Прадаўцы з задавальненнем прыходзяць ім на дапамогу: прапануюць своеасаблівыя «шпаргалкі», якія сёлета ўпершыню да новага навучальнага года падрыхтавала «Белкніга». На адным баку -- спіс тавараў для вучняў II-IV, V-IX класаў, на адваротным -- інфармацыя аб скідках, якія дзейнічаюць у магазінах «Белкнігі».
-- Многія пакупнікі дзякуюць нам за гэтыя падказкі, якія дапамагаюць за раз купіць усё неабходнае для школы, -- гаворыць дырэктар кнігарні «Спадчына» Сяргей Субаткоўскі. -- Калі працягваць тэму новаўвядзенняў, то сёлета ля нашага магазіна ўстаноўлена зручная велапаркоўка. Таксама па просьбе пакупнікоў мы ўдасканалілі замкі ў камерах захоўвання.
Лічаныя тыдні засталіся да 1 Верасня, пакупнікоў у «Спадчыне» прыбаўляецца з кожным днём. І гэта зразумела: на двух паверхах магазіна прадстаўлены самы шырокі ў горадзе асартымент школьных тавараў, вучэбнай, мастацкай літаратуры. Па словах дырэктара, сёлета асартымент яшчэ больш пашыраны, айчынныя фабрыкі радуюць новымі таварамі, якія па якасці ніколькі не ўступаюць імпартным. У пацвярджэнне гэтых слоў прадавец Анжаліка Абалішына прадэманстравала нам набор «Падарунак першакласніку», які раней пастаўляла нямецкая фірма «Erich Krause», а сёлета выпусціла фабрыка «Луч». Альбом, фарбы, алоўкі і многае іншае -- усё ў адным стылі, выдатнай якасці, гіпаалергеннае, упакавана ў прыгожую сумачку. Сапраўды выдатны і запамінальны падарунак для першакласнікаў.
Для вучняў старэйшых класаў у якасці падарунка да Дня ведаў некаторыя бацькі купляюць глобусы, якія таксама прадстаўлены ў шырокім асартыменце, розных дыяметраў. Выстаўленыя па памерах на высокай паліцы, яны не толькі кідаюцца ў вочы, але і ўпрыгожваюць магазін. Вялікі плюс, што выкладка тавараў у гандлёвых залах вельмі зручная, пакупнікі з лёгкасцю могуць зарыентавацца, дзе што шукаць, а вопытныя прадаўцы заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.
У дзень нашага візіту пакупнікоў у «Спадчыне» было вельмі шмат. Мы пацікавіліся ў некаторых, што яны выбіраюць, як рыхтуюцца да новага навучальнага года.
-- Мой сын Ян ідзе ў пяты клас гімназіі №3. Многае для заняткаў ужо купілі, сёння вось набылі рабочыя сшыткі па рускай мове. Думаю, да 1 верасня яшчэ не раз у «Спадчыну» прыйдзем, -- дзеліцца перадвераснёўскімі клопатамі Вера Варабей, мама Яна.
Вера Іванаўна -- мама чатырох сыноў, старэйшыя Аляксандр, Кірыл, Эдуард ужо скончылі гімназію. Вопыт падрыхтоўкі да школы ў жанчыны вялікі, яна часты пакупнік у кнігарні. Прадаўцы нават ведаюць яе ў твар.
-- Дарэчы, для мнагадзетных сем’яў, як і для інвалідаў І-ІІІ груп, для пенсіянераў, у нас прадугледжаны сацыяльныя скідкі ў памеры 5 працэнтаў, -- нагадвае дырэктар магазіна. -- А ў свой дзень нараджэння і тры наступныя дні пакупнікі могуць разлічваць на 15-працэнтную скідку. Акрамя таго, выдавецтвы, з якімі мы супрацоўнічаем, праводзяць розныя акцыі. З пачатку гэтага года ў нас пачалі дзейнічаць клубныя карты, па якіх прадугледжана скідка 5, 10, 15 працэнтаў.
Сямікласнік СШ №12 Мікіта Руновіч прыйшоў у магазін разам з мамай Мартай. У іх сям’і ёсць яшчэ адна вучаніца -- шасцікласніца Софія, а самай малодшай Міі няма і двух гадоў. Адметна, што мнагадзетная мама і сама вучылася ў СШ №12, а некаторыя з настаўнікаў цяпер вучаць яе дзяцей. Мікіта выбраў контурныя карты, атлас, рабочыя сшыткі па розных прадметах.
-- Абавязкова пайду з дзецьмі на свята 1 Верасня ў сваю родную школу! -- гаворыць Марта.
Пераважная большасць вучняў прыходзіць у кнігарню з мамамі, аднак у гэты дзень некаторых суправаджалі і таты. Сямікласніца СШ №14 Ліза Васільева выбірала рабочыя сшыткі па англійскай мове. А яе тата Віталій Аляксандравіч, які ў гэтай жа школе выкладае біялогію, хімію, купіў па гэтых прадметах тэсты па ЦЭ і ЦТ, якія толькі паступілі ў продаж і карыстаюцца вялікім попытам.
-- Я выкладаю ў старэйшых класах, так што тэсты для мяне вельмі патрэбныя, перш чым рашаць іх з вучнямі, сам усе прапрацую, -- гаворыць настаўнік з 18-гадовым стажам.
-- А як вы ў свой час рыхтаваліся да 1 Верасня? -- цікавімся ў педагога.
-- Маё школьнае жыццё прыпала на няпростыя 90-я гады мінулага стагоддзя. Тады многія канцтавары, кнігі былі ў дэфіцыце. А пра такія рабочыя сшыткі, па якіх вучацца сённяшнія вучні, мы маглі толькі марыць. Даводзілася самім маляваць, чарціць. Сучасным навучэнцам у гэтым плане лягчэй, ды і настаўнікам прасцей, бо эканоміцца час на ўроках, -- прыгадвае школьныя гады Віталій Аляксандравіч.
Мы звярнулі ўвагу на вясёлых дзяўчатак, якія зацікаўлена выбіралі мастацкую літаратуру. Аказалася, сяброўкі Ксенія Лобан, Аляксандра Ціхан, Паліна Гурчына, Алена Верчанка ўпершыню на цягніку прыехалі ў наш горад з Ліды. Прагуляліся па парку, па цэнтры горада, які ім вельмі спадабаўся. А напрыканцы зазірнулі ў кнігарню. Адна з дзяўчат вырашыла купіць кнігу Мадлен Мілер, якая будзе нагадваць ёