Новости Молодечно и Молодечненского района

Во время каникул на Молодечненщине работают 20 школьных лагерей

  • 2020-04-04 10:19:44
  • Анжаліка Крупянькова

Па інфармацыі Антаніны Рынкевіч, вядучага спецыяліста прадстаўніцтва Мінскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па Маладзечанскім раёне, шасцідзённыя лагеры былі створаны з 30 сакавіка па 4 красавіка ў 14 гарадскіх установах адукацыі і 6 сельскіх (Красненская, Лебедзеўская, Палачанская, Радашковіцкая, Чысцінская, Турэц-Баярская сярэднія школы). У іх з карысцю праводзілі час 935 дзяцей. На гэтыя мэты дзяржавай выдаткавана больш за 23,5 тысячы рублёў. Сярэдні кошт пуцёўкі на аднаго вучня – 27,12 рубля. Бацькоўская даплата зусім нязначная: для вучняў 14-15 гадоў – 3 рублі 90 капеек, 11-13 гадоў – 1 рубель 86 капеек, ад 6 да 10 гадоў — даплата не патрабавалася.

У навучальных установах былі скарэкціраваны планы культурна-выхаваўчых мерапрыемстваў. Калі раней дзеці разам з педагогамі наведвалі басейны, кінатэатр, музей, іншыя ўстановы, то цяпер уся праграма праходзіла толькі ў межах школ і гімназій. Праводзіліся мерапрыемствы грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі, прысвечаныя 75-годдзю Вялікай Перамогі, пазнавальныя віктарыны і квэсты, майстар-класы, музычныя конкурсы. Шмат увагі надавалася спартыўным мерапрыемствам, гульням на свежым паветры на школьнай тэрыторыі. За здароўем дзяцей і захаваннем імі гігіены пільна сачылі медыкі і настаўнікі. З вучнямі праводзіліся растлумачальныя гутаркі. Памяшканні, дзе бавілі час выхаванцы, мылі з прымяненнем дэзінфіцыруючых сродкаў.

Шмат гадоў з’яўляецца начальнікам аздараўленчага лагера «Отдыхай-КА» Красненскай сярэдняй школы Ларыса Карчміт, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.

— Як у вас арганізавана работа лагера з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі? – спыталіся мы ў Ларысы Іванаўны.

— У нашым лагеры 26 дзяцей, якіх мы разбілі на два атрады: пачаткоўцаў і вучняў 5-7 класаў. Мы іх развялі па класах у розных канцах калідора, каб яны не кантактавалі. Усе мерапрыемствы – толькі ў сценах школы і на яе тэрыторыі: нікуды не выходзім, нікога чужога не запрашаем, — расказвае начальнік лагера. – Кожную раніцу медсястра мясцовай амбулаторыі мерае ў дзяцей тэмпературу, аглядае іх, пытаецца пра самаадчуванне. Усе дзеці ў лагеры здаровыя.

Для выхаванцаў была распрацавана цікавая праграма, кожны дзень распланаваны літаральна па хвілінах. Акрамя педагогаў, якія працавалі ў лагеры выхавальнікамі, з дзецьмі займаліся школьны псіхолаг, педагог сацыяльны, педагог-арганізатар. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем наведвалі майстар-класы: на адным з іх рыхтавалі велікодныя падарункі. Не абыходзілася і без заняткаў у камп’ютарным класе. Абавязковыя гульні на свежым паветры, спартыўныя спаборніцтвы.

Цікавыя мерапрыемствы праводзілі і вучні 10 і 11 педагагічных класаў, якія два гады факультатыўна вывучаюць «Увядзенне ў педагагічную прафесію». Для іх гэта першыя педагагічныя спробы, зазначае Ларыса Іванаўна. Старшакласнікі актыўна выкарыстоўвалі розныя інтэрактыўныя формы: праводзілі квэст-гульні, інтэлектуальныя віктарыны.

Цікавы сумесны анлайн-праект, які дзейнічае ў час школьных канікулаў з 30 сакавіка па 6 красавіка, распрацавалі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. Яго ўдзельнікі атрымлівалі карысныя і цікавыя заданні: зрабіць уборку ў сваім пакоі, пасадзіць кветку, прыгатаваць сняданак ці выбраць фільм для ўсёй сям’і. Пасля выканання заданняў школьнікі павінны былі зрабіць сэлфі ці фота аб выніках іх работы і размясціць на сваіх старонках у сацыяльных сетках з хэштэгам #клёвыеканикулы. Той, хто выканаў усе заданні, можа прэтэндаваць на падарункі ад БРСМ і БРПА.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў КРАСНЕНСКАЙ СШ.