаравілася ад дэпрэсіі, ад якой пакутавала шмат гадоў.

– Мне не дапамагалі ні дактары, ні лекі, – расказала яна. – Я жыла на антыдэпрэсантах, але яны толькі прыглушалі душэўны боль з-за вялікай даўняй крыўды. Быў час, што я не хацела жыць. А падчас споведзі зразумела: тое, што здавалася мне такім важным, было  зусім непатрэбным. Калі я наблізілася да цудадзейнага абраза, то пры думцы пра сваё гора проста развесялілася. Як я магла так доўга бедаваць аб непатрэбшчыне?

Ужо толькі з-за аднаго гэтага трэба было б напісаць артыкул, каб людзі больш шанавалі будслаўскі абраз!
На імшы ксяндзу прыслужвае хлопчык з нашага аўтобуса, які прыехаў з татам. Пасля службы маленькі пілігрым расказаў мне пра сябе. Максіму Сапожнікаву дзевяць гадоў. Ён жыве ў Мінску і служыць у касцёле Святога Роха. Двойчы хадзіў у Будслаў пешшу, дзесяць разоў ездзіў. Хлопчык шчыра любіць Марыю і хацеў бы стаць пробашчам у марыінцаў.

– Але я не ведаю, ці захоча гэтага Бог, – мудра разважае дзіця.
Тату Максіма завуць Яўгеніем. Па прафесіі ён юрыст, але пакуль беспрацоўны. Сямейнае жыццё не зладзілася. Мужчына ездзіць у Будслаў з просьбамі аб уз’яднанні сям’і і дапамозе сыну.

— Гэта ўзмацняе, – гаворыць Яўгеній. – Мы тут пад апекай Маці Божай Будслаўскай. Не хочацца вяртацца назад у свет.

За рулём – Хрыстос

Будслаўскі касцёл – цудоўны прытулак. Праўда, вельмі халодны. Каменны будынак ніяк не ацяпляецца, таму ў памяшканні халадней, чым на вуліцы. Кіраўнікі падарожжа загадзя паклапаціліся пра нас, папрасіўшы апрануцца як мага цяплей. Таксама і мясцовы пробашч спрыяе замерзлым гасцям. Пасля набажэнства ўсе ідуць у плябань. Там для пілігрымаў падрыхтаваны доўгі стол, засланы белым абрусам. Нам прыносяць некалькі чайнікаў з гарачай гарбатай. Вандроўнікі дастаюць свае бутэрброды, пячэнне, цукеркі, частуюць адзін аднаго. Такая арганізацыя паездкі не патрабуе вялікіх затрат. Лю-
дзям ёсць дзе адпачыць, сагрэцца, падсілкавацца.

Пасля абеду ўсе вяртаюцца ў касцёл, каб яшчэ раз пабыць ля абраза, асвяціць тут ваду, ружанцы. Нарэшце вернікі сядаюць у аўтобус.

На зваротнай дарозе пасажыры бяруць мікрафон і чытаюць пранікнёныя вершы пра свой шлях да Бога і жыццё святых, расказваюць пра цуды ў іх жыцці.

– Ехалі мы неяк зімой з сяброўкай у легкавіку, – успамінае Ірына Жук. – Трымалі шлях у Чанстахоў. Машыну вяла сяброўка. Нас заспеў снегапад. Такі моцны, што яна перастала бачыць дарогу і запанікавала. Я супакоіла сяброўку і сказала: «Цяпер за рулём будзе Хрыстос. Ты проста даверся Яму і едзь далей». Мы пачалі маліцца. Потым высветлілася, што мы ўвесь час рухаліся правільна.

Другім разам спадарыня Ірына ехала зімой на грузавіку ў Сініла. Трэба было адолець дзве ле-
дзяныя горкі. Уніз машына з’ехала добра, а ўверх – аніяк. Праедзе метр – і скоціцца ўніз. Падпіхнуць грузавік жанчына не магла. Спыніліся. Пачалі маліцца. Іх абагнаў легкавік. За рулём была дзяўчына. І тая ніяк не магла заехаць на горку.

– Дапаможам хоць ёй, – прапанавала Ірына свайму вадзіцелю.

Удваіх падпіхнулі легкавік, і той адолеў пад’ём. Аказалася, што дзяўчына жыла ў гэтай вёсцы. Яна пайшла дадому, прынесла вядро з попелам і пасыпала горку. Цяпер грузавік таксама змог падняцца.

– Дапамагла нам малітва адолець горкі і па дарозе назад, – гаворыць субяседніца. – Вера горы зрушвае.

Кіламетраў за трыццаць ад сталіцы наш аўтобус спыняецца, вадзіцель выходзіць. Спачатку мы не звяртаем на гэта ўвагі, па-ранейшаму размаўляем. Але праходзіць палова гадзіны, га-
дзіна, а аўтобус усё стаіць. Аказваецца, зламаўся. Вадзіцель ніяк не можа справіцца. Мы знаходзімся пасярод заснежанага лесу. Хутка цямнее. Я разумею, што прапусціла адзін цягнік на Маладзечна, другі, трэці…

Ці нервавалася я? Не! Ніколі мне не было так утульна. Хацелася застацца ў гэтым аўтобусе як мага даўжэй. І наогул – жыць у пілігрымцы.

Але пасажыры ўзяліся дружна чытаць моцныя малітвы, спяваць псалмы. Неўзабаве вадзіцель вярнуўся, завёў матор, і мы ўдала завяршылі падарожжа.

Інеса СВАТОК. Фота: АЎТАР.

Прочитано 18074 раз
Соб. инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.