27.10.2017 13:38

«Лучшие люди одеты в бойцовки»

Успаміны маладзечанца Уладзіміра Хурсана -- былога будатрадаўца.

«Лучшие люди одеты в бойцовки» "Маладзечанская газета"


Што такое байцоўка — сёння ведае далёка не кожны малады чалавек. Між тым у савецкі час куртка колеру хакі з эмблемай і значкамі была ў  многіх студэнтаў, якія летам працавалі ў будаўнічых атрадах. Магчыма, і цяпер хто-небудзь захоўвае гэты рарытэт як памяць аб сваёй камсамольскай маладосці.

Напярэдадні 99-й гадавіны з Дня нараджэння камсамола, які адзначаецца 29 кастрычніка, мы ўспаміналі рамантыку будатрадаў разам з педагогам з Маладзечна Уладзімірам Хурсанам. У 1981 годзе ён, адзіны студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, быў узнагароджаны медалём «За трудовое отличие». Так высока дзяржава ацаніла яго ўклад у развіццё будатрадаўскага руху. Тады Уладзіміру было 24 гады, ён вучыўся на чацвёртым курсе гісторыка-педагагічнага факультэта.

З першай зарплаты – першыя джынсы

Пасля першага курса Хурсана прызначылі камісарам факультэцкага будатрада, для якога хлопцы прыдумалі прыгожую назву «Славуціч». На той час Уладзімір адслужыў у арміі, уступіў у Камуністычную партыю. Ён рана стаў самастойным і зразумеў, што спадзявацца можа толькі на сябе: яму было ўсяго восем гадоў, калі памерла маці, вучыцца давялося ў школе-інтэрнаце. Для яго будатрад быў выдатнай магчымасцю набрацца жыццёвага вопыту, праверыць свае арганізатарскія здольнасці, навучыцца наладжваць стасункі з людзьмі, падзарабіць грошай. Два месяцы першакурснікі працавалі на будаўніцтве мехмайстэрань на Гродзеншчыне. У сем раніцы – пад’ём, снеданне, затым абавязковае пастраенне, у час якога той, хто найлепш працаваў напярэдадні, узнімаў сцяг атрада. «І гэта была не проста фармальнасць, мы сапраўды падводзілі вынікі, спаборнічалі, вызначалі каэфіцыент карыснага дзеяння, давалі справаздачы ў штаб пра тое, колькі асвоілі сродкаў. Тры дні ўдарнай працы былі бясплатнымі, у кожным атрадзе быў ганаровы баец, найчасцей герой вайны»,  — успамінае Уладзімір Уладзіміравіч. І хаця працавалі больш чым па восем гадзін і з адным выхадным у нядзелю, паспявалі дапамагчы мясцовым ветэранам вайны, запісаць іх успаміны (гэта было абавязковым патрабаваннем), стварыць агітбрыгаду і даць канцэрты ў мясцовым клубе, правесці спартыўныя спаборніцтвы. І, безумоўна, закахаць у сябе мясцовых дзяўчат... Хлопцы-гісторыкі былі зайздроснымі жаніхамі: спартсмены, гітарысты. Уладзімір не выключэнне. Ён займаўся лёгкай атлетыкай, была ў яго і гітара. Успамінае любімыя будатрадаўскія песні «Всё леса, леса Белоруссии», «Яростный стройотряд»…

Будатрадаўцам катэгарычна не дазвалялася купацца – за гэта маглі нават адлічыць з атрада. Як і за злоўжыванне алкаголем. Ды хлопцы і самі да яго не былі ахвочымі: працаваць з ранку да вечара пасля выпіўкі цяжка. Першая зарплата была не вельмі высокай. Мой субяседнік успамінае, што амаль уся яна пайшла на новыя джынсы, якія ў 70-я гады былі вялікім дэфіцытам. Куплялі іх у Гродне на рынку ноччу ў фарцоўшчыкаў, гандаль ішоў пры святле ліхтарыкаў…

На каналах качалі мышцы

Пасля другога курса Уладзімір у якасці камандзіра сам адбіраў байцоў у «Славуціч», і гэта былі невыпадковыя хлопцы. З таго часу ўтварыўся надзейны касцяк будатрадаўцаў, з якімі сябруе, падтрымлівае сувязі і сёння. Сярод іх дырэктар СШ №11 Аляксандр Люльковіч, з якім пяць гадоў пражылі ў адным пакоі, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Леанавец, бізнесмен Пётр Леута, палкоўнік КДБ Вячаслаў Сярко… Як тут не пагадзіцца з радкамі песні, вынесенымі ў загаловак. Сапраўды, выдатны патэнцыял быў у студэнтаў, якія лета напралёт працавалі на будоўлях нараўне з прафесіяналамі. На Слонімшчыне «славуцічы» ўмацоўвалі меліярацыйныя каналы: добра аплачваемая, але вельмі цяжкая ручная работа, на якой мышцы качаліся лепш, чым у трэнажорнай зале. Стаялі па калена ў вадзе, забівалі на паўметра драўляныя брусы ў дно канала, затым іх абшывалі драўлянай фашынай, выкладвалі дзёрнам берагі. Калі на будоўлі нярэдка здараліся перабоі з будматэрыяламі, то тут іх не было. Таму ўдавалася вельмі добра зарабіць — па 500 рублёў (на той час сярэдняя зарплата ў краіне была 120-150 рублёў). Жылі ў вагончыках, якія на сонцы награваліся, нібы бляшанкі. А на іх дахах сушылі лекавыя травы: будатрадам даводзілі план па іх нарыхтоўцы. Адзін з вагончыкаў быў прыстасаваны пад «палявую кухню», прычым Уладзімір стараўся браць поварамі замужніх студэнтак, мужы якіх працавалі тут жа. Разлік быў правільны: яны ўсіх стараліся накарміць гэтак жа смачна, як сваіх каханых… Праўда, камандзір, які працаваў нараўне з усімі, за два месяцы худзеў кілаграмаў на пяць ад напружання, адказнасці за жыццё і здароўе 25 чалавек. Адметна, што ніколі ніхто з падначаленых не папрасіўся дадому: як бы цяжка ні было, прыстасоўваліся, выконвалі пастаўленыя перад імі задачы. Каб больш зарабіць, у выхадныя дні яшчэ падвязваліся разгружаць вагоны з цэментам.

