1 мая ў памяшканні цэнтралізаванай клубнай сістэмы (былы Дом культуры чыгуначнікаў) па ініцыятыве раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў і раённага савета ветэранаў пройдзе своеасаблівы парад ардэнаносцаў.
У адной зале збяруцца тыя, чые ратныя подзвігі і працоўныя перамогі высока адзначаны дзяржавай. У іх ліку будзе і кавалер ордэна Дружбы народаў настаўнік нямецкай мовы гімназіі №10 Барыс Вайцяхоўскі.
– Так-так, я меў нямала заманлівых прапаноў — і вайскоўцам быць, і партыйным работнікам з перспектывай кар’ернага росту, але аргументы «адказных таварышаў» не здолелі памяняць мае перакананні. Я і цяпер, аглядваючыся назад, не шкадую аб зробленым некалі выбары. І люблю цытаваць старажытнага кітайскага мысліцеля і філосафа Канфуцыя: «Выберы сабе работу па душы, і табе не давядзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці». Гэта пра мяне.
Зрэшты, якія могуць быць шкадаванні, калі не толькі сам годна, з высока ўзнятай галавой ішоў па жыцці, але і дапамог знайсці сваю дарогу іншым? Колькі іх, з кім Барыс Уладзіміравіч дзяліўся сакрэтамі замежнай мовы і навукай быць чалавекам, прафесіяналам і грамадзянінам?
Вось і ў час нашай апошняй сустрэчы давялося пераканацца, што гордае званне Настаўнік у дачыненні да гэтага чалавека трэба пісаць толькі з вялікай літары. І ніяк інакш.
… У гімназіі ішло ўшаноўванне пераможцаў і прызёраў абласнога і рэспубліканскага этапаў прадметных алімпіяд 2018 года. Адразу трынаццаць прызавых месцаў дасталася вучням старэйшых класаў навучальнай установы. І сярод іх – чацвёра, з якімі працаваў Барыс Уладзіміравіч. І як выкладчык, і як трэнер.
Барыс Вайцяхоўскі закончыў Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў і атрымаў размеркаванне ў школу-інтэрнат у Клецкім раёне. Аднак ужо праз два месяцы быў прызваны на вайсковую службу – добрае веданне нямецкай мовы, скачкі з парашутам, якія ён асвоіў у інстытуце, спатрэбілася савецкаму «спецназу» – Германія ўсё яшчэ лічылася патэнцыйным праціўнікам.
Барысу прапаноўвалі застацца ў арміі, быць перакладчыкам. І заробак добры прапаноўвалі, і кватэру ў перспектыве… Але гэта было не яго. Клікала школа, прыцягвалі дзеці.
Разам з жонкай, таксама выпускніцай іняза, і малышкай-дачкой праз некаторы час перабраліся ў Маладзечна. Горад спадабаўся Барысу яшчэ ў часы службы, калі праз яго з Мар’інай Горкі даводзілася ехаць на скачкі да віцебскіх дэсантнікаў.
– Тры гады – з 1963 па 1966 – выкладаў нямецкую мову ў «першай» школе. Яшчэ столькі ж часу быў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, – нібы перагортвае старонкі працоўнай кніжкі Барыс Уладзіміравіч. – Затым дырэктар СШ №2 – зноў жа тры гады. А затым дваццаць шэсць гадоў адпрацаваў дырэктарам СШ №10. Пры мне стала яна беларускамоўнай гімназіяй, набыла вядомасць не толькі ў Беларусі, але і ў Германіі – мы наладзілі цесныя кантакты з нямецкімі настаўнікамі і вучнямі. Добрыя адносіны працягваюцца і сёння.
У 1981 годзе педагагічныя дасягненні і арганізатарскія здольнасці дырэктара сярэдняй школы №10 горада Маладзечна Барыса Вайцяхоўскага былі адзначаны ордэнам Дружбы народаў.
Барыс Уладзіміравіч – прыроджаны аптыміст. Нават з узростам гэтая якасць характару не ўступіла месца абачлівасці і разліку. Ён быў і застаецца настаўнікам, вёў інтэрнацыянальную работу, узначальваў суполкі беларуска-польскай і беларуска-нямецкай дружбы, быў членам БРК прафсаюзаў і членам прэзідыума гаркама прафсаюзаў… Але ніколі не быў кар’ерыстам і прыстасаванцам, не працаваў па інструкцыі – складзеная невядома кім, яна нівеліруе людзей, уціскае ў свае вузкія рамкі асобу.
– Я заўсёды даводжу сваім вучням, што на першае месца трэба ставіць здароўе думкі. Не будзьце зайздрослівымі, не шліце нікому праклёнаў, імкніцеся быць прыстойнымі людзьмі. Перакананы, што гэта ўніверсальная формула жыцця.
Фота: архіў «Маладзечанскай газеты».