01.03.2018 11:14

Антон Савицкий. Страницы его жизни

Антон Савіцкі стаяў ля вытокаў стварэння гарадской падатковай інспекцыі ў Маладзечне. Але перш чым лёс прывёў яго ў наш край, Антон Іосіфавіч прайшоў дарогамі Крыма, Сібіры. У свае 80 гадоў ён перакананы, што гэта цудоўны ўзрост, і не губляе пачуцця гумару, застаецца бадзёрым.

Антон Савіцкі з жонкай. Антон Савіцкі з жонкай. "Маладзечанская газета"

«Есть город, который я вижу во сне…»

Антон рос у звычайнай сялянскай сям’і на Смаргоншчыне. Акрамя яго ў бацькоў былі яшчэ малодшы сын і дачка. Жылі яны хоць і бедна, але дружна. Кожны дзень у працы, клопатах па гаспадарцы.
Пасля заканчэння школы хлопцу прыйшла павестка ў армію. Трапіў у школу марской авіяцыі ў горадзе Піянерску Калінінградскай вобласці, якую закончыў з адзнакай і атрымаў спецыяльнасць авіямеханіка па прыборах.

— Месца службы выбраў на Чорным моры, пра якое напісана шмат песень. Хаця ніколі яго да гэтага не бачыў, — усміхаецца Антон Іосіфавіч.

Большая частка яго армейскай службы прайшла ў вучэбным авіяцыйным палку ў Крыме. За тры гады здольны авіямеханік даслужыўся да камандзіра аддзялення.
— Салдацкія будні – вельмі цікавы і насычаны перыяд у маім жыцці. Адным словам, маладосць. Я зразумеў, што такое сапраўднае брацтва маракоў, — успамінае субяседнік. — А якая ў тых мясцінах прыгажосць! Уявіце, аэрадром літаральна патанае ў яркіх фарбах дзікіх цюльпанаў з ранняй вясны да позняй восені. Таксама назаўсёды ў памяці засталіся велічнасць Чарнаморскага флоту і прыгажосць мора.    

На працягу апошняга года службы Антона разам з іншымі саслужыўцамі перакінулі ў Вялікі Такмак у Запарожскую вобласць будаваць новы аэрадром. Салдаты жылі амаль у спартанскіх умовах. Але аб’ект быў здадзены ў час.

Акурат перад «дэмбелем» сюды прыехаў агітатар з Сібіры, які запрашаў на Усесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю ў Омску. Антон Савіцкі быў у ліку першых трыццаці добраахвотнікаў. Да гэтага часу ён беражліва захоўвае камсамольскую пуцёўку.

Камсамольцы, дабравольцы
У Сібірскі край ехалі трое сутак.
— Нягледзячы на тое, што гэта быў жнівень, у Омску ўжо захаладала якраз як позняй восенню. Акліматызацыя аказалася няпростай. Тым не менш гэты край уразіў – ужо тады ён быў развітым, з наладжанай прамысловасцю, інфраструктурай. Сюды імкнуліся на заробкі ледзь не з усяго Савецкага Саюза. Таксама прыязджала шмат жадаючых вучыцца ў мясцовых ВНУ, якіх тут было аж 12, — заўважае Антон Іосіфавіч. – Нас пасялілі ў добраўпарадкаваны інтэрнат. Грошы плацілі невялікія, але на жыццё хапала.

Антон працаваў на жалезабетонным заводзе. Паступіў у фінансава-эканамічны інстытут і вывучыўся на эканаміста са спецыялізацыяй планавання народнай гаспадаркі. Здатнага хлопца, пры гэтым неабыякавага да грамадскіх праблем, хутка заўважылі і прыцягнулі да камсамольскай работы. Антон Іосіфавіч не ўтойвае таго, што не хацеў мяняць будоўлю з яе руплівым жыццём на «кабінетную» дзейнасць. Але яго адкрытым галасаваннем выбралі загадчыкам сектара па ідэалогіі камітэта камсамола. Праз непрацяглы час ён узначаліў арганізацыйны аддзел райкама партыі ў Омску.

— Зімой там былі 40-градусныя маразы і цішыня аж да звону ў паветры, а дым з труб жылых дамоў раўнюткім слупам утыкаўся ў неба. Лета, наадварот, цёплае, пры гэтым 30-градусная спякота пераносіцца лёгка. А якія багатыя там лясы! Суніцы – памерам з нашы клубніцы. За гадзіну на адным месцы лёгка можна набраць 10-літровае вядро. І грыбоў шмат, асабліва белых груздоў – яны аж пухнатыя. Палі таксама ўрадлівыя – жыта ды пшаніца каласяцца, радуе вока бульба.

