18.12.2017 8:51

Працавала за працадні, была дэпутатам, пабывала ў Іерусаліме...

У 60-я гады мінулага стагоддзя ў беларускай глыбінцы ведаць не ведалі пра Кнігу рэкордаў Гінеса, куды заносяцца найвышэйшыя дасягненні свету ў розных сферах жыцця. Між тым Марыя Міндзюкевіч магла б упісаць у яе сваю старонку. Зусім маладзенькай дзяўчынай яна ўручную тры разы на дзень выдойвала па 30 кароў! Сёння гэта здаецца фантастыкай…

Марыя Міндзюкевіч. Марыя Міндзюкевіч. "Маладзечанская газета"


Марыі было ўсяго 28 гадоў, калі за лепшыя ў раёне паказчыкі яна была ўзнагароджана ордэнам Леніна.  А неўзабаве землякі выбралі яе дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. І хаця яе дзяцінства і маладосць прайшлі на Ашмяншчыне, вучылася на Віцебшчыне, усё ж большая частка жыцця аддадзена Міншчыне, Маладзечаншчыне. Яна больш за дваццаць гадоў загадвала малочнатаварнай фермай «Вязавец». За выдатную працу Марыя Міхайлаўна была ўдастоена высокага звання заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларускай ССР.

Першыя працадні – у 14 гадоў
Сёння цяжка ўявіць, як можна працаваць і не атрымліваць грошы. За дзень работы на свінаферме налічвалі два працадні. За месяц выходзіла 60 (выхадныя не прадугледжваліся). У канцы квартала за кожны працадзень выдавалі па 300 грамаў збожжа. Якім трэба было быць энтузіястам, каб сумленна працаваць за такія заробкі… Так пачыналіся калгасы, і Марыя Міхайлаўна добра памятае гэты час. Яна закончыла сямігодку, пайшла на свінаферму, гадавала парасят. Праз два гады перайшла ў цялятніцы. У вялікім катле трэба было падаграваць пойла, а дровы сырыя, не гараць. Мужчыны-ўмельцы прыстасаваліся выкарыстоўваць для распальвання салярку. Раз, другі адкрыла фарсунку, для лепшага эфекту паклала саломы, паднесла запалку, а ў катле як рване… Узрыўной хваляй адкінула, полымем абпаліла валасы, твар, калені. Па вёсцы пайшоў слых: Марыя абгарэла. Старшыня калгаса пасадзіў на свой УАЗік, завёз на ФАП, бо ехаць у райбальніцу дзяўчына катэгарычна адмовілася. На шчасце, апёкі былі неглыбокімі, хаця залечваць давялося доўга. А яна ўсё перажывала: як там яе цяляткі. «Гады два цялятніцай парабіла, а потым угаварылі ў даяркі перайсці, бо не было каму кароў даіць.

За тры гадзіны яна паспявала выдаіць 30 кароў. «Пазрывала сухажыллі па маладосці. Але ж хто тады пра здароўе думаў», — уздыхае жанчына. А яшчэ трэба было посуд памыць, кармы раздаць. З імі цяжка было, нават старыя стрэхі жывёле скормлівалі. Летам кароў з фермы пераганялі на пашу за сем кіламетраў ад вёскі. Даяркі там начавалі ў свірне на саломе, у абед на веласіпедах ездзілі дадому па харчы на цэлыя суткі. Халадзільнікаў не было. Каб малако не скісла, пакуль прыедзе возчык на кані, за кіламетр удваіх насілі цяжкія бітоны і апускалі ў ручай… Такія ўмовы працы былі. Праўда, за яе пачалі ўжо плаціць грошы.

Беспартыйны дэпутат

Сваіх каровак Марыя песціла. Магла застацца пасля работы, каб падкарміць іх лішні раз, памятаючы старадаўнюю вясковую мудрасць: у каровы малако на языку. Не дзіўна, што рагулі за добры догляд радавалі высокімі надоямі. Спачатку ў сваім калгасе імя Пушкіна выйшла ў перадавікі, хутка яе імя грымела на ўвесь Ашмянскі раён. Захаваўся інфармацыйны бюлетэнь з партрэтам маладой даяркі і паведамленнем, што яна за восем месяцаў выканала ўзятыя сацыялістычныя абавязацельствы і надаіла ад кожнай першацёлкі па 2587 кілаграмаў малака. На той час гэта былі вельмі высокія паказчыкі. Успамінае, што нават прадстаўнікі народнага кантролю прыязджалі і праводзілі кантрольныя дойкі, каб пераканацца, што лічбы не завышаны.    

У 1966 годзе згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Марыя Міндзюкевіч была ўзнагароджана ордэнам Леніна. Уручыў яго першы сакратар Гродзенскага абкама КПБ Уладзімір Міцкевіч. Да слова, менавіта ён даў параду працавітай дзяўчыне паступаць у тэхнікум, асабіста правяраў, ці паехала яна на вучобу. «Я за гэта яму вельмі ўдзячная, каб ён не настаяў, магчыма, і не пайшла б вучыцца», — прызнаецца мая гераіня.

Але спачатку Марыя трапіла ў Маскву. У знакавым для яе 1966 годзе была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР сёмага склікання ад Ашмянскага і чатырох суседніх раёнаў. Угаворвалі ўступіць у партыю: як гэта — дэпутат такога высокага рангу і без партбілета. Аднак яна не згадзілася, праявіла ўпартасць: «Я дэпутат як ад партыйных, так і ад беспартыйных. Будзеце прымушаць, нікуды не паеду!».

