20.09.2018 11:22

На должность заместителя председателя облисполкома назначен Иван Маркевич

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе №73 Івана Маркевіча на пасаду намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама. Кіраўнік дзяржавы разгледзеў кадравыя пытанні 18 верасня.


Дзейнасць Івана Станіслававіча цесна звязана з Маладзечаншчынай. Ён адказваў за наш раён, калі займаў пасаду кіраўніка спраў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Іван Маркевіч дасканала ведае стан спраў у многіх арганізацыях і на прадпрыемствах. Ён жаданы госць у працоўных калектывах. Вялікую ўвагу надае развіццю аграпрамысловага комплексу, сацыяльнай сферы, культуры, добраўпарадкаванню населеных пунктаў, павышэнню дабрабыту насельніцтва.

Іван Станіслававіч удзельнічаў у падрыхтоўцы раёна да святкавання рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2011». Галоўнае свята аграрыяў Беларусі павысіла прывабнасць нашай малой радзімы, яшчэ больш раскрыла яе эканамічны і культурны патэнцыял. Яно стала адным з найбольш яркіх падзей у жыцці раёна, вобласці, рэспублікі.

У 2016 годзе Іван Маркевіч быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Крэда дэпутацкай дзейнасці Івана Станіслававіча — дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. У час дэпутацкіх прыёмаў парламентарый дасканала вывучае кожную сітуацыю, дапамагае выбаршчыкам вырашаць надзённыя пытанні.

— Разгляд зваротаў выбаршчыкаў — важны напрамак дэпутацкай дзейнасці, — падкрэсліў у час аднаго з прыёмаў парламентарый. — Трэба ўлічваць думкі і настрой людзей, не замоўчваць праблемы, заўсёды знаходзіць шляхі іх вырашэння. Пры гэтым важна своечасова рэагаваць на патрэбы жыхароў акругі.

У практыцы дэпутацкай работы Івана Станіслававіча — сустрэчы з працоўнымі калектывамі, выязныя прыёмы, сумесныя прыёмы з дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў розных узроўняў, узаемадзеянне з органамі выканаўчай улады.

Вось некаторыя факты. З пачатку дэпутацкай дзейнасці народны выбраннік правёў у Маладзечанскім раёне 33 сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства грамадзян, у час асабістых прыёмаў сустрэўся з 120 выбаршчыкамі. На яго рахунку 138 разгледжаных зваротаў.

Вялікае значэнне для Івана Станіслававіча мае дабрачыннасць. Прычым многія дабрачынныя мерапрыемствы ён ініцыюе асабіста. Па-за ўвагай дэпутата не застаюцца мнагадзетныя сем’і, выхаванцы Радашковіцкай школы-інтэрната, пажылыя людзі і інваліды, якія жывуць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання ДУ «Маладзечанскі раённы ТЦСАН» у пасёлку Сасновы Бор.

Важна і тое, што ў якасці намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Іван Маркевіч уносіць вялікі ўклад у фарміраванне заканадаўчай базы Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнае будаўніцтва, павышэнне міжнароднага аўтарытэта рэспублікі.

Прадстаўнік выбаршчыкаў Маладзечаншчыны актыўна працуе ў Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, удзельнічае ў рабочых групах Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентамі Польшчы, Украіны, Егіпта, Кіпра, іншых дзяржаў.

Несумненна, вялікі жыццёвы і прафесійны вопыт Івана Маркевіча будзе запатрабаваны і на пасадзе намесніка старшыні аблвыканкама. Пры гэтым сваю дэпутацкую дзейнасць народны выбраннік прадоўжыць да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Наша даведка.

Іван Маркевіч нарадзіўся 24 ліпеня 1966 года ў вёсцы Мякішы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.

Закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут і з адзнакай Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі.

Папярэднія месцы працы: старшыня Валожынскага райвыканкама, кіраўнік спраў Мінскага аблвыканкама.



Прочитано 3073 раз Последнее изменение 20.09.2018 11:22
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.