Новости Молодечно и Молодечненского района

Убачыў Парыж, атрымаў медаль

  • 2019-08-08 05:56:04
  • Ірына Рабушка

Праводзіцца яна з 1968 года, сёлета ў ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі 80 краін свету. Каманду Беларусі на прэстыжных міжнародных спаборніцтвах прадстаўлялі чацвёра адзінаццацікласнікаў, сярод якіх і выпускнік нашай гімназіі №10. Калі яшчэ быў вучнем гэтай установы, на працягу чатырох гадоў займаўся хіміяй з педагогам Аксанай Каляда, наведваў міжшкольны факультатыў у гімназіі №7. Дарэчы, у красавіку Іван заваяваў бронзавы медаль на 53-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі ў Санкт-Пецярбургу, аб чым мы расказвалі.

Да інтэлектуальных спаборніцтваў у Парыжы, як і ўся беларуская каманда, хлопец рыхтаваўся з выкладчыкамі хімічнага факультэта БДУ. Зрэшты, яму толькі заставалася сістэматызаваць веды і, вобразна кажучы, раскласці іх па паліцах.

У складзе каманды таксама былі Яўгеній Маліч, Максім Сысоенкаў і Алег Караткоў. Мінчанін Алег і Жэня (з Брэсцкай вобласці) выпускнікі ліцэя БДУ, цяпер студэнты лячэбнага факультэта сталічнага медуніверсітэта і хімічнага факультэта БДУ адпаведна. Максім таксама з Мінска -- выпускнік мясцовай гімназіі №50, які ўжо стаў студэнтам хімічнага факультэта БДУ. Яўгеній і Максім абралі для сябе спецыяльнасць «фундаментальная хімія».

Прадстаўнікі Беларусі паспяхова прайшлі эксперыментальны і тэарэтычны туры алімпіяды, якая доўжылася два дні. На кожны этап адводзілася па пяць гадзін. У выніку конкурсных іспытаў на рахунку каманды – па два сярэбраныя і бронзавыя медалі. «Бронзу» ў скарбонку дасягненняў паклаў і Іван Мамчыц. Хлопец гаворыць, што для яго заданні былі не вельмі складанымі, проста не хапіла часу выканаць усе. Дарэчы, для нашай каманды іх пераклалі на рускую мову.

Таксама для ўдзельнікаў алімпіяды прадугледжвалася змястоўная культурная і экскурсійная праграма. Іван пабываў у Парыжы ўпершыню, яго вельмі ўразілі Луўр, Версаль, Эйфелева вежа, Трыумфальная арка. А яшчэ арганізацыя дарожнага руху: ледзь не на кожным кроку там устаноўлены святлафоры, але пешаходы спакойна ідуць на… чырвоны сігнал.

Іван паступіў на фармацэўтычны факультэт сталічнага медуніверсітэта. Прычым без цэнтралізаванага тэсціравання – як пераможца-алімпіяднік.