Справаздача аб рабоце
Пра сваю дзейнасць у парламенце і работу вышэйшага заканадаўчага і прадстаўнічага органа краіны расказала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сарока. Яна адзначыла, што пасля абвяшчэння незалежнасці ў 1991 годзе Беларусь стала парламенцкай рэспублікай. Тады функцыянаваў Вярхоўны Савет, выразнага падзелу ўлады на заканадаўчую і выканаўчую не існавала.
Прынятая на рэферэндуме 24 лістапада 1996 года ў новай рэдакцыі Канстытуцыя абвясцiла Рэспублiку Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай якой з’яўляюцца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі. Згодна з Асноўным законам быў створаны двухпалатны парламент (Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь). Пры яго фарміраванні былі ўлічаны інтарэсы органаў тэрытарыяльнага самакіравання, забяспечана больш поўнае прадстаўніцтва ўсіх слаёў грамадства, аптымізавана колькасць дэпутатаў. Калі ў склад Вярхоўнага Савета ўваходзіла 260 парламентарыяў, то ў сучасны парламент — 174.
— Палаты Нацыянальнага сходу засядаюць паасобна, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых заканадаўствам, — падкрэсліла Святлана Рыгораўна. — Поўны склад Савета Рэспублікі – 64 парламентарыі. Іх выбіраюць дэпутаты Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і Мінска (па 8 чалавек). Яшчэ 8 прызначае Прэзідэнт. Усе 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў выбіраюцца грамадзянамі на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Выступоўца паведаміла, што за час дзейнасці Нацыянальнага сходу І-V скліканняў было прынята 2090 законаў, 34 кодэкса і 865 законаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў. Дэпутаты правялі 33 парламенцкія слуханні, разгледзелі каля 36000 зваротаў выбаршчыкаў, наладзілі кантакты з калегамі з больш чым 60 краін свету.
Святлана Сарока заклікала працоўныя калектывы прыняць актыўны ўдзел у выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.
Даходы, занятасць, ахова працы
Па інфармацыі намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ліліі Еўдакімавай, сярэднямесячная заработная плата работнікаў раёна за першае паўгоддзе склала 6067,5 тысячы недэнамінаваных рублёў (за чэрвень 6505,8 тысячы). Тэмп росту намінальнай заработнай платы ў адносінах аналагічнага перыяду мінулага года – 107,8 і 107,6 працэнта адпаведна. Работнікі Маладзечаншчыны атрымліваюць 87,6 працэнта заработнай платы ад абласнога ўзроўню і 86,8 – ад рэспубліканскага.
— Узровень беспрацоўя ў раёне паступова зніжаецца і цяпер складае 1,81 працэнта, — адзначыла Лілія Станіславаўна. — На ўліку ў службе занятасці зарэгістравана каля 1090 беспрацоўных, колькасць прэтэндэнтаў на адну вакансію раўняецца 3,65 (у маі іх было каля 20). З пачатку года створана 320 новых рабочых месцаў. Яшчэ 45 чалавек накіравана на перанавучанне.
Л. Еўдакімава нагадала, што сёлета на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна адбылося 7 выпадкаў вытворчага траўматызму з цяжкімі наступствамі (у тым ліку адзін смяротны). Каб папярэджваць падобнае, пры райвыканкаме створана спецыяльная мабільная група. З пачатку года яна праверыла больш за 60 суб’ектаў гаспадарання.
Будзьце здаровымі!
Аб неабходнасці супрацьстаяць эпідэміі грыпу гаварылі памочнік урача-эпідэміёлага аддзела эпідэміялогіі Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Марачынская, урач-імунолаг дзіцячай паліклінікі Марыя Байкова і намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Уладзімір Сымановіч.
Медыкі паведамілі, што імунізацыя супраць грыпу пачнецца ў верасні і працягнецца да 1 снежня. У першую чаргу прышчапіцца павінны дзеці, асобы пасля 65 гадоў, людзі з хранічнымі захворваннямі. Усяго імунізацыяй плануецца ахапіць 40 працэнтаў жыхароў горада і раёна.
Фота: Аляксей ПЛАТКО