15.09.2017 14:04

«Здравия желаем, товарищ библиотекарь!»

Былі часы, калі менавіта так, па-ваеннаму, звярталіся чытачы да Валянціны Федаровіч. Цяпер яна загадвае гарадской спецыялізаванай бібліятэкай №18 на ўнітарным прадпрыемстве «ЭНВА» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Між тым 15 гадоў, ці, як кажуць ваенныя, календароў, Валянціна Аляксееўна адслужыла ў расійскай арміі, была не толькі бібліятэкарам у воінскай часці, але і радыёкінамеханікам, тэлеграфісткай, справаводам, навучылася маршыраваць, страляць, уставаць сярод ночы па трывозе. Дваццаць чатыры гады яна пражыла на Далёкім Усходзе паблізу кітайскай мяжы, 11 гадоў таму пераехала з мужам на яго радзіму ў Беларусь.

Чытачы ў Валянціны Аляксееўны асаблівыя, да кожнага яна мае падыход. Чытачы ў Валянціны Аляксееўны асаблівыя, да кожнага яна мае падыход. "Маладзечанская газета"

«Тульскі самавар важу з сабой!»

Куды б ні закідваў лёс Валянціну Аляксееўну, разам з ёю заўсёды быў тульскі самавар, які  застаўся ў спадчыну ад маці. Цяпер ён у бібліятэцы, дзе мая субяседніца ладзіць чаяпіцці для самых актыўных чытачоў.

Вырасла Валянціна ў шахцёрскім пасёлку Красніцкі пад Тулай. Бацькі, як і большасць яго дарослых жыхароў, былі шахцёрамі. Нягледзячы на цяжкую працу і адукацыю ўсяго ў чатыры класы, маці вельмі любіла чытаць, прывіла любоў да літаратуры дачцэ. Яшчэ адзін прыклад для пераймання – суседка Вера Катуркіна, мясцовы бібліятэкар. Менавіта на яе хацела быць падобнай Валя, таму і паступіла ў Тульскае культасветвучылішча на бібліятэчнае аддзяленне. Размеркавалі ў пасёлак пад Арлом з дзіўнай назвай Чэрнь. Па легендзе, ехала ля яго Кацярына ІІ, убачыла пажарышчы і назвала так гэта месца. У Арле знаходзіўся філіял Маскоўскага інстытута культуры, у якім дзяўчына прадоўжыла прафесійную адукацыю. Там выйшла замуж за курсанта, якога ў пачатку 1980-х размеркавалі на Далёкі Усход, у Амурскую вобласць.

Успамінае, як па нявопытнасці зімой (а там яна доўжыцца з лістапада па красавік) пафарбавала тушшу вейкі, прайшлася па вуліцы, дамоў вярнулася, а яны адваліліся разам з фарбай… Без валёнкаў зімой было не абысціся. Іншы раз незнаёмыя людзі маглі падысці і пачаць расціраць шчокі: сам і не заўважыш, што яны прымярзаюць. Між тым кароткае лета было вельмі спякотным: паспявалі паспець баклажаны, перцы, памідоры, пра ніякую фітафтору ніхто і не чуў. Але зямля нават летам не адтавала: праз паўметра ад паверхні была вечная мерзлата. Яблыкі па памеры не нашмат большыя за нашу рабіну, увесь ураджай можна ўмясціць у шклянку. Сапраўдныя яблыкі, як і іншую садавіну, агародніну, прывозілі з Кітая, які быў літаральна праз раку. У Благавешчанску кітайцы гандлявалі на рынку. Цэны заломвалі вялікія, але мясцовыя жыхары ведалі: трэба таргавацца, прычым першапачатковую цану адразу зніжаць у чатыры разы…

Радавы, малодшы сяржант...

Жонкам ваенных не так проста ўладкавацца працаваць у воінскай часці – закрытай тэрыторыі, якая знаходзіцца паблізу невялікіх населеных пунктаў. Работа па спецыяльнасці – гэта вялікае шанцаванне. Так было і ў Валянціны: спачатку давялося спасцігаць сакрэты прафесіі касіра ў ашчаднай касе, пакуль вызвалілася месца бібліятэкара ў часці. Камандаванне перад ёю ставіла задачу: па выхадных днях салдаты павінны быць занятыя. Таму не толькі кнігі, перыёдыку ім прапаноўвала, але разам з зампалітам ладзілі розныя мерапрыемствы, тактоўна, разумна, дазіравана даводзілі да воінаў палітычную інфармацыю. А часы пачыналіся неспакойныя: памёр Брэжнеў, пачасціліся правакацыі на мяжы з Кітаем…

У чарговым гарнізоне, куды накіравалі мужа, Валянціне зноў пашчасціла ўладкавацца ў батальённую бібліятэку. Але паставілі ўмову: хочаш працаваць — прызывайся ў армію. З ёю заключылі кантракт, прысвоілі званне радавога. Валянціна апранула ваенную форму, якая, да слова, ёй вельмі пасавала. Успамінае вучэнні, нарады, маршыроўкі на пляцы, калі яе, невялічкую, з двух бакоў салдаты прытрымлівалі локцямі, каб не спатыкнулася... «Страляць у мяне лепш атрымлівалася з аўтамата, чым з пісталета», — успамінае субяседніца. Калі расфарміравалі часць, давялося асвоіць прафесію тэлефаністкі, пазней была справаводам. Дарэчы, усе загады, дакументы трэба было пісаць толькі чарнілам… У адстаўку Валянціна пайшла ў званні малодшага сяржанта.

