Новости Молодечно и Молодечненского района

У полі зроку грамадства

  • 2017-08-18 10:24:50
  • Ірына Рабушка

— Іна Феліксаўна, у чым асаблівасці новага навучальнага года?
— Найперш прадоўжым працаваць у рамках Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка», разлічанай на 2016-2020 гады. Найлепшае пацвярджэнне яе эфектыўнасці – дасягненні нашых вучняў і педагогаў, якія нязменна перамагаюць у розных алімпіядах, інтэлектуальных турнірах, конкурсах, на спаборніцтвах… Паспяхова выступаюць на творчых пляцоўках. Штогод на Маладзечаншчыне ёсць і стобальнікі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Сёлета іх чацвёра – прадстаўнікі гімназіі №7, №10 (двое) і гімназіі-каледжа-мастацтваў. Амаль 70 працэнтаў выпускнікоў паступілі ў ВНУ, пераважная большасць — на бюджэтныя месцы. Яны будуць навучацца ў БДУ, БДУІР, БНТУ, БДЭУ і іншых установах.
Таксама на Маладзечаншчыне грунтоўная сістэма спецыяльнай адукацыі. Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з’яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам па аказанні ранняй комплекснай дапамогі. У раённым банку даных 2020 хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Практычна ўсе дзеці з адпаведнага ўзросту навучаюцца на даму або ва ўстановах адукацыі. У нас створаны 104 інтэграваныя класы і тры групы, 18 спецыяльных груп, функцыянуюць 28 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі на базе дашкольных устаноў і 24 – ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Асаблівая ўвага накіравана на прапаганду здаровага ладу жыцця, фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці і спорту. На Маладзечаншчыне працуюць каля 300 спартыўных аб’ектаў, развіваюцца 34 віды спорту, 21 з іх уваходзіць у праграму Алімпійскіх гульняў.

— Ц ўсе ўстановы адукацыі атрымалі пашпарты гатоўнасці да Дня ведаў?
— Усе 28 школ, 5 гімназій і 46 дзіцячых садоў гатовы прыняць сваіх выхаванцаў. Летам ва ўстановах адукацыі ішлі рамонтныя работы, каб дзецям было ўтульна, цёпла і камфортна. Найперш прыводзілі ў парадак дахі, фасады і сістэму ацяплення. На добраўпарадкаванне зрасходавана звыш 400000 рублёў з абласнога бюджэту, 260000 – з раённага і 220000 рублёў – пазабюджэт. Заўважу, што ўсе ўстановы адукацыі аснашчаны сістэмамі відэаназірання, у сямі з іх ёсць кантроль доступу, а ў чатырнаццаці – трывожныя кнопкі з выхадам на цэнтральны пульт аховы МУС.

— Магчыма, адбылася рэарганізацыя сістэмы нашых навучальных устаноў?
— Мы пастаянна займаемся рэарганізацыяй, ці, больш правільна, рацыяналізацыяй сеткі адукацыі. Сёлета Хоўхлаўскі вучэбна-педагагічны комплекс з базавай школы — дзічяцага сада пераўтвораны ў пачатковую школу-сад. Гэта самая малакамплектная навучальная ўстанова на Маладзечаншчыне. Тут займаецца ўсяго 22 чалавекі. Для параўнання: найвялікшая – гарадская СШ №14, у якой паўтары тысячы вучняў.
Перамены тычацца і гімназіі-каледжа мастацтваў. Усе першакласнікі (гэта чатыры класы) будуць займацца ў асобным будынку. Для навучання прыстасаваны памяшканні былога сацыяльна-педагагічнага цэнтра (яго выхаванцы ў пачатку 2017-га пераведзены ў Радашковіцкую школу-інтэрнат). На Маладзечаншыне толькі два першыя класы ад гімназіі №7 размяшчаюцца на базе дзіцячых садоў. А ў дашкольных установах у Цюрлях і Красным адкрыты дадатковыя групы для малышоў ад трох гадоў. Гэта зроблена па запыце мясцовых сем’яў.
Асобна спынюся на педагагічных класах, якія ў нашым раёне становяцца ўсё больш запатрабаванымі. Першы такі клас з’явіўся два гады таму ў Чысцінскай СШ. Летась іх было ўжо чатыры: два – у Чысці і па адным – у Турэц-Баярах і Красным. Сёлета далучацца дзве гарадскія ўстановы адукацыі – гімназія №3 і СШ №14. Як вядома, выпускнікі педкласаў маюць прывілеі пры паступленні ў педагагічны інстытут імя Максі-
ма Танка, а медалісты наогул прымаюцца без экзаменаў.

— У школах застануцца дзясятыя класы без таго ці іншага профілю?
— Ёсць базавыя класы. Такая магчымасць можа быць дадзена і на пэўныя прадметы па заяўцы навучэнцаў або іх законных прадстаўнікоў.

— Ці існуюць асаблівыя патрабаванні да настаўнікаў, якія працуюць у профільных класах?
— Безумоўна, гэта павінны быць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Усе педагагічныя работнікі, якія працуюць у профільных класах, павысілі ўжо сваю кваліфікацыю ў рамках курсавой падрыхтоўкі.

