Сярод курсантаў былі і дзеці з мнагадзетных сем’яў. Працаваў лагер на базе фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі Маладзечанскага раёна.
У час заняткаў будучыя абаронцы Айчыны пазнаёміліся са спецыфікай службы ў воінскіх фарміраваннях і падраздзяленнях Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, пабывалі ў абласным краязнаўчым музеі, цэнтры падрыхтоўкі ратавальнікаў у Барысаве, 14-м асобным палку ўрадавай сувязі, наведалі мерапрыемствы ХІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2019».
Былі ў праграме і заняткі па патрыятычным выхаванні. Асаблівая ўвага надавалася знамянальнай даце – 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вялікую дапамогу ў арганізацыі навучання аказала Маладзечанская аб’яднаная арганізацыйная структура ДТСААФ.
— У час заняткаў юнакі займаліся спортам, наведвалі басейн, трэнажорную залу, — адзначыў начальнік лагера Аляксандр Касцюк. – У выхаванцаў была магчымасць здаць на спартыўны разрад па стральбе. Жыццё ў лагеры праходзіла па вайсковых статутах. Такім чынам, старшакласнікі не толькі ўмацавалі здароўе, але і змаглі лепш падрыхтавацца да службы ў сілавых падраздзяленнях.
Як паведаміў Аляксандр Канстанцінавіч, большасць выхаванцаў лагера плануе звязаць свой лёс з арміяй, міліцыяй або службай выратавання. З улікам гэтага і была складзена праграма заняткаў. У якасці выкладчыкаў запрашаліся дзеючыя афіцэры і афіцэры запасу. За фізічнае выхаванне адказвалі вопытныя трэнеры.
— Такі профільны лагер арганізуецца ў раёне пяты год. Ён паказаў сваю карысць і эфектыўнасць. У ім маладыя жыхары Маладзечаншчыны пераконваюцца: мала любіць Радзіму, трэба яшчэ і вучыцца яе абараняць, — падкрэсліў Аляксандр Касцюк.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.