Новости Молодечно и Молодечненского района

З «Белай Руссю» – у першы клас!

  • 2017-08-22 09:25:30
  • Ірына Рабушка

Хлопчыкам і дзяўчынкам уручылі школьныя рукзакі з лагатыпам «Белай Русі» і вучнёўскія прылады. Старшыня арганізацыі па вытворчым прынцыпе Зоя Кокаш пажадала будучым першакласнікам, каб у іх былі добрыя адзнакі, самыя акуратныя сшыткі, і наогул цікавага падарожжа па краіне ведаў. Як вопытны педагог, яна дала словы наказу і бацькам.

— Мамам і татам абавязкова трэба падтрымліваць сваіх дзяцей. Вельмі важна супрацоўнічаць з настаўнікамі. І, безумоўна, трэба запасціся цярпеннем… — падкрэсліла Зоя Леанідаўна.

На сустрэчы былі прадстаўнікі гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі. Самыя далёкія госці – з Дубрава. У Наталлі Пякарскай у першы клас пойдзе малодшая дачка Паліна, для якой мама стане і… першай настаўніцай. Наогул, у гэтай сям’і пяцёра дзяцей – дзве дачкі і трое сыноў, старэйшы Ігар праходзіць ужо тэрміновую службу.

— У сферы адукацыі працую больш за 20 гадоў, але сёлета 1 Верасня для мяне асаблівы дзень. Вельмі хвалююся, бо сярод маіх вучняў будзе дачка. Яна адзіная з сыноў і дачок, каго давядзецца вучыць і выхоўваць у такой якасці, — зазначае Наталля. – Шмат гадоў настаўніцай пачатковых класаў працавала ў Дубраўскай школе і мая мама, яна вучыла старэйшага ўнука.

Сярод будучых першакласнікаў гарадской СШ №1 імя Янкі Купалы была Мар’ям Рафаловіч, якая прыйшла на сустрэчу разам з татам. Аляксандр Адамавіч выкладае інфарматыку ў гэтай навучальнай установе. У яго таксама сямейная дынастыя педагогаў. Напрыклад, мама прысвяціла падрастаючаму пакаленню 33 (!) гады, была настаўніцай пачатковых класаў у СШ №9.

Прыемна было пагутарыць прысутным з Людмілай Канановіч. Нягледзячы на тое, што яна працуе ў парламенце, застаецца і членам «Белай Русі».

1 Верасня Людміла Мікалаеўна лічыць для сябе асаблівым днём. Як вядома, яна прайшла шлях ад настаўніцы матэматыкі да кіраўніка гімназіі №3. Сярод яе вучняў быў і сын.

— Заўсёды з гонарам гавару, што мая прафесія – настаўнік, — заўважае Людміла Мікалаеўна. – Апошнім часам дзяржава надае вялікую ўвагу адукацыі, імкнецца падтрымаць педагогаў і зрабіць навучальны працэс больш дасканалым. Асабіста для мяне галоўнае, каб нашы дзеці пайшлі ў школу шчаслівымі і яна сапраўды стала для іх другім домам.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.