Новости Молодечно и Молодечненского района

Телестудия «Наше время» не отстает от времени

  • 2018-04-03 08:48:27
  • Анжаліка Крупянькова

Менавіта ў ёй пачыналі свой шлях у прафесію спартыўны каментатар Беларускага тэлебачання Мікалай Хадасевіч, аператары Сталічнага тэлебачання Уладзімір Сліж, Мікалай Апяцёнак і іншыя. Сёлета яна адзначае сваё 20-годдзе, і такое доўгажыхарства таксама феномен: студыя не раз мяняла прапіску, прыналежнасць, перажыла няпростыя часы, аднак не спыняла сваёй дзейнасці. Асноўныя этапы 20-гадовага шляху мы прыгадалі разам з кіраўніком тэлестудыі «Наш час» Дзмітрыем Кандрацюком і адной з першых вядучых Маргарытай Макей, цяперашнім намеснікам дырэктара па творчай рабоце цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

Субота, 19.00: усё Беразінскае – ля тэлевізараў

У Год малой радзімы асабліва прыемна прыгадаць імя бізнесмена Генадзія Гаўрыса, ураджэнца Беразінскага, які нямала зрабіў для развіцця пасёлка. У сярэдзіне 1990-х ён заснаваў Саюз моладзі «Наш час», які фінансаваў многія вельмі прагрэсіўныя па тым часе праекты. Адзін з іх – аднайменная тэлестудыя, першым кіраўніком якой была Ірына Гаўрыс, сястра Генадзія. Паралельна была створана дзіцячая студыя «Люстэрка», якую вяла Раіса Гаўрыс, маці бізнесмена. Кожную суботу ў 19.00 беразінцы прыпадалі да экранаў: «Наш час» трансліраваў свае перадачы. Гэта была сапраўдная сенсацыя – бачыць па тэлевізары сваіх суседзяў і знаёмых, віншаваць сваякоў са святамі. Нічога падобнага ў нашым горадзе і раёне тады не было, «Наш час» стаў першай ластаўкай на Маладзечаншчыне ў развіцці мясцовага тэлебачання. І цяпер беразінцы памятаюць імёны першых вядучых: Ала Ермаковіч, Таццяна Аноп, Мікалай Хадасевіч, Вольга Рэкіш. Першым гукарэжысёрам быў Віктар Буслаўскі, першым аператарам — Сяргей Бубён, шмат гадоў працаваў на гэтай пасадзе Віктар Бублевіч.

З 2006 года тэлевідэастудыяй кіруе Дзмітрый Кандрацюк. Успамінае, як яшчэ ў канцы 1990-х удавалася анлайн трансліраваць на вялікія экраны ў мясцовым Доме культуры выступленні Іны Афанасьевай, Валерыя Дайнэкі, груп «Крама», «Яблычны чай», якія з задавальненнем прыязджалі ў Беразінскае. Тэлеапаратура па тых часах была выдатная, энтузіязму ў моладзі – праз край, пастаянна прыдумвалі нешта новае. Маргарыта Макей была першай вядучай дзіцячай тэлестудыі «Люстэрка». Як ганарыліся школьнікі, калі рыхтавалі сапраўдныя перадачы, адчувалі сябе зоркамі эфіру! Адна з самых рэзанансных рубрык — «Что такое хорошо и что такое плохо?», у якой падлеткі паказвалі станоўчыя і адмоўныя бакі ў жыцці пасёлка.

Архіў – 250 касет

«Цяпер пераносім свой відэаархіў на «лічбу» — хочацца захаваць яго для гісторыі», — гаворыць Дзмітрый Кандрацюк. Прыгадвае пачатак 2000-х, калі з-за недахопу фінансавання тэлестудыя была на мяжы закрыцця: цяжкія часы наступілі для Беразінскага торфабрыкетнага завода, які тады яе фінансаваў. Руку дапамогі працягнуў тагачасны начальнік аддзела культуры Аляксандр Рамановіч, які разумеў, што сваё тэлебачанне страчваць нельга: гэта вельмі перспектыўны праект, які трэба развіваць.
У 2006 годзе «Наш час» перайшоў пад крыло аддзела культуры. Здымалі многія раённыя, абласныя, рэспубліканскія мерапрыемствы, памнажалі вопыт стварэння відэафільмаў да свят, юбілеяў. Сярод самых памятных падзей Дзмітрый называе сустрэчу ў Хатыні прэзідэнтаў Беларусі, Расіі і Украіны, прымеркаваную да юбілею Перамогі, Дзень славянскай культуры ў Каломне, на які з’ехаліся прадстаўнікі многіх еўрапейскіх краін, Прэзідэнцкую лыжню, абласныя, рэспубліканскія «Дажынкі». Вось і зусім нядаўна разам з МКТБ па заказе аблвыканкама здымалі ўрачыстасць у Палацы Рэспублікі з нагоды 80-годдзя ўтварэння Мінскай вобласці.

