20.12.2017 12:21

Палкоўнік Пётр Бескаравайны: «Ганаруся тым, што ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню Айчыне»

Сёння, 20 снежня, адно з ключавых сілавых ведамстваў краіны Камітэт дзяржаўнай бяспекі адзначае сваё стагоддзе. Напярэдадні ў Палацы Рэспублікі адбыўся ўрачысты сход з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. На ўрачыстасць былі запрошаны і члены Маладзечанскага аддзялення Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў КДБ «Гонар», сярод якіх палкоўнік у адстаўцы Пётр Бескаравайны.

Полковнік Петр Бескаравайный. Полковнік Петр Бескаравайный. "Маладзечанская газета"

— Я ганаруся тым, што ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню Айчыне, — адзначае Пётр Мінавіч. — Скажу шчыра: нялёгкі гэта абавязак. Але вельмі патрэбны. І ганаровы. Радуе, што на нас, ветэранаў, трымае раўненне маладое пакаленне афіцэраў органаў дзяржбяспекі. Абарона дзяржавы сёння ў надзейных руках.

Родам з вёскі
У дружнай сялянскай сям’і Бескаравайных падрастала пяцёра сыноў. Іх вялікая вёска Аўсянікі, што ў Вінніцкай вобласці, пасля адступлення фашыстаў была зруйнавана. Трэба было ўсё аднаўляць. Бацька з фронту вярнуўся цяжка паранены, і хлопцам давялося ў прамым сэнсе ўсім упрагацца ў плуг, каб пракарміць сябе і ўсю сям’ю.

І пра вучобу не забывалі. Школу браты наведвалі рэгулярна. Вучыліся старанна. Так і праляцела дзяцінства. Пётр пасля школы год працаваў у калгасе, а потым паступіў у Львоўскі тэхнікум сувязі. Як толькі атрымаў дыплом, у той жа год быў прызваны на службу ў армію.

— Менавіта служба ва Узброеных Сілах і паўплывала на мой лёс, — успамінае П. Бескаравайны. — Я трапіў у вучэбнае падраздзяленне войск урадавай сувязі Закаўказскай ваеннай акругі. Ці мог я, вясковы хлопец з беднай сялянскай сям’і, нават марыць аб гэтым? Стараўся апраўдаць высокі давер камандавання. Актыўна асвойваў тэхніку, быў прыкладам у дысцыпліне. Праслужыў год у званні сяржанта, і мяне ў складзе групы выдатнікаў баявой і палітычнай падрыхтоўкі накіравалі на вучобу ў ваеннае вучылішча ўрадавай сувязі войск КДБ у Маскву.

Назад у полк Пётр Бескаравайны вяртаўся ўжо з маладой жонкай і ў званні лейтэнанта. Быў прызначаны начальнікам станцыі.

Час ляцеў хутка. Неўзабаве маладога афіцэра накіроўваюць для праходжання далейшай службы ў Венгрыю. А праз пяць гадоў ён паступае ў Ленінградскую ваенную Акадэмію сувязі на камандны факультэт.

«Я ўдзячны лёсу»
Пасля заканчэння акадэміі давялося яшчэ служыць і ў расійскай глыбінцы, і ў Чэхаславакіі ў якасці камандзіра батальёна трапасфернай сувязі. А ў 1986 годзе Пётр Бескаравайны быў прызначаны камандзірам 14-га асобнага ордэна Чырвонай Зоркі палка ўрадавай сувязі Камітэта дзяржаўнай бяспекі і разам з сям’ёй пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Маладзечна. Так Беларусь стала для яго другой радзімай, а горад — самым дарагім куточкам на зямлі.

— Я вельмі ўдзячны лёсу, які падарыў мне такое цікавае і насычанае на розныя падзеі жыццё, любімую працу, магчымасць служыць на карысць Радзіме, — прызнаецца ветэран. — Лічу, што кожны грамадзянін павінен зрабіць усё магчымае, каб праявіць сябе ў жыцці, прынесці як мага больш карысці грамадству. Аб гэтым заўсёды нагадваю ў час сустрэч школьнікам і маладым салдатам, калі заходзіць размова аб сэнсе жыцця.

За шэсць гадоў, на працягу якіх П. Бескаравайны камандаваў палком, асабовы склад дасягаў важкіх вынікаў у вучобе. Не раз адзначаліся асобныя ваеннаслужачыя і нават падраздзяленні часці за высокі прафесіяналізм і баявую вывучку, праяўленыя пры забеспячэнні надзейнай сувязі ў час правядзення вучэнняў. Як, урэшце, і тыя падраздзяленні, якімі ён камандаваў раней. А сам камандзір за бездакорную службу Радзіме ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі, сярод якіх «За баявыя заслугі».

Фота: архіў Пятра БЕСКАРАВАЙНАГА.

Прочитано 4572 раз
Лилия Липницкая

Редактор интернет-сайта

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.