Дапытлівых інтэлектуалаў 5-11 класаў ужо больш за дваццаць гадоў яднае раённы конкурс «Парад служэння навукам». Яго пераможцы (дыпламанты І, ІІ і ІІІ ступеняў) атрымліваюць «пуцёўку» на абласны конкурс (канферэнцыю) работ даследчага характару. Сёлета ён упершыню праводзіўся ў анлайн-фармаце. Туды былі накіраваныя 19 праектаў з Маладзечаншчыны, вылучаныя з 44 на раённым «Парадзе».
На абласны конкурс было прадстаўлена аж 775 работ, у заключны тур адабралі 250, у тым ліку 11 — з нашага рэгіёна. Чатыры з іх трапілі ў лік лепшых.
Дыпломамі І ступені адзначаны Сабіна Рубан (10 клас, гімназія №7, секцыя «Літаратуразнаўства») і Вікторыя Паўлоўская (11 клас, Турэц-Баярская СШ, «Геаграфія»). Сабіна прасачыла за тым, як аўтар сучаснага бестселера «Мятная казка» Аляксандр Палярны змог прыцягнуць увагу чытача. А Вікторыя прапанавала адправіцца ў квэст-экскурсію па родным краі пры дапамозе мабільнага дадатку izi.TRAVEL. Школьніца сканцэнтравалася на сямі самых адметных, на яе погляд, архітэктурных аб’ектах у Лебедзеве, Маліноўшчыне, Беніцы, Прудах.
Дзевяцікласніцу СШ №5 Вераніку Хвясечку хвалююць праблемы экалогіі і, у прыватнасці, дрэннае ўздзеянне поліэтыленавых пакетаў на навакольнае асяроддзе. Яна параўнала сістэму іх утылізацыі ў Германіі і Беларусі. І прапанавала канкрэтныя мерапрыемствы па вырашэнні праблемы на ўзроўні школы, горада, дзяржавы. Яе праект адзначаны дыпломам ІІ ступені ў секцыі «Нямецкая, французская, іспанская, кітайская мовы, філалогія, краязнаўства».
Ілья Жыроўскі, 5-класнік гімназіі №6, нягледзячы на свой юны ўзрост, сканцэнтраваў увагу на адным з самых неадназначных у літаратуры жанраў хорары. Па меркаванні Ільі, чалавек цягнецца не толькі да прыгожага, але і да жудаснага. У стрэсавых сітуацыях мы мабілізуемся, становімся моцнымі, больш уважлівымі. Страх і ёсць крыніца такой сітуацыі. Пры гэтым, разумеючы, што рэальнай пагрозы няма, чалавек атрымлівае задавальненне ад вострых адчуванняў, якія ён можа атрымаць, калі чытае творы такога жанру. Работа навучэнца адзначана дыпломам ІІІ ступені ў секцыі «Філалогія».
Безумоўна, дасягнуць поспеху дапамагалі дзецям настаўнікі, якія пайшлі ўслед за іх інтарэсамі. Увогуле, вучні даследавалі беларускую мову, спорт, унікалі ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Іх увагу прыцягнулі праблемы экалогіі і медыцыны, ІТ-тэхналогіі, краязнаўства… Адметна, што не адна работа была звязана з родным краем. У іх ліку, напрыклад, быў праект пра залатое сячэнне ў архітэктуры Маладзечна. Юныя даследчыкі звярталіся таксама да творчасці беларускіх і рускіх класікаў літаратуры Ніла Гілевіча, Аляксандра Пушкіна, іншых. Была і работа, аб’ектам даследавання якой стаў… кот Максім.