Новости Молодечно и Молодечненского района

В Молодечно открыли летний трудовой семестр

  • 2018-05-08 06:02:31
  • Ірына Рабушка



Актывісты нашага райкама Саюза моладзі арганізавалі прэзентацыю ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Сюды былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх сярэдніх спецыяльных і прафесійных навучальных устаноў раёна. Камісарам «пярвічак» БРСМ уручылі пуцёўкі штаба працоўных спраў. З прывітальнымі словамі да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская. Яна адзначыла важнасць і неабходнасць студатрадаўскага руху, пажадала пазітыўнага вопыту і новых сяброў. А таксама запэўніла, што ў нашым раёне запланавана шмат цікавых мерапрыемстваў, якія накіраваны на аб’яднанне студатрадаўцаў.

Дарэчы, сёлета ў Беларусі адзначаецца 55-годдзе гэтага руху. Паняцце трэцяга працоўнага семестра прыйшло да нас з камсамольскіх часоў, калі маладыя людзі дружнымі радамі накіроўваліся паднімаць цаліну і будаваць БАМ. Сучасныя юнакі і дзяўчаты найчасцей спяшаюцца быць карыснымі на палях, узвядзенні новых аб’ектаў, а таксама на перапрацоўчых прадпрыемствах, у медустановах і аздараўленчых лагерах.
На ўрачыстасці падвялі вынікі мінулага летняга семестра. Ён быў не простым. Не сакрэт, што работадаўцы не вельмі ахвотна бяруць моладзь на часовыя месцы. Безумоўна, гэта дадатковая адказнасць.
Поспехі працоўнага семестра ў многім залежаць ад умоў, якія наймальнікі гатовы стварыць студатрадаўцам. Адметна, што на Маладзечаншчыне ёсць арганізацыі, зацікаўленыя ў гэтым руху і па магчымасці падтрымліваюць яго. Па выніках летняга працоўнага семестра-2017 за актыўны ўдзел у працаўладкаванні моладзі былі адзначаны ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» і дзіцячы аздараўленчы лагер «Івалга» аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

На старце працоўнае лета-2018: для студатрадаўцаў гэта новая магчымасць будаваць самыя амбіцыйныя планы, марыць аб пакарэнні чарговых вяршынь, імкнуцца да больш высокіх дасягненняў. Прыемны творчы падарунак удзельнікам мерапрыемства паднеслі прадстаўнікі гімназіі-каледжа мастацтваў. Навучэнцы спелі пад гітару адну з самых любімых кампазіцый студатрадаўцаў «… Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались…».

Фота: Аляксей ПЛАТКО.