У заключным этапе прынялі ўдзел васьмёра адзінаццацікласнікаў з Маладзечна, якія сталі пераможцамі абласнога этапу.
Каманда нашага раёна выступіла проста выдатна: пяць дыпломаў і адзін пахвальны водгук.
Абсалютным пераможцам па хіміі стаў Мацвей Навасёлаў з гімназіі №10, які атрымаў дыплом І ступені (педагог Аксана Каляда). Дыпломы другой ступені па нямецкай мове ў Юліі Дземідовіч з СШ №5 (педагог Зоя Дылеўская) і па фізічнай культуры і здароўі — у Кірыла Рудага з СШ №14 (педагог Уладзімір Лашук). Дыпломы трэцяй ступені заваявалі: па беларускай мове — Ксенія Брыль з СШ №1 імя Янкі Купалы (педагог Інеса Ліс), па геаграфіі — Кацярына Кажура з гімназіі №6 (педагог Людміла Разанава). Пахвальным водгукам па гісторыі ўзнагароджаны Ілья Сакалоўскі з гімназіі №3 (педагог Ірына Сушко).
Мацвей НАВАСЁЛАЎ: «У час практычнай часткі я сінтэзаваў лякарства ад гіпертаніі»
Мацвей з адрывам у 13 балаў апярэдзіў равеснікаў з усёй краіны на алімпіядзе па хіміі і атрымаў дыплом І ступені. А канкурэнцыя была немалой: за дыпломы змагалася 38 юных хімікаў, і ўсе яны былі вельмі моцнымі. Рыхтавала яго настаўніца хіміі Аксана Каляда. Летась яе вучань Іван Мамчыц таксама стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды, заваяваў бронзавыя медалі на 51-й Міжнароднай хімічнай алімпіядзе ў Парыжы і 53-й Міжнароднай Мендзялееўскай у Санкт-Пецярбургу.
Будучыню хлопец звязвае з любімым прадметам, ён будзе паступаць на хімічны факультэт БДУ. Прызнаецца, што збіраецца пайсці на ЦТ, хоча праверыць веды па іншых прадметах.
Юлія ДЗЕМІДОВІЧ: «На нямецкай мове чытаю кнігі і гляджу фільмы»
— Праўда, пакуль чытаю сучасных аўтараў, бо ў класікаў мова больш складаная, — прызнаецца Юлія Дземідовіч з СШ №5, уладальніца дыплома ІІ ступені па нямецкай мове.
Гаворыць, што ёй вельмі пашанцавала з настаўніцай Зояй Дылеўскай, якая змагла захапіць сваім прадметам, дапамагала рыхтавацца да алімпіяды. Два гады Юлія наведвала міжшкольныя факультатыўныя заняткі па нямецкай мове ў гімназіі №10, якія вёў Барыс Вайцяхоўскі. З верасня 2017-га па красавік 2018 года яна жыла і вучылася па абмене ў Германіі, у горадзе Гётынгене. Хоча сваю нямецкую давесці да ўзроўню носьбітаў, вывучыць англійскую і адну са скандынаўскіх моў – шведскую ці дацкую.
Кірыл РУДЫ: «У «суровыя рабочыя будні» ў мяне па дзве трэніроўкі на дзень»
З першага класа Кірыл займаецца плаваннем, ён кандыдат у майстры спорту, неаднаразовы прызёр рэспубліканскіх, абласных спаборніцтваў. За кожнай яго перамогай – вялікая праца, самадысцыпліна. Кірылу ёсць з каго браць прыклад: яго тата Андрэй Аляксандравіч у свой час прафесійна займаўся баскетболам. Хлопец расказвае, што ў «суровыя рабочыя будні» ў яго па дзве трэніроўкі на дзень, першая пачынаецца ў 6.40 раніцы. Ён з удзячнасцю называе імёны сваіх трэнераў Алены Руткоўскай і Людмілы Гілевіч, настаўніцы-метадыста СШ №9 Алены Віктаравай. Кірыл збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізкультуры і спорту на факультэт аздараўленчай фізічнай культуры.
Кацярына КАЖУРА: «Хачу выкладаць геаграфію ў ВНУ і складаць заданні алімпіяды»
Веды Кацярыны па геаграфіі даўно выходзяць за рамкі школьнай праграмы. Каця жыве ў Насілаве, з першага класа штораніцы ездзіць у гімназію №6. Яе заўсёды падтрымлівала, дапамагала рыхтавацца да алімпіяды настаўніца геаграфіі Людміла Разанава – таленавіты педагог, які ўмее зацікавіць вучняў сваім прадметам. Кацярына марыць пабываць у Паўднёвай Карэі, Японіі, Канадзе, Злучаных Штатах Амерыкі… Але найперш дасканала вывучыць родную Беларусь.
Ксенія БРЫЛЬ: «Дома мы стараемся размаўляць па-беларуску»
Ксенія валодае роднай мовай з дзяцінства. Любоў да яе дзяўчынцы прывілі бацькі Іна Валянцінаўна і Валерый Пятровіч. Любімы пісьменнік – Уладзімір Караткевіч. Яна лічыць, што кожны беларус павінен прачытаць «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха». Цікавіцца дзяўчына і гісторыяй Беларусі, любіць музыку, закончыла дзіцячую школу мастацтваў па класе фартэпіяна. З шостага класа беларускую мову і літаратуру ў Ксеніі выкладае Інеса Ліс.Выпускніца выбрала профільную ВНУ: філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, каб вывучаць беларускую і славянскую філалогію.
Поўнасцю матэрыял чытайце ў "МГ" за суботу, 30 мая.
Фота: Віталій Крупянькоў.