Адзінокія не адны
Разабрацца ў жыццёвых сітуацыях некаторых асоб, вырашыць пытанні з працаўладкаваннем і падсумаваць вынікі работы з непрацаздольнымі грамадзянамі ў Краснае пры-
ехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Барада, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Таццяна Шафаловіч, прадстаўнікі РАУС, ГРАНС і шэрагу зацікаўленых арганізацый.
Як адзначыла Алена Барада, на тэрыторыі Красненскага сельсавета налічваецца 449 грамадзян, якія жывуць адны, і 86 адзінокіх пажылых людзей. Дзевяць сацыяльных работнікаў платна абслугоўваюць 87 непрацаздольных (з іх 17 адзінокіх) вяскоўцаў.
Найбольш запатрабаваныя паслугі — дастаўка на дом прадуктаў, тавараў і лякарстваў, прыгатаванне ежы, паленне ў печы, вынас смецця, уборка памяшканняў… Кошт аднаго візіту ў залежнасці ад камфортнасці жылля складае ад 1,19 да 1,74 рубля. У сельсавеце на льготных умовах (60 працэнтаў ад тарыфу на паслугі) абслугоўваецца 12 грамадзян.
— З пачатку года за кошт сродкаў фонду сацыяльнай абароны матэрыяльная дапамога на набыццё паліва, рамонт жылля і іншыя патрэбы аказана 27 жыхарам сельсавета, — падкрэсліла Алена Міхайлаўна. – Яшчэ 14 грамадзян атрымалі гуманітарную дапамогу, 62-м кампенсаваныя выдаткі на набыццё прадметаў медыцынскага прызначэння, 12 інвалідаў першай і другой груп бясплатна атрымалі сродкі сацыяльнай рэабілітацыі.
Жыццёвыя сітуацыі
На прафілактычную гутарку былі выкліканы некалькі жыхароў сельсавета. Раней гэтыя людзі траплялі ў поле зроку праваахоўных органаў і сацыяльнай службы. Некаторыя з іх сталі на шлях выпраўлення, а нехта правільных высноў не зрабіў.
Так, жанчына, якая злоўжывала спіртным, eладкавалася на працу, выхоўвае дзіця, падтрымлівае ў доме парадак. Паўстала пытанне аб зняцці яе са спецыяльнага ўліку.
У членаў савета не было прэтэнзій і да маці траіх дзяцей. Пасля распівання спіртнога на рабочым месцы яна была звольнена. Потым зноў уладкавалася на працу. Даведзеныя заданні выконвае добрасумленна. Працоўны кодэкс не парушае. Аб дзецях клапоціцца.
Да мнагадзетнага бацькі таксама не было б пытанняў, але ён своечасова не назапасіў дровы. А без паліва ўступаць у халодны сезон рызыкоўна. Тым больш што ў сям’і гадуюцца непаўналетнія. Старшыня Красненскага сельвыканкама Валянціна Кісель прапанавала дапамогу ў вырашэнні сітуацыі. Мужчына паабяцаў прывезці дровы ў бліжэйшы час.
Цяжкая размова адбылася з жанчынай, якая пасля пажару атрымала часовае (манеўровае) жыллё. Прадугледжаны законам тэрмін яго арэнды заканчваецца. Накапілася запазычанасць па камунальных плацяжах. Пры гэтым у запрошанай была рэальная магчымасць вырашыць пытанне, напрыклад, атрымаць службовае жылое памяшканне.
У перспектыве годных умоў для пражывання ў гэтай сям’і няма. Узнікла пагроза пазбаўлення маці бацькоўскіх правоў. Члены савета заклікалі жанчыну задумацца і перагледзець свае жыццёвыя прынцыпы. Калі гэта адбудзецца — дзяржава абавязкова дапаможа.
Хочаш працаваць? Дапаможам!
Працаздольным непрацуючым жыхарам сельсавета была дадзена магчымасць атрымаць вакансію і змяніць свой сацыяльны статус. Усяго з гэтай нагоды былі запрошаны 24 асобы, адгукнуліся на запрашэнне шасцёра чалавек. Ім прапанавалі розныя варыянты працаўладкавання.
Дарэчы, з мая члены пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва правялі 12 пасяджэнняў. У сельскай мясцовасці яны арганізавалі 15 інфармацыйна-кансультацыйных пунктаў.
Усяго за гэты час з ліку тых, хто звярнуўся ў камісію, працаўладкаваныя 23 чалавекі, 10 — праходзяць медкамісію, 7 — выказалі жаданне ўдзельнічаць у аплачваемых грамадскіх работах, 6 – атрымалі метадычную, прававую дапамогу.