Новости Молодечно и Молодечненского района

«Жывая бібліятэка» ў Маладзечне правяла прафарыентацыйную сустрэчу

  • 2018-05-02 11:13:47
  • Лилия Липницкая

У чытачоў, у дадзеным выпадку старшакласнікаў, была магчымасць задаваць «кнізе» любыя пытанні ці проста паслухаць яе гісторыю пра тое, без якіх якасцей, навыкаў і ведаў немагчыма абысціся ў той ці іншай сферы, у чым асаблівасць кожнай прафесіі.

На ўсе «што?» і «чаму?» падлеткаў гатовыя былі адказаць канструктар Сяргей Русак, таваразнаўца Таццяна Васюта, эксперт-крыміналіст Юрый Будо, мастак Bazinato, Анастасія Лашук, якая вучылася за мяжой і займаецца перакладамі з замежнай мовы, і журналіст нашага выдання.

Як і заведзена ў рэальнай бібліятэцы, старшакласнікі і тут запоўнілі карткі і выбралі па чатыры «кнігі». На «чытанне» кожнай адводзілася 20 хвілін у невялікіх групах з 5-7 чалавек.

Назіраючы за працэсам з боку, можна зрабіць выснову, што нефармальныя стасункі падлеткаў і «кніг» былі актыўнымі і зацікаўленымі. Так, начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Юрый Будо прынёс з сабой чамаданчык эксперта і расказаў дзецям пра цікавыя выпадкі на месцах здарэнняў, паказаў простыя маніпуляцыі па выяўленні слядоў рук. Канструктар ААТ «Белэнергарамналадка» Сяргей Русак і адзін са старшакласнікаў настолькі захапіліся чарцёжнай праграмай на ноўтбуку, што працягвалі абмеркаванне нават пасля заканчэння мерапрыемства. Паміж сесіямі даваліся перапынкі па 5 хвілін, але іх ніхто не выкарыстаў, настолькі займальным было «чытанне». Пасля заканчэння сустрэчы старшакласнікі былі аднадушныя: мерапрыемства выдатнае, фармат цікавы, звесткі з першых вуснаў -- карысныя і ўнікальныя і будуць выкарыстаны пры вырашэнні важнага жыццёвага пытання «кім быць?».

-- Мы запланавалі гэта мерапрыемства даўно і даверыліся валанцёрам «Жывой бібліятэкі» ў вызначэнні фармату. У нашай школе ёсць класы з эстэтычным ухілам, патрыятычны клас, таму ў некаторых старшакласнікаў была сёння пэўная мэта. Падбор прафесій лічу вельмі ўдалым. Жывы кантакт аўдыторыі і гасцей -- гэта незвычайна і эфектыўна. Нашы вучні засталіся задаволенымі. Такую практыку варта працягваць, -- падзялілася ўражаннямі намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Ірына Пацалуева.

Што такое «Жывая бібліятэка»?

18 гадоў таму яе прыдумалі энтузіясты з Даніі і выкарысталі гэты прынцып камунікацыі для пераадолення забабонаў у грамадстве. Паступова ідэя распаўсюджвалася па ўсім свеце. «Жывыя бібліятэкі» існуюць сёння ў розных гарадах больш чым 70 краін. Тры гады таму першыя падобныя сустрэчы прайшлі і ў Беларусі, у Мінску. А праз год маладзечанка, малады педагог замежных моў Юлія Мароз, трапіла ў адну з аналагічных ЖБ у сталіцы, і ёй захацелася стварыць нешта падобнае ў родным горадзе. Спачатку ёй дапамагалі калегі-валанцёры з Мінска, а шукала «жывыя кнігі» і вяла папяровую працу яна адна. Першымі ўдзельнікамі праекта ў Маладзечне сталі знаёмыя Юліі і героі артыкулаў з мясцовых СМІ, якіх яна знайшла.

Цяпер над праектам у Маладзечне працуюць каля шасці валанцёраў, а «жывымі кнігамі» за два гады пабывалі каля васьмідзесяці чалавек.

-- «Жывая Бібліятэка» -- неабходная рэч. Яна дапамагае даведвацца пра іншых людзей. Яны такія ж, як ты, але адначасова адрозніваюцца ад цябе. Звычайна мы ладзім «чытанні» ў «Рэд Бары», там «кнігамі» выступаюць людзі, што сутыкаюцца са стэрэатыпамі, непаразуменнем, належаць да пэўнай меншасці альбо маюць незвычайнае хобі. Прафарыентацыйнае мерапрыемства ў СШ №14 – крыху новы вектар нашай працы і цікавы вопыт, мы будзем рады яго прадоўжыць з іншымі школамі, -- сказала Юлія Мароз.

Юлія Мароз, ініцыятар ЖБ у Маладзечне.




Фота: Наталля САДОВАЯ.