 — Сярод настаўнікаў ёсць тыя, хто перад Днём ведаў хвалюецца больш за іншых. Гэта маладыя спецыялісты. Колькі іх сёлета прыйдзе ў мясцовыя ўстановы адукацыі?
— Як і летась, мы чакаем каля 70 пачынаючых спецыялістаў. Такім чынам, недахопу ў педработніках у нас не будзе. Пераважна на Маладзечаншчыну вяртаюцца нашы выпускнікі. Але прыязджаюць і іншагароднія, нават не толькі са сталічнага рэгіёна, але і з Віцебшчыны, Гомельшчыны, Гродзеншчыны. Радуе, што ўсё больш маладых спецыялістаў замацоўваецца пасля тэрміну адпрацоўкі. Мы, у сваю чаргу, імкнёмся іх зацікаўліваць і падтрымліваць. Напрыклад, жыллём. У аддзела адукацыі, спорту і турызму ёсць пэўны фонд арэнднага жылля і месцаў у інтэрнатах. Хаця хочацца, каб ён быў яшчэ большым.

— Напярэдадні навучальнага года асабліва шмат гаварылася аб магчымых новаўвядзеннях. Доўгі час абмяркоўвалася, у колькі гадзін у школах і гімназіях будуць пачынацца заняткі…
— У нашых установах – у 9.00 (калі адна змена) або ў 8.30 (калі дзве). Але з 8.00 у школах і гімназіях будзе дзяжурны педагог. За кошт змянення пачатку заняткаў зменшыцца працягласць некаторых перапынкаў. У дашкольных установах расклад ранейшы. Прыём дзяцей — з 7.00 або 7.30 (згодна з распарадкам канкрэтнай установы). Заканчваецца працоўны дзень у садах у 19.00 (з 18.00 да 19.00 арганізаваны дзяжурныя групы).

— Таксама неаднаразова гаварылася аб абнаўленні вучэбных праграм…
— Сапраўды, выдадзены 41 новы падручнік і 50 вучэбных дапаможнікаў. Пакрысе яны паступаюць у мясцовыя школьныя бібліятэкі. Большасць з іх вучні атрымаюць да першага верасня, астатнія – на працягу першай чвэрці. У 2017-2018 навучальным годзе будзе прадоўжаны пераход на новыя вучэбныя праграмы з улікам змяненняў, якія адбыліся ў вучэбным працэсе 2016-2017-га. Найбольш грунтоўныя перамены чакаюць вучняў трэціх і сёмых класаў. Наогул, усе новаўвядзенні накіраваны на спрашчэнне вучэбнага працэсу. Многія тэмы выдалены або перайшлі ў разрад азнаямленчых. Калі заглядваць наперад, мяркуецца, што заданні цэнтралізаванага тэсціравання будуць цалкам адпавядаць школьнай праграме.

— Прэзідэнт краіны гаварыў і аб тым, што незалежна ад фінансавых магчымасцей сям’і дзеці ў школе не павінны вылучацца або адрознівацца адзеннем. Ці існуе ў Беларусі афіцыйнае паняцце «школьнай формы»?
— У значэнні «аднолькавая для ўсіх» – не. Ва ўстановах сярэдняй адукацыі ўведзены дзелавы стыль адзення – строгі і вытрыманы. Урэшце, гэта спрыяе і выхаванню пачуцця этыкету ў падрастаючага пакалення. Але ўсё ж да камплекту школьнага адзення ёсць пэўныя патрабаванні. Яно павінна быць гігіенічным, зручным і акуратным. Навучэнцы, іх законныя прадстаўнікі сумесна з адміністрацыяй установы і педагагічнымі работнікамі маюць права выбару мадэлі, колеру і якасці тканіны для адзення дзелавога стылю.


— Заўсёды выклікае спрэчкі афармленне сшыткаў. Ці ёсць прававы дакумент, які забараняе выкарыстоўваць сшыткі з малюнкамі на вокладцы?
— Дакумента, які рэгламентуе выкарыстанне сшыткаў аднаго тыпу ці забараняе з малюнкамі на вокладцы, няма. Разам з тым, Міністэрства адукацыі рэкамендуе прадпрыемствам выпускаць адпаведную прадукцыю, звяртаючы ўвагу на якасць паперы і афармленне, каб яна не была шкоднай для здароўя дзяцей і не замінала вучобе.

— Літаральна на гэтым тыдні былі агучаны магчымыя змяненні ў ацэнцы ведаў вучняў – пераход з дзесяці- на пяцібальную сістэму…
— Гэта пытанне пакуль адкрытае. Яго ў ліку іншых настаўнікі з усёй краіны абмяркуюць разам з Кіраўніком дзяржавы на наступным тыдні. Ад нашага раёна таксама будуць удзельнічаць педагогі. Што тычыцца пераходу на пяцібальную сістэму, у маладзечанскіх настаўнікаў розныя меркаванні. Асабіста мне бліжэй пяцібальная. Дарэчы, у пэўных класах ёсць прадметы, па якіх наогул ацэнкі не ставяцца. Напрыклад, у першых і другіх яны не прадугледжаны абсалютна па ўсіх дысцыплінах, у 3-4-х – па выяўленчым мастацтве, музыцы, фізічнай культуры і здароўі, працоўным навучанні.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.