Успамінае ён і аб тым, што ў Сібіры было нямала беларусаў: адны прыехалі ў пошуках грошай, іншыя — «выкінутая» інтэлігенцыя.
— Падворкі ў нашых землякоў заўсёды адрозніваліся парадкам. У іх была і хатняя жывёла дагледжаная. Нездарма кажуць, што беларусы – народ працавіты. Асабліва грэла душу, калі за тысячы кіламетраў ад радзімы чуў родную мову, — працягвае вандраваць па старонках свайго жыцця Антон Іосіфавіч.
Грэюць яго сэрца і ўспаміны аб першым сямейным вопыце, хаця адносіны не склаліся. І сёння ён трымае сувязь з дачкой, якая, дарэчы, стала эканамістам і жыве ў Маскве, а таксама з дзвюма ўнучкамі. З-за сямейнага разладу Антон вярнуўся на радзіму, прыехаў у Маладзечна, куды з сям’ёй перабралася сястра.

Горад развіваўся
У нашым горадзе Антон уладкаваўся эканамістам ва ўпраўленне механізацыі «Маладзечнасельбуда».
Найперш плённы яго перыяд звязаны з работай у гарадскім выканаўчым камітэце, дзе ён працаваў намеснікам старшыні гарвыканкама, узначальваў планавую камісію, займаўся сацыяльна-эканамічным развіццём Маладзечна.

Першая праблема, з якой яму давялося сутыкнуцца на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама, – недахоп паліва ў прыватным сектары і ўстановах. Як аказалася, не ажыццяўляўся яго ўлік. Антон Іосіфавіч узяў на дапамогу актывістаў з ліку работнікаў мясцовых прадпрыемстваў, і яны пайшлі па дамах, каб высветліць патрэбы насельніцтва. Затым аналагічную работу правялі і па сельсаветах. Так за два месяцы распрацавалі цэлую схему па забеспячэнні палівам, упарадкавалі яго атрыманне па датах і норме. Акрамя гэтага, лясгас выдзеліў санітарныя высечкі лесу, каб людзі маглі самастойна нарыхтаваць сабе дровы.

«Прадпрымальніцкая стыхія»
Так нярэдка называюць ліхія 1990-я. Менавіта на гэты час прыпаў усплёск прыватнага бізнесу, прадпрымальніцтва, што ў многіх выпадках па сутнасці было спекуляцыяй. У краіне наспела неабходнасць стварэння асобных падатковых службаў. У нашым горадзе яе першым кіраўніком стаў Антон Савіцкі.

— Выбар кадраў тады быў выдатны. Паўсюдна беспрацоўе, без работы засталіся не толькі пачынаючыя, але і вопытныя высокакваліфікаваныя спецыялісты. У інспекцыю я браў лю-
дзей з розных прадпрыемстваў, «ядром» сталі пяцёра супрацоўнікаў фінаддзела гарвыканкама. Урэшце за 11 гадоў майго кіраўніцтва калектыў з васьмярых чалавек вырас да ста дваццаці, — гаворыць Антон Іосіфавіч. — Безумоўна, найбольш складаныя былі першыя гады работы. Тады мы працавалі, лічы, навобмацак. Як грыбы пасля дажджу, з’яўляліся таварыствы з абмежаванай адказнасцю, ІП, якія імкнуліся ўтойваць свае даходы і ўхіляліся ад выплаты падаткаў. Нарэшце выйшаў закон, што рэгламентаваў работу падатковай службы. Першая яго рэдакцыя хоць і жорсткая, але вельмі дапамагла нам. Праўда, пастаянна выходзілі дадаткі да гэтага заканадаўчага акта або ўносіліся змяненні, друкаваліся метадычныя тлумачэнні. Было столькі дакументаў, што давялося выдзеліць для іх асобны пакой. Пасля праверак спецыялістам нашай службы неаднойчы… пагражалі. Вялікай праблемай былі так званыя сезонныя шабашнікі (здаецца, яна актуальная і цяпер).

Але Антон Іосіфавіч не шкадуе сіл, якія былі патрачаны на стварэнне падатковай службы. Яго толькі засмучае, што ў нашай краіне людзі пакуль канчаткова не ўсвядомілі значнасць гэтай сістэмы, наладжаная работа якой спрыяе агульнаму дабрабыту.

Нават на заслужаным адпачынку ветэран працы Савіцкі цікавіцца найноўшымі веяннямі ў рабоце падатковых органаў. Ды і расказаць аб гэтым ёсць каму – у прафесіі яго прадоўжыў сын. А лепшыя імгненні для Антона Іосіфавіча і яго жонкі Ларысы, з якой яны разам больш за 40 гадоў, калі збіраюцца ўсе блізкія – дочкі, сын, тры ўнучкі і ўнук. Для іх ён з задавальненнем пячэ дранікі з мясам ды частуе ўласным уловам. Памятаюць пра Антона Савіцкага і былыя калегі, з якімі ён заўсёды дзяліўся сваім вопытам і дапамагаў у рабоце.

Фота: АЎТАР і архіў Антона САВІЦКАГА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/perekrestki-zhizni/item/2403-anton-savitskij-stranitsy-ego-zhizni.html#sigProId42d09c0021
Прочитано 5086 раз Последнее изменение 01.03.2018 11:14
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.