Галіна Пятроўна наладжвае для выхаванцаў сустрэчы з цікавымі людзьмі, у тым ліку з выпускнікамі студыі, якім тут заўсёды рады. Летась яна запра-сіла Аляксея Рамановіча, які раней займаўся тэатральнай творчасцю, а цяпер вучыцца ў сувораўскім вучылішчы. Ён цікава расказваў пра сваю вучобу, сувораўскія будні. Ваня Страх слухаў яго і таксама загарэўся паступіць у Мінскае сувораў-скае вучылішча. Тым больш, як потым прызнаўся, такая мара ў яго была з першага класа. Не толькі моцныя веды, але і выдатная фізічная падрыхтоўка патрэбныя для гэтага. Іван пераадолеў усе цяжкасці, паспяхова здаў уступныя экзамены і паступіў у вучылішча. Цяпер ён вучыцца ў сёмым класе.
У лютым, калі быў у звальненні дома, Іван прыйшоў на сустрэчу з сённяшнімі выхаванцамі тэатральнай студыі «Казка». Яго равеснікам, малодшым школьнікам цікава было даведацца пра будні сувораўцаў, якія жывуць па строгім раскладзе, падпарадкоўваюцца ваеннай дысцыпліне. Пад’ём у іх у сем гадзін раніцы, адбой – у дзесяць вечара. Лепшае заахвочванне для сувораўцаў – звальненне, у час якога можна з’ездзіць дадому, схадзіць у горад. Мабільнымі тэлефонамі дазваляюць карыстацца па выхадных днях і святах. Вучоба доўжыцца пяць гадоў, многія прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні. Шмат увагі надаецца ваеннай, фізічнай падрыхтоўцы, загартоўцы цела і духу. Тут словы «не хачу, не буду» замяняюць «я павінен!». Але ўсё гэта ідзе на карысць, калі ёсць жаданне стаць ваенным. Іван падзяліўся сваёй запаветнай марай: у будучыні ён хоча стаць ваенным урачом. Яго вельмі падтрымлівае радня. На сустрэчы, дарэчы, прысутнічаў яго тата Андрэй Мікалаевіч.
Студыйцам і іх кіраўніку прыемна было пачуць, што ў вучылішчы Іван удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, у тэатральных пастаноўках. Значыць, заняткі ў студыі не прайшлі дарэмна. Хлопец прадэманстраваў сувораўскі крок, паказаў, як вітаюцца па-ваеннаму. Разглядалі дзеці і яго прыгожую форму. Дарэчы, белы падкаўнерык на ёй сувораўцы павінны што-дня падшываць самі, як і прасаваць, чысціць форму і абутак, спражку на рэмені. Акуратны знешні выгляд – адно з патрабаванняў да будучых ваенных.
У сваю чаргу, удзельнікі студыі «Казка» падзяліліся з Іванам навінамі. Цяпер разам з кіраўніком яны працуюць над спектаклем пра дзяцей ваеннага Ленінграда, прысвечаным 75-годдзю Вялікай Перамогі. Юныя артысты не толькі вучаць свае ролі, але і чытаюць пра падзеі таго часу. А Даніла Цішэвіч, які займаецца ў мастацкай школе, нават намаляваў карткі на хлеб, што выдавалі тады кожны месяц. Калі дзеці трымаюць іх у руках, яшчэ глыбей пазнаюць цану Перамогі.
Магчыма, пасля сустрэчы з Іванам Страхам нехта з хлопчыкаў, як і ён летась, пачне марыць аб паступленні ў сувораўскае вучылішча. Цяпер яны цвёрда ведаюць: гэта рэальна, галоўнае – каб было жаданне.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ЦТДіМ «МАЛАДЗІК».