Новости Молодечно и Молодечненского района

«Настаўнікі і вучні»

  • 2024-03-26 07:31:19
  • Людмила ЦАРЬ

Такая простая і разам з тым змястоўная назва выставы гаворыць сама за сябе.

На экспазіцыі ў выставачнай зале Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага прадстаўлены работы выкладчыкаў, выпускнікоў і навучэнцаў цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва каледжа.
Урачыстае адкрыццё выставы было шчырым на пачуцці і па-сяброўску цёплым. Паглядзець тут сапраўды ёсць на што. Невыпадкова маладзечанская школа выцінанкі вядомая за межамі не толькі раёна, але і краіны. Вялікая заслуга ў гэтым народнага майстра Беларусі Вікторыі Чырвонцавай і прадаўжальнікаў яе справы.

– Нашы навучэнцы дасягаюць выдатных вынікаў і заяўляюць аб сабе як самастойныя творцы. Спадзяёмся, што і далей яны будуць развівацца як мастакі і заўсёды памятаць пра сваю навучальную ўстанову і настаўнікаў, – сказала выкладчык цыклавой камісіі ДПМ народны майстар Лізавета Чырвонцава.

Экспазіцыя вельмі разнастайная па ўвасобленых тэмах і стылістыцы работ. У іх ліку «Чароўны момант», «Мелодыя вясны», «Матуліны кветкі», «Імгненні жыцця»… Адчуваецца асабісты погляд кожнага аўтара і індывідуальны падыход да раскрыцця тэмы, стылізацыі вобразаў.

Як адзначыла старшыня цыклавой камісіі ДПМ народны майстар Людміла Валковіч-Борыс, вельмі прыемна, што мастацтва выцінанкі папулярнае ў моладзі. Набытыя веды знаходзяць прымяненне у розных кірунках творчай дзейнасці. Людміла Мікалаеўна адзначыла пераемнасць пакаленняў. Падзякавала ўсім удзельнікам выставы, якая будзе працаваць на працягу сакавіка-красавіка. Запэўніла прысутных, што цікавыя мастацкія праекты знойдуць увасабленне на творчай прасторы музычнага каледжа.

Тэкст і фота: Людміла ЦАР