Сёння архіў папаўняецца шматлікімі раённымі, абласнымі мерапрыемствамі. Застаюцца для гісторыі і здымкі ўсіх значных канцэртаў, конкурсаў, што праводзяцца ў цэнтралізаванай клубнай сістэме, у склад якой «Наш час» увайшоў у 2014 годзе. У студыі ёсць свой канал на YouTube, на якім можна паглядзець самыя цікавыя ролікі. Акрамя Дзмітрыя тут працуе аператар Віктар Хабібаў, Яна Бароніна займаецца мантажом.

Другое жыццё «Люстэрка»

У мінулым годзе «Наш час» сярод 30 прэтэндэнтаў выйграў салідны грант аблвыканкама ў намінацыі «Творчы алімп Міншчыны». Стаўка рабілася на развіццё ў Маладзечне дзіцячай тэлежурналістыкі.
— Большасць сённяшніх школьнікаў любіць здымаць відэаролікі, але мала хто ўмее рабіць гэта правільна, прафесіянальна. Мы гатовы падзяліцца з дзецьмі сваімі навыкамі і сакрэтамі, дапамагчы ім адчуць сябе сапраўднымі тэлежурналістамі, не баяцца камеры, мікрафона, людзей, умець задаваць пытанні, — гаворыць Дзмітрый Кандрацюк. Дзякуючы гранту ўдалося закупіць сучасную апаратуру для тэлестудыі. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і цэнтралізаваная клубная сістэма раёна выдзелілі прасторнае памяшканне, дапамаглі зрабіць рамонт і абсталяваць пяць паўнацэнных рабочых месцаў. Калі падлеткі трапляюць сюды ўпершыню, здзіўляюцца, наколькі тут усё «па-даросламу». Працягваючы традыцыі, вырашана было захаваць ранейшую назву дзіцячай тэлестудыі — «Люстэрка». Цяпер у Дзмітрыя 12 творчых, дапытлівых выхаванцаў, якім цікава ўсё, што звязана з тэлежурналістыкай.

Дзмітрый Кандрацюк і яго выхаванкі ў час работы над новым праектам.

Сярод самых актыўных і творчых – Аня Шэлех, Уладзіслава Друзік, Арына Вярхоўская, Аляксандра Яцухна, Софія Танана, Багдан Канапелька, які, дарэчы, прыязджае на заняткі з Вілейкі. Яны неаднойчы бралі інтэрв’ю ў вядомых людзей, самі напісалі сцэнарый сацыяльнага роліка, прысвечанага праблемам наркаманіі, цяпер вядуць здымкі. Іх самыя ўдалыя ролікі выстаўляюцца на YouTube, дзеці стварылі сваю групу УКантакце і маюць нямала падпісчыкаў. Кіраўнік гаворыць, што цікавых напрацовак шмат, ёсць намер паўдзельнічаць у дзіцячых творчых конкурсах. А яшчэ калегі з МКТБ адобрылі ідэю выпуску дзіцячай праграмы. Будзем спадзявацца, што ўдзельнікаў «Люстэрка» мы ўбачым у мясцовым эфіры. Ёсць дамоўленасць і з гаррайаддзелам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях аб стварэнні сумеснага тэлепраекта па праблемах бяспекі, які б даступна і ў гульнявой форме навучаў дзяцей, як сябе паводзіць у розных сітуацыях. Супрацоўнікі Мінскага абласнога краязнаўчага музея адобрылі прапанову зняць сумесны праект па гісторыі Маладзечаншчыны, прысвечаны Году малой радзімы.

А яшчэ ў падлеткаў ёсць мара трапіць у якасці юных тэлежурналістаў на фінал дзіцячага «Еўрабачання», які ў лістападзе гэтага года будзе праходзіць у Мінску. Хочацца спадзявацца, яна абавязкова збудзецца,
і ў кожнага жадаючага будзе магчымасць убачыць гэты музычны форум вачыма ўдзельнікаў «Люстэрка».

А цяпер рыхтуецца ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 20-годдзю тэлестудыі «Наш час». Яно пройдзе 21 красавіка ў цэнтралізаванай клубнай сістэме. Запрашаюцца ўсе жадаючыя. Пачатак у 15.00.

Фота: архіў тэлестудыі «Наш час».