Тоўстая каса да пояса, ладны выхадны касцюмчык з зялёнай парчы. Пры поўным парадзе прыехала ў сталіцу адна з самых маладых беларускіх дэпутатаў. Першая сесія запомнілася тым, што перад яе пачаткам дэпутаты стоячы спявалі «Інтэрнацыянал», а Марыя яго слоў не ведала, давялося тэрмінова вучыць. Яна бачыла многіх дзяржаўных дзеячаў – Брэжнева, Касыгіна, Падгорнага, якія сядзелі ў прэзідыуме. На святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Леніна наша зямлячка была на сустрэчах з прэм’ер-міністрам Індыі Індзірай Гандзі, іспанскай антыфашысткай Далорас Ібаруры.
Неўзабаве да дэпутацкіх сесій, на якія яна ездзіла два разы на год, далучыліся і студэнцкія. Марыя паступіла ў Смальянскі сельскагаспадарчы тэхнікум кіруючых кадраў на Віцебшчыне, атрымала спецыяльнасць заатэхніка-арганізатара. З уласцівай ёй стараннасцю асвойвала навукі. У інтэрнаце жыць не захацела, наняла кватэру. Тады яна ўжо магла сабе гэта дазволіць: як дэпутат
атрымлівала па 100 рублёў за месяц, ды стыпендыя 60. Яшчэ адна значная льгота – бясплатны праезд па ўсім Савецкім Саюзе: на білеты дамоў траціцца не прыходзілася.

Лепшая ферма ў раёне

З 1971 года Марыя Міндзюкевіч жыве ў нашым раёне. Прыехала сюды з аднакурсніцай на практыку і вярнулася пасля заканчэння вучобы. 22 гады яна працавала загадчыцай фермы «Вязавец» саўгаса імя Прытыцкага, якая ў 1980-я гады неаднойчы выходзіла на першыя пазіцыі ў раёне. Надоі ад каровы тут складалі па 4391 кілаграме малака. Марыя Міхайлаўна стварыла выдатны калектыў, клапацілася не толькі аб надоях і прывагах, але і аб умовах працы падначаленых. Яна і сёння з цеплынёй успамінае тых, з кім дзялілі радасці і беды. У 1984-м з-за інфекцыйнага захворвання ўвесь дойны статак давялося адправіць на мясакамбінат. Шмат намаганняў прыклалі, каб аднавіць пагалоўе і выйсці на ранейшыя паказчыкі. У 1986-м, акурат у дзень аварыі на Чарнобыльскай АЭС, абрынуўся дах аднаго з кароўнікаў. Шчасце, што ў гэты час жывёла была на дварэ і ў памяшканні не было людзей. Давялося статак пераводзіць на ферму ў Мыслевічы, аднаўляць кароўнік.

Як прызнанне яе працы – прысваенне ў 1988 годзе звання заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР. Двойчы Марыя Міхайлаўна прадстаўляла наш раён на выстаўцы народных дасягненняў у Маскве, па яе выніках была ўзнагароджана двума медалямі. Заахвочвалася і паездкамі за мяжу: вывучала вопыт калег, была на экскурсіях у ГДР, Чэхаславакіі, Балгарыі, Югаславіі.

Так склалася, што па стане здароўя была вымушана перайсці на больш лёгкую працу: уладкавалася сакратаром у сельскі Савет дэпутатаў. Ды ўсяго паўгода пратрымалася: «Пісаніна не маё. На дварэ — лета, кругом травы буяюць, жывёла на пашы, а я за сталом сяджу… Кінула ўсё, і зноў на ферму вярнулася».

За год да яе пенсіі тагачасны старшыня саўгаса Валянцін Халявінскі ўгаварыў узначаліць калектыў новага птушніка, у які завезлі 6 тысяч індыкоў. Далікатныя, спецыфічныя птушкі, няпроста было іх вырасціць, але і з гэтай задачай справілася.

Крыж ля дарогі

Увесь гэты час Марыя Міхайлаўна жыве ў Вязаўцы. На Ашмяншчыне засталася старэйшая сястра Ірына, якую яна стараецца наведваць.  

Сёння ёй, аднагодцы Мінскай вобласці, надае сілы вера ў Бога. Марыя Міхайлаўна наведвае касцёл у Палачанах, прымала ўдзел у добраўпарадкаванні касцёла Святога Юзафа ў Маладзечне. На яе ўласныя сродкі быў узведзены каталіцкі крыж пры ўездзе ў Вязавец, вакол якога яна наводзіць парадак. Жанчына ходзіць у пілігрымкі ў Будслаў, а некалькі гадоў таму ажыццявілася яе мара – яна пабывала ў паломніцкай паездцы ў Іерусаліме.

Прыемна было даведацца, што Марыя Міхайлаўна ўвесь час, які жыве ў нашым раёне, выпісвае «Маладзечанскую газету», выразае матэрыялы пра людзей, з якімі разам працавала. І сама раней часта давала інтэрв’ю журналістам.

А яшчэ яна вельмі любіць кветкі. Кожнае лета пад яе вокнамі расцвітаюць шыкоўныя флёксы, радуюць усіх, хто праходзіць побач. Садзіць і агарод, бульбу для сваіх патрэб — як без гэтага вясковамужыхару. «Чалавек жыве, пакуль робіць», — пераканана гэта сціплая жанчына. Хочацца нізка пакланіцца ёй за працу і падзякаваць за нашу сённяшнюю квітнеючую Міншчыну, для якой яна зрабіла вельмі

 Фота: Аляксей ПЛАТКО і ўласны архіў Марыі МІНДЗЮКЕВІЧ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/perekrestki-zhizni/item/2018-pratsavala-za-pratsadni-byla-deputatam-pabyvala-ierusalime.html#sigProId6bda9e7aa5
Прочитано 4667 раз Последнее изменение 18.12.2017 8:51
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.