29.01.2018 10:59

Букет руж для бабулі Ганулі

«Наша Гануля» – так з пяшчотай радня і блізкія называюць Ганну Паўлаўну Станевіч з Гаеўцаў, якая на Вадохрышча адзначыла сваё 90-годдзе.

Букет руж для бабулі Ганулі "Маладзечанская газета"


Родам жанчына з вёскі Лапінцы, якая цяпер уваходзіць у аграгарадок Палачаны. Калі Ганне было 17 гадоў, памерла маці. Сваім малодшым сёстрам яна замяніла матулю. Бацька другі раз не жаніўся. Ён быў вельмі добрым чалавекам. Напэўна, гэта дабрыня перадалася і дачцэ.

У 19 гадоў Ганна выйшла замуж у Гаеўцы, што ў Палачанскім сельсавеце, у вялікую сям’ю Станевічаў. Калі ў 1949 годзе арганізавалі калгас, яны з мужам Анатоліем уступілі ў яго, працавалі на розных работах. Ганна была паляводам, даглядала жывёлу, умела рабіць усё: запрагала каня, арала, касіла. У сям’і нарадзілася трое сыноў – Георгій, Аляксандр і Мікалай. Малодшаму было ўсяго 9 месяцаў, а старэйшым 3 і 12 гадоў, калі памёр муж Ганны, які доўга хварэў на туберкулёз. Жылося ім вельмі цяжка. Стала лягчэй, калі вырас старэйшы Георгій – прыгожы, добры, як і маці, малады чалавек. Калі ён вярнуўся з арміі, яго заўважылі ў калгасе, прызначылі брыгадзірам паляводчай брыгады вёскі Груздава, праз некаторы час накіравалі вучыцца на агранома ў Смальянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Там Георгій пазнаёміўся з Любашай (так ён яе называў), у 1976 годзе яны пажаніліся. Але жорсткі лёс іх разлучыў: у верасні таго ж года ў час выпускных экзаменаў Георгій загінуў. Гэта была страшная трагедыя для Ганны Паўлаўны. У яе хапіла сіл вытрымаць, усё перажыць, яе добрае сэрца не азлобілася. Наша Гануля – цудоўны чалавек, напэўна, за яе дабрыню ёй наканавана жыць доўга. Вось толькі адзін адметны факт з яе жыцця. Нявестка Любаша пасля заканчэння сельгастэхнікума прыехала да свекрыві, уладкавалася на работу ў наш калгас загадчыцай фермы Гаеўцы. Праз пэўны час яна выйшла замуж. Маладая сям’я не мела жылля, і Гануля сказала: «Жывіце ў мяне!». Больш за тры гады жылі ў яе Любоў з мужам, пакуль не пабудавалі свой дом. Тут у іх нарадзілася двое сыноў, Ганна Паўлаўна дапамагала іх гадаваць. З таго часу прайшло больш за 35 гадоў, але і сёння Любоў ласкава называе Ганну Паўлаўну мамай, пастаянна наведвае яе. Часта бываюць тут і яе сыны, лічаць яе сваёй бабуляй. Муж Любашы Вячаслаў Сямёнавіч з удзячнасцю падарыў Ганне Паўлаўне на юбілей букет руж. Любоў Сямёнаўна спякла вялікі торт, запаліла на ім свечкі, якія імянінніца задзьмула з першага разу.

Зімой Гануля жыве ў сына Аляксандра ў Палачанах. Разам з жонкай Ларысай яны гасцінна прынялі ўсіх, хто прыйшоў павіншаваць юбілярку. Аляксандр ужо на пенсіі, увесь час працаваў вадзіцелем у калгасе. Малодшы сын доўгажыхаркі Мікалай жыве ў Мінску, ён будаўнік. Радуюць бабулю дзве ўнучкі, трое праўнукаў. Калі засвеціць веснавое сонца, Ганна Паўлаўна вернецца ў свае Гаеўцы. І зноў зацвітуць прыгожыя кветкі ў яе агародчыку, будуць спець клубніцы, якімі яна любіць частаваць гасцей.
Сярод тых, хто прыйшоў павіншаваць нашу дарагую доўгажыхарку, была і аўтар гэтых радкоў. Калі ў 18 гадоў я выйшла замуж у Гаеўцы за свайго Івана, мяне тут сустрэлі дзве цудоўныя жанчыны – свякроў Ганна Васільеўна і жонка дзядзькі майго мужа Ганна Паўлаўна. Было гэта 60 гадоў таму, і сёння мне хочацца нізка пакланіцца гэтай жанчыне за яе дабрыню і цяпло, за жыццёвую навуку. Мы 17 гадоў дружна пражылі ў адным доме, на адным двары, і я не памятаю, каб у нас калі-небудзь хто сварыўся. Яна навучыла мяне гатаваць ежу, мыць бялізну, прасці і ткаць, а самае галоўнае – цярплівасці, працавітасці. І сёння, у свае 90 гадоў, яна цікавая субяседніца, можа даць мудрую параду, у яе выдатная памяць. У дзень юбілею я і мае дзеці шчыра жадалі нашай Ганулі моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця на радасць усім нам.

На фота -- 90-гадовая юбілярка Ганна Станевіч з унучкай Аксанай і праўнучкай Танюшай.

Ніна СТАНЕВІЧ.
Фота: архіў СЯМ’І СТАНЕВІЧ.



Прочитано 3658 раз
Соб. инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.