Зарабіў на вяселле

Пасля трэцяга курса Хурсан узначаліў атрад «Альтаір», у які ўвайшлі студэнты з усіх факультэтаў універсітэта. Цэлы эшалон запоўніла моладзь у байцоўках: ён адпраўляўся з Мінска ў Карэлію. Везлі з сабой не толькі гітары: запасліся на радзіме бульбай, макаронай, крупамі, тушонкай – у Карэліі ўсё гэта было нашмат даражэйшым. У адным з гарпасёлкаў студэнты будавалі хлебазавод, магчыма, ён і цяпер забяспечвае хлебам мясцовых жыхароў. Нездарма сярод вершаваных радкоў на папулярную ў савецкі час будатрадаўскую тэму былі і такія: «Строками улиц, буквами зданий напишем послание в будущий век…». Успамінаюцца тайга, у якую з-за машкары немагчыма было зайсці без маскітных сетак, процьма рыбы, прыгожая прырода. Зрэшты, любавацца ёю не было калі: хлопцы стараліся зарабіць як мага больш. У кожнага былі свае планы. Уладзімір жа збіраў грошы на вяселле. Яго выбранніца Людміла Кісель таксама вучылася на гістфаку, праўда, у будатрады разам з будучым мужам не ездзіла, толькі пісьмы пісала. Пажаніліся студэнты пасля трэцяга курса. Праз некаторы час пасля заканчэння ўніверсітэта Хурсаны пераехалі ў наш горад, адкуль Людміла Іванаўна родам. Яна шмат гадоў працавала намеснікам дырэктара СШ №8, цяпер узначальвае дзіцячы аздараўленчы лагер «Лясны». Уладзімір Уладзіміравіч выкладаў гісторыю ў Заскавіцкай школе, пачатковую ваенную падрыхтоўку ў Турэц-Баярскай, быў дырэктарам Палачанскай СШ, апошнія дзесяць гадоў працуе выхавальнікам у санаторнай школе-інтэрнаце.

Лепшыя ўспаміны жыцця       

На чацвёртым курсе «Славуціч» на чале з Хурсанам бетанаваў дамбы на Зэльвенскім вадасховішчы, якое дзейнічае і сёння. Адметна, што ў вучэбны час Уладзімір узначальваў штаб працоўных спраў універсітэта, дзе студэнты пасля заняткаў асвойвалі рабочыя спецыяльнасці – бетоншчыка, стропальшчыка, муляра. І гэта былі навыкі, якія спатрэбіліся не толькі летам у будатрадзе, але і ў далейшым жыцці.

Уладзімір Уладзіміравіч захаваў нумар газеты «Знамя юности» ад 21 чэрвеня 1981 года, у якім надрукаваны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджванні яго медалём «За трудовое отличие». Уручаў яго тагачасны першы сакратар Гродзенскага абкама партыі Леанід Кляцкоў, Уладзімір выступаў са словамі падзякі ад імя ўсіх узнагароджаных. Прыемна, што раённая газета яго роднага Іўеўскага раёна таксама напісала пра гэту падзею, павіншавала бацьку, які на той час працаваў вадзіцелем на аўтабазе.

Ва ўніверсітэце цанілі вопыт і арганізатарскія здольнасці Уладзіміра, з трэцяга курса дазволілі яму вольнае наведванне заняткаў. На пятым ён быў камандзірам занальнага будатрада, у які ўваходзіла 8 атрадаў з пяці раёнаў. Камісарам абласнога СБА яго прызначылі, калі пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у абкаме камсамола. І ўсё ж з найбольшай настальгіяй ён успамінае свае першыя лінейныя будатрады, называе іх сапраўднай школай жыцця. І ганарыцца, што ўсе пяць студэнцкіх гадоў летам яго параднай формай была байцоўка колеру хакі…


Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў Уладзіміра ХУРСАНА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/perekrestki-zhizni/item/1781-luchshie-lyudi-odety-v-bojtsovki.html#sigProIdc0afef89bc
Прочитано 4597 раз Последнее изменение 27.10.2017 13:38
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.