Наталля УСІК выкладае ў пачатковых класах Аляхновіцкай сярэдняй школы. Сваім вучням яна прывівае любоў да Радзімы, павагу да мінулага беларускага народа.
– У школе дзейнічае музей, экспанаты якога расказваюць пра гісторыю малой радзімы, – расказвае Наталля Іванаўна. – Актыўна вядзецца краязнаўчая работа. Дзеці ўдзельнічаюць у краязнаўчых экспедыцыях, ходзяць у паходы па Аляхновічах, Дубраве, іншых месцах. Школьнікі імкнуцца як мага больш даведацца пра аграгарадок і навакольныя вёскі. І дзеці, і дарослыя шануюць памяць землякоў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Ля помнікаў і памятных месцаў праходзяць урачыстасці.
Субяседніца ўпэўнена, што без шанавання гістарычнай памяці нельга пабудаваць будучыню. Як карані трымаюць дрэвы, так і веды пра мінулае злучаюць нас са сваімі продкамі. У выніку ўтвараецца вечнае кола жыцця.
Падзялілася Наталля Усік прыкладам са сваёй біяграфіі. У міжваенны час яе дзядуля жыў у Аляхновічах і працаваў на чыгунцы. Тады недалёка ад населенага пункта праходзіла савецка-польская граніца. Потым ён пераехаў у Маладзечна. У нашым горадзе нарадзілася маці Наталлі Іванаўны і яна сама.
Аднак, як кажуць, ад лёсу не схаваешся. Будучы муж субяседніцы быў з Аляхновічаў. Да яго яна і пераехала. Так замкнулася кола лёсаў.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