10.03.2018 9:54

Вольга Буртыс: «Мне пашчасціла працаваць з Машэравым»

Адразу пасля вайны маладзечанка Вольга Буртыс працавала ў Маладзечанскім абкаме камсамола, які ўзначальваў Пётр Машэраў.

У Беларусі 18 лютага адзначылі 100-годдзе з дня нараджэння гэтага выдатнага палітычнага дзеяча. У нашым горадзе яго іменем названа вуліца, на якой ён некалі працаваў.

Вользе Буртыс 94 гады. Нягледзячы на такі паважны ўзрост, яна выдатна памятае падзеі далёкай маладосці, сама патэлефанавала ў рэдакцыю, каб падзяліцца ўспамінамі пра Машэрава. Адразу пасля вайны Вольга закончыла савецка-партыйныя курсы ў Паставах, затым працавала сакратаром-машыністкай у Маладзечанскім абкаме камсамола, першым сакратаром якога быў Пётр Машэраў. Вольга Цярэнцьеўна расказвае, што на той час маладзёжная арганізацыя знаходзілася ў старым польскім доме непадалёк ад стадыёна на цяперашняй вуліцы Чкалава. Пяць машыністак размяшчаліся ў невялікім пакоі, праз які трэба было прайсці, каб трапіць у кабінет Машэрава. Цікава, што дзяўчаты, пакуль знайшлі жыллё, начавалі на рабоце. Працавалі з дзевяці раніцы да дзесяці вечара, а часам і пазней. У выхадныя дні выходзілі на добраўпарадкаванне горада, які быў моцна разбураны пасля вайны. Сярод аб’ектаў, на якіх дружна працавала моладзь, – кінатэатр «Камсамолец». На асноўнай рабоце Вольга і яе сяброўкі друкавалі шматлікія дакументы, пастановы, дырэктывы, справаздачы, размнажалі іх на рататары і распаўсюджвалі па камсамольскіх арганізацыях. Зарплата была вельмі сціплай, а хлеб выдавалі па картках – 300 грамаў на суткі. Бывала, што акрамя яго ніякай ежы не было…

Неўзабаве абкам камсамола перамясцілі на трэці паверх былых польскіх казарм у Гелянове (цяпер там вучэбны корпус політэхнічнага каледжа), а Вольгу прызначылі загадчыцай асобага сектара, пад яе кіраўніцтвам працавалі сакратары-машыністкі. «Відаць, Пётр Міронавіч заўважыў мае арганізатарскія здольнасці і стараннасць», — разважае мая субяседніца. Вольга адказвала за правільнасць усёй дакументацыі, яе своечасовую дастаўку ў самыя аддаленыя кропкі Маладзечанскай вобласці. Успамінаючы Машэрава, субяседніца гаворыць, што быў ён заўсёды спакойным і добразычлівым, нягледзячы на цяжкі пасляваенны час, выглядаў акуратна, быў прыкладам для іншых. Вольга вучылася на савецка-партыйных курсах разам з Кацярынай, сястрой яго жонкі Паліны Андрэеўны. Каця таксама нейкі час працавала ў Маладзечне, Вольга сябравала з ёю, нават разам заходзілі да Машэравых. Успамінае, што жылі яны сціпла, у кватэры не было нічога лішняга. Між тым пастаянна давалі прытулак сваякам: разам з імі жылі дзве сястры Пятра Міронавіча і Кацярына. У іх часта спыняліся і камандзіраваныя па камсамольскай лініі: у горадзе на той час не было гасцініцы. Пазней у сваіх успамінах Паліна Андрэеўна пісала, што каб не бульба – вараная, смажаная, то не было б чаго ставіць на стол…

Щмат працаваў, быў патрабавальным

«Пётр Міронавіч вельмі шмат працаваў сам і быў патрабавальны да падначаленых, — успамінае Вольга Цярэнцьеўна. – Часта адпраўляў сваіх работнікаў у камандзіроўкі ў калгасы для стварэння камсамольскіх арганізацый. Мог сказаць: «Заўтра едзеш!». І адмовіцца было нельга. А пасляваенны час быў вельмі неспакойны: у лясах шмат дэзерціраў, нават здараліся выпадкі забойства савецкіх актывістаў».

У 1948 годзе Вольга выйшла замуж за Паўла Буртыса, які, як і Пётр Машэраў, ваяваў з фашыстамі ў партызанскім падполлі, быў другім сакратаром Ашмянскага падпольнага райкама камсамола. А ў пасляваенны час менавіта Пётр Міронавіч прызначыў Буртыса другім сакратаром Ашмянскага РК ЛКСМБ, гэта была яго першая пасада ў мірны час. Машэраў аднойчы даў даручэнне Буртысу даставіць у яго кабінет з Ашмян сякую-такую мэблю. Машын не было, запрэглі каня ў воз. Дарога была далёкая, Пётр Міронавіч клапатліва сабраў для Паўла лусту: кавалак чорнага хлеба і шматок сала…

Вось з такіх незабыўных штрыхоў і складваецца вобраз кіраўніка нашай рэспублікі, пра якога з вялікай любоўю і павагай успамінаюць тыя, хто жыў і працаваў побач, ведаў яго асабіста. Ён стаў прыкладам вернага служэння сваёй Радзіме для многіх суайчыннікаў, сярод якіх Вольга і Павел Буртысы. Светлы вобраз Пятра Міронавіча яны пранеслі праз усё жыццё. Павел Еўдакімавіч займаў кіруючыя пасады ў нашым горадзе, быў загадчыкам аддзела абкама камсамола, намеснікам начальніка аўтакалоны, намеснікам дырэктара камбіната хлебапрадуктаў. Вольга Цярэнцьеўна пайшла на пенсію з пасады начальніка аддзела кадраў трэста «Маладзечнасельбуд». Трыццаць гадоў як пахавала мужа, але прысутнасці духу не страчвае, шмат гадоў удзельнічала ў клубным аб’яднанні «Адпачынак». Трэба чуць, з якім імпэтам, нібы са сцэны, яна дэкламуе верш Канстанцыі Буйла «Не хачу лічыць сваіх гадоў…».

Фота: А. Крупянькова.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/perekrestki-zhizni/item/2428-volga-burtys-mne-pashchastsila-pratsavats-z-masheravym.html#sigProIdf370c7d1f6
Прочитано 5596 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.