02.02.2018 10:45

Сюрпрыз для руплівіцы. Таццяна Полаз

Сярод лепшых аператараў машыннага даення ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Усход-Агра» называюць Таццяну Полаз. За мінулы год надой малака на адну карову ў яе групе склаў 7602 кілаграмы, а па ферме – 7036 кілаграмаў. За добрасумленную плённую працу і значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці Міншчыны Таццяна Рыгораўна атрымала падзяку ад старшыні Мінскага аблвыканкама. Таксама яна ўзнагароджана дыпломам за перамогу ў раённым спаборніцтве сярод работнікаў жывёлагадоўлі па выніках 2017 года.

Таццяна Полаз. Таццяна Полаз. "Маладзечанская газета"



Сустрэцца з гэтай адметнай даяркай і цікавай жанчынай дапамог галоўны заатэхнік ААТ «Усход-Агра» Георгій Макарэвіч. Ён падвёз мяне ў аграгарадок Выверы, дзе і жыве Таццяна Рыгораўна. Пакуль дабіраліся да месца, пра аператара машыннага даення Георгій Міхайлавіч выказаўся так:

– Таццяна Рыгораўна вызначаецца асаблівай добрасумленнасцю. Кароўкі ў яе заўсёды дагледжаныя, накормленыя, у добрым фізіялагічным стане. Пра гэта, адкрыю прафесійную прыкмету, сведчыць чыстая, бліскучая шэрсць. Да жывёлы жанчына адносіцца з любоўю. Як кажуць, укладае ў справу душу і сэрца і ўжо не першы год знаходзіцца ў перадавіках.

Мы пад’ехалі да асобнага двухпавярховага катэджа. На ганку нас ветліва сустрэла гаспадыня, правяла ў прыгожа прыбраны пакой. Разгаварыліся.

– Я нарадзілася ў Татаршчызне ў сям’і чыгуначнікаў. Бацькі трымалі карову, але на ферме я ніколі не была і нават уявіць не магла, што буду там працаваць. Але жыццё павярнулася так, што давялося асвойваць прафесію даяркі. Пачалося гэта на ферме «Мыслевічы», цяпер СУП «Хажоваагра-2009». Даільнага апарата дагэтуль у вочы не бачыла, незнаёмых кароў баялася. Праўда, з часам прывыкла. На ферме працавалі вельмі харошыя даяркі – прыглядалася да іх, вучылася.
На той час маладзенькая Таня была ўжо замужам. У яе нарадзіліся дзве дачушкі, праз год адна за адной. Жанчына гадавала дзяцей, вяла прысядзібную гаспадарку, найлепшым чынам зарэкамендавала сябе на рабоце. Дачушкі падрасталі, пайшлі ў школу. Але сям’ю напаткаў развод. Жанчыне трэба было думаць, як жыць далей.

Вядомую сваёй адказнасцю Таццяну запрасілі на работу ў суседнюю гаспадарку. Давялося пераязджаць з адной вёскі ў іншую, з адной хаты ў другую, перавозіць дзяцей. Але ўмовы прапанавалі вартыя. У 1999 годзе кіраўніцтва ААТ «Усход-Агра» выдзеліла сям’і асобны катэдж з прысядзібным участкам. З таго часу Таццяна Рыгораўна тут жыве, гадуе дзяцей і аддае ўвесь свой час рабоце.
Падымаецца яна ў чатыры гадзіны раніцы. Спяшаецца на машыну, якая забірае даярак і развозіць па фермах. На рабочым месцы руплівіца апранае халат, абувае гумовыя боты, бярэ вядро з пілавіннем і ідзе чысціць месцы пад сваімі кароўкамі. А іх ажно сорак. Недзе праз паўгадзіны пачынаецца ранішняя дойка. Пасля яе завяршэння Таццяна Рыгораўна зноў бярэ вёдры і разносіць рагулям канцэнтраваны корм. Ведае, якой трэба даць больш, каб аддзячыла вялікім малаком, з якой загаварыць, якую пагладзіць…

– Кароўку трэба разумець, – дзеліцца галоўным сакрэтам поспеху жанчына. – Важна своечасова ўбачыць, што з ёю нешта не так: захварэла, можа, ці недакормленая. Паводзіны тады ў яе мяняюцца, як і ў чалавека. Жывёлы гэтыя вельмі разумныя. Яны пазнаюць сваю даярку па голасе, адчуваюць настрой гаспадыні. Як людзі, любяць ласку. Кожная мае сваё імя і свой характар.

Пра сваіх жанчын-сябровак Таццяна Рыгораўна найлепшага меркавання.

– У нас усе абсалютна даяркі харошыя, таксама маюць значныя паказчыкі. Да прыкладу, Таццяна Касабуцкая летась надаіла ад кожнай каровы 7425 кілаграмаў малака. Я люблю быць у калектыве.
– А калі здараюцца канфлікты? – задаю правакацыйнае пытанне.
– Тады я проста адыходжу ў бок. Крыкам нічога не вырашыш. А пасля, калі ўсе астынуць, супакояцца, можна шукаць кампраміс.

Пасля дойкі і кармлення час звярнуць увагу на нованароджаных цялятак, напаіць іх малаком. Затым машына развозіць аператараў машыннага даення па дамах. Гэта для іх перапынак да вячэрняй змены, якая пачнецца ў 16.30 і будзе доўжыцца да 20.30.

Вольны час Таццяна Рыгораўна скарыстоўвае для дамашніх спраў. Вясной і летам пасля фермы праполка агарода здаецца ёй адпачынкам. Руплівая гаспадыня імкнецца насадзіць усялякай агародніны, бульбы, клубніц. І скажу вам шчыра, паспытаўшы яе ласунку: гэта было найлепшае клубнічнае варэнне, якое я каштавала ў жыцці. З цэлымі ягадамі, накшталт мармеладу. Ну і майстрыха!
Развяла ўвішная сялянка курак, мае кабанчыка, купіла электрычны млын, каб малоць збожжа на корм.
У сваім катэджы Таццяна Рыгораўна займела газавае ацяпленне, падвяла халодную і гарачую ваду. Ёсць у доме ўсё, каб жыць утульна і з задавальненнем.

– Мне тут падабаецца, – гаворыць жанчына. – Не ўяўляю сабе іншай работы і люблю Выверы. Гаспадарка выдзяляе сваім работнікам і малако, і збожжа. Жыць тут зручна. Ёсць сад, школа, два прадуктовыя магазіны, там заўсёды свежы хлеб. Аўтобус у горад ходзіць тройчы на дзень.
Дачушкі яе павырасталі ўжо, абедзве вывучыліся на цырульніц і абедзве займелі жаніхоў. Магчыма, хутка ў катэджы загучаць вясельныя песні. Дай Бог!

Што яшчэ сказаць пра паважаную работніцу? Поспеху і дабрабыту яна дабілася. Пажадаем толькі здароўя. Ну, і за прыхільнасць да «Маладзечанскай газеты» падзякуем. Бо выпісвае Таццяна Рыгораўна наша выданне ўжо амаль дваццаць гадоў, любіць пачытаць пра многае, а вось пра сябе не чытала яшчэ ніколі. Няхай жа нумар з гэтым артыкулам будзе для яе добрым сюрпрызам!

Інеса СВАТОК.

Прочитано 3918 раз
Соб. инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.