15.12.2017 14:37

Жыццёвая філасофія Васілія Таркана

Маё першае ўражанне ад Васілія Аляксеевіча – весяльчак і жартаўнік. Ішоў час, змяняліся жыццёвыя абставіны, нашы сустрэчы насілі самы розны «фармат», але я не змяняў перакананняў, а ён і не стараўся падавацца іншым. Хаця за знешнімі аптымізмам і няўрымслівасцю хаваліся нялёгкія выпрабаванні лёсам. А яшчэ – душа таленавітага творцы, арганізатара, завадатара.

Валилий Таркан. Валилий Таркан. "Маладзечанская газета"

Васілія Таркана ў Маладзечне многія прыпамінаюць як стваральніка, а затым дырэктара дзіцячай мастацкай школы. Як арганізатара аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў згаданай навучальнай установе, якое затым было пераведзена ў музычнае вучылішча імя Міхала Клеафаса Агінскага. Як арганізатара і старшыню царкоўнага савета храма Святога Георгія Перамаганосца ў нашым горадзе, стваральніка раённай мастацкай галерэі ў Плябані і музея ў Гарадку. Апошнія шэсць гадоў Васілій Таркан узначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў». Тут таксама ёсць дзе прыкласці сілы: інваліды патрабуюць пастаяннай увагі і нярэдка канкрэтнай дапамогі.

– Я нарадзіўся роўна семдзесят гадоў таму, 15 снежня 1947 года на Магілёўшчыне, у Бабруйскім раёне, – дапаўняе сабраныя журналістам звесткі Васілій Аляксеевіч. – Пасля дзесяцігодкі быў прызваны ў Ваенна-Марскі Флот Савецкага Саюза. Служыў тры гады, на паўднёвым моры і на паўночным. Затым закончыў Мінскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці «выкладчык-мастак», філасофскае аддзяленне гістарычнага факультэта БДУ. У Маладзечне педагагічную дзейнасць пачынаў у сярэдняй школе нумар шэсць. Настаўнічаў, а ў 1978-м быў прызначаны дырэктарам ДМШ. Трыццаць тры гады кіраваў установай, разам з выкладчыкамі стараўся далучыць дзяцей да ўспрыняцця і разумення прыгожага.

Васілій Таркан удзельнічае не толькі ў культурным і грамадскім жыцці горада, але і духоўным. Пра Васілія Аляксеевіча нярэдка гавораць, што ён жыве з Богам у сэрцы. Сярод яго мастацкіх работ асобнае месца займаюць сюжэты на рэлігійныя тэмы. У свой час ён дапамагаў у будаўніцтве храма ў гонар велікамучаніка Георгія Перамаганосца, што знаходзіцца на вуліцы Драздовіча. А да таго як ля брацкай магілы была ўзведзена царква, богаслужэнні праходзілі ў фае дзіцячай мастацкай школы. Можна сказаць, што жыццё прыхода пачыналася менавіта там. Людзі памятаюць пра гэта і сёння.

Як пра любога творчага, захопленага чалавека, пра Васілія Таркана чытачам газеты можна расказаць нямала. Але перш чым артыкул напісаць, трэба самога героя настойліва параспытваць. Альбо звярнуцца па дапамогу да людзей, якія яго добра ведаюць. Я вырашыў скарыстацца апошнім і заглянуў на чарговую рэпетыцыю народнага клубнага аб’яднання ветэранаў «Адпачынак» пры гарадскім Палацы культуры. Васілій Аляксеевіч, як аказалася, актыўны ўдзельнік калектыву і душа кампаніі. Зрэшты, па-
слухаем тых, хто і спявае, і танцуе, і наогул жыве ва ўнісон з нашым героем.

Уладзімір МАРКЕЛАЎ:
– Пазнаёміліся мы тут, у «Адпачынку», і непрыкметна здружыліся. Чалавек вельмі камунікабельны, актыўны, любіць спяваць, танцаваць, таму і выбраў калектыў. Аляксеевіч без ваганняў рэагуе на чужыя праблемы, адзываецца на просьбы і па магчымасці стараецца дапамагчы.

Святлана КАПУЦКАЯ:
– Васілій Аляксеевіч – вядомы ў горадзе мастак, таленавіты мастак. Яго творы сёлета вы-
стаўляліся на «Славянскім базары» ў Віцебску і мелі вельмі добрыя водгукі, адзначаны дыпломам арганізатараў фестывалю. Як чалавек творчай натуры, ён бачыць прыгожае і ўмее гэтай прыгажосцю дзяліцца з іншымі. Напісаў нямала карцін, якія ахвотна дорыць іншым. Вось такі прыклад. Нядаўна ў нашай таварышкі, удзельніцы клуба «Адпачынак» быў дзень нараджэння, дык Васілій Аляксеевіч намаляваў вельмі прыгожыя ружы. Падбіраў сюжэт па характары жанчыны, па настроі. Цяпер, калі зіма, калі няўтульна, падарунак у жанры нацюрморта радаваў вока і цешыў душу.
Мы зычым Васілію Аляксеевічу сто гадоў жыцця, няхай працуе, стварае, цешыцца ўнукамі і напаўняе сваім аптымізмам нас.

Вольга ТКАЧУК:
– Такія людзі, як Васілій Аляксеевіч, ды яшчэ мужчыны, нашаму «Адпачынку» вельмі патрэбныя. Я ведаю яго пяць гадоў: ён прыйшоў у калектыў акурат у сваё 65-годдзе. Мы шчыра віншавалі навічка, захапляліся выстаўкай яго карцін. А цяпер вось рыхтуемся адзначыць чарговую круглую дату.
Чалавек, пра якога можна сказаць адной фразай: жыве для людзей. А якая ж жыццёвая філасофія ў самога Васілія Аляксеевіча – без эківоку пацікавіўся ў яго. І пачуў у адказ:
– Толькі наперад і толькі з людзьмі! Рух напаўняе цела фізічнай сілай, стасункі з людзьмі – сэнсам. Калі спыніўся, сеў на лаўку – ты ніхто. Я з першых, а не з апошніх, так і напішыце.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/perekrestki-zhizni/item/2014-zhytstsjovaya-filasofiya-vasiliya-tarkana.html#sigProId00c264027f
Прочитано 4573 раз
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.