Спартанскія ўмовы жыцця, суровы клімат накладвалі адбітак на характар і паводзіны людзей, на іх узаемаадносіны. «Проверка на вшивость» праходзіла вельмі хутка, там адразу было бачна, хто ёсць хто. Там вельмі цанілі сапраўдную дружбу, узаемавыручку», — гаворыць Валянціна Аляксееўна і адзначае, што ёй пашанцавала на суседзяў, якія за гады сумеснай службы сталі роднымі людзьмі. Пяць сем’яў ваенных настолькі здружыліся, што і цяпер падтрымліваюць адносіны, хаця жыццё раскідала іх па розных краінах. Дарэчы, старэйшы сын Валянціны Аляксееўны застаўся на Далёкім Усходзе. Ён закончыў вышэйшае мараходнае вучылішча, працуе старшым механікам на адным з гандлёвых суднаў, дасканала валодае англійскай мовай.

Замест вачэй – вушы і пальцы

Больш за дзесяць гадоў Валянціна Федаровіч працуе ў сістэме цэнтральнай раённай бібліятэкі, тры апошнія – на «ЭНВЕ». «Калі я толькі прыйшла сюды і пазнаёмілася з чытачамі, з іх праблемамі, зразумела, наколькі мы, відушчыя, шчаслівыя людзі, — шчыра гаворыць субяседніца. — Іншы раз скардзімся на цяжкасці, ныем. Між тым тыя, хто ніколі не бачыў неба, сонца, твару свайго дзіцяці, не раскісаюць, не страчваюць аптымізм і цікавасць да жыцця. Кнігі для іх – асноўная сувязь са светам. У мяне больш за 300 чытачоў. Некаторыя з іх асвоілі Брайля, многія слухаюць аўдыёкасеты, дыскі. Спачатку было нязвыкла, што з чытачом, які зайшоў у бібліятэку, трэба не проста павітацца, а дапамагчы яму сесці на крэсла са спінкай, каб ён адчуваў сябе ўпэўнена. Большасць наведвальнікаў не толькі  прыходзіць па новую літаратуру, ім хочацца падзяліцца навінамі, расказаць пра сваё жыццё, праблемы. Так я пакрысе станаўлюся псіхолагам…».

З вялікай павагай бібліятэкар расказвае пра сваіх чытачоў. Самаму старэйшаму сярод іх – Івану Пятрову — споўнілася 90. 80-гадовы Валерый Мілічэнка не толькі захапляецца гістарычнымі раманамі, але і сам напісаў кнігу пра сваё жыццё пад назвай «Мой цяжкі лёс». Шмат чытае былы дырэктар прадпрыемства «ЭНВА» Анатолій Енін.  «Гісторыя і асоба», «Востры сюжэт» — серыі гэтых выданняў  на шрыфце Брайля карыстаюцца папулярнасцю. Як і гукавы часопіс «Товарищ» ГА «БелТІЗ», у якім расказваецца аб жыцці інвалідаў па зроку. Моладзь аддае перавагу літаратуры на лічбавых носьбітах, а вось пенсіянеры па-ранейшаму берагуць свае магнітафоны-касетнікі. «Вы слухалі гэту кнігу? – спачатку пыталася ў чытачоў Валянціна Аляксееўна. «Не, я чытаў!» — нязменна папраўлялі яны бібліятэкара…

Людзей розных узростаў аб’ядноўваюць праекты, мерапрыемствы, якія мая субяседніца праводзіць самастойна і сумесна з супрацоўнікамі кабінета рэабілітацыі інвалідаў па зроку. Рэгулярна ладзіць яна літаратурныя чытанні па радыёвузле прадпрыемства. Цяпер падрыхтавала інфармацыю, прысвечаную 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Удалым атрымаўся адзін з нядаўніх праектаў «Чытаем Купалу разам», калі моладзь і пенсіянеры дэкламавалі вершы народнага паэта. Цёпла праходзяць сустрэчы з чытачамі за кубкам гарбаты. А па пятніцах Валянціна Аляксееўна прыносіць літаратуру дамоў тым, хто сам не мае магчымасці прыйсці ў бібліятэку: «Ведаю, што мяне чакаюць, што кнігі, якія я прыношу, вельмі патрэбныя, таму заўсёды з радасцю іду да сваіх чытачоў. Іх нельга не паважаць за сілу духу, аптымізм. Я вучуся ў іх любіць жыццё і ўмець радавацца кожнаму дню».

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 7771 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.