12.12.2017 9:16

Жыве ў Беніцы «прафесар» Кечык

Менавіта так называюць жыхары вёскі Беніца фельчара Васілія Кечыка, які 52 гады лячыў землякоў.  

Жыве ў Беніцы «прафесар» Кечык "Маладзечанская газета"

95-гадовага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны мы наведалі разам з выконваючай абавязкі старшыні Лебедзеўскага сельвыканкама Тамарай Дудзіч у пульманалагічным аддзяленні гарадской бальніцы №2.

Зімовай парой настаў час падмацаваць арганізм, хаця, як сказаў сам Васілій Ісакавіч, вялікіх праблем са здароўем у яго няма. «На такіх людзях і трымаецца беларуская вёска, — з вялікай павагай гаворыць Тамара Уладзіміраўна, якая разам з калегамі зусім нядаўна віншавала ветэрана з юбілеем. —  Вельмі хочацца, каб тыя, каго на працягу паўвека лячыў Васілій Ісакавіч, прачыталі пра яго ў «Маладзечан-
скай газеце». Каб успомнілі  добрым словам ды і прыклад узялі: у 95 гадоў у ветэрана ясны розум, аптымістычныя адносіны да жыцця, ён жыва цікавіцца ўсім, што адбываецца ў краіне, свеце».
І сапраўды, нават у бальніцы доўгажыхар слухае радыё, каб не адстаць ад жыцця, быць у курсе падзей. Гаворыць, што газеты чытаць цяжкавата, вочы сталі падводзіць. А вось памяць выдатная. Родам ён з Магілёўшчыны, з мнагадзетнай сялянскай сям’і. Расказвае, што ў іх вёсцы быў фельчар па прозвішчы Гарошка, які дружыў з сям’ёй Кечыкаў. Ён і стаў прыкладам для Васілія. Тым больш, ускоснае дачыненне да медыцыны меў і яго старэйшы брат Іван, які быў ветэрынарным урачом. Да вайны Васілій два гады адвучыўся ў фельчарскай школе ў Бабруйску. У час акупацыі быў у партызанах, разам з іншымі ляснымі мсціўцамі вёў барацьбу з гітлераўцамі ў тыле.

Пасля Вялікай Айчыннай удалося закончыць вучобу, атрымаць спецыяльнасць фельчара-акушэра. У 1950 годзе накіравалі працаваць у Беніцкую ўчастковую бальніцу, у якой на той час было 15 ложкаў. Ветэран успамінае, што працавалася вельмі цяжка. Радыус абслугоўвання – 10 кіламетраў, служба хуткай дапамогі на той час не дзейнічала. А значыць, усюды трэба было паспець мясцовым медыкам. Галоўны транспарт – конь, запрэжаны ў воз. Народ у 1950-я быў адсталым, цяжка было ўгаварыць маці зрабіць дзецям прышчэпкі. Лютавалі інфекцыі – вірусны гепатыт, адзёр, педыкулёз… Тады ў мясцовай бальніцы не толькі лячылі, але і роды прымалі. За год у зоне абслугоўвання лячэбнай установы нараджалася 60-70 дзяцей, і сярод іх нямала тых, каму дапамог з’явіцца на свет Васілій Ісакавіч. Раслі яны пад пільным наглядам фельчара. На вёсцы ён быў нібы сямейны доктар, якому давяраюць, да парад якога прыслухоўваюцца. «А як інакш, калі жывеш з пацыентамі ў адной мясцовасці, ведаеш сем’і, памятаеш дыягназы. Не раз даводзілася і ноччу дапамагаць, і ў выхадныя – такая работа», — разважае мой субяседнік. Прыгадвае, як ратаваў земляка з апендыцытам, які дацягнуў да перытаніту. Добра, што фельчар правільна паставіў дыягназ і тэрмінова выклікаў хуткую. Успамінае, як у першыя гады работы перажываў за 12-гадовага хлопчыка з туберкулёзным менінгітам, якога на кані сам вёз у раён… За кожнага пацыента балела душа.

«Васілію Ісакавічу ўдзячнае ўсё наша наваколле. Ён некалькі пакаленняў лячыў, — падключылася да размовы Людміла Полаз, санітарка бальніцы, якая прыйшла ў палату адведаць земляка. – Ён не толькі лекамі, але і добрым словам дапамагаў. Ведаеце, як яго ўсе звалі? Наш прафесар! А мужчыны, калі сустракаліся з ім на вуліцы, з павагай шапку здымалі».

У першыя гады работы Васілій Ісакавіч жыў на кватэры. Пазнаёміўся з маладой настаўніцай пачатковых класаў Таццянай, якая прыехала ў Беніцу з Віцебшчыны. Спадабаліся яны адзін аднаму, пажаніліся, у іх нарадзіўся сын Аляксандр. Руплівы фельчар з дапамогай вяскоўцаў пабудаваў дом, у якім жыве і сёння.

— Яе удаецца вам падтрымліваць сябе ў такой добрай форме? У чым сакрэт вашага доўгажыхарства? – пацікавілася я ў ветэрана.

— Аддаю перавагу расліннай ежы. Летам люблю прыгатаваць халаднік, зеляніну абавязкова дабаўляю – пятрушку, кроп. Увесь год ем буракі, капусту, моркву, цыбулю, часнок – наша беларуская агародніна самая карысная для арганізма.

— А як наконт дрэнных звычак?
— Ніколі ў жыцці не курыў, у нашай сям’і гэта не прынята. А выпіць трошкі мог, але зноў жа не злоўжываў моцнымі напіткамі. Думаю, спрыяе здароўю і тое, што я ніколі дома не заседжваўся. І на рабоце шмат рухаўся, па дамах хадзіў, і дома па гаспадарцы працаваў. У маладыя гады мы з жонкай трымалі вялікую гаспадарку, як і ўсе сельскія людзі.    

— Васілій Ісакавіч, а што вас радуе сёння, што цешыць душу?
— Само жыццё! Я на сваіх нагах, магу пра сябе паклапаціцца, мне цікава, што робіцца ў свеце, люблю з людзьмі пагаварыць. Проста жыць – самая вялікая радасць. І як сталы чалавек, які шмат чаго бачыў, як медык хачу сказаць: любіце жыццё, беражыце здароўе, даражыце сваімі блізкімі і радуйцеся кожнаму новаму дню.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 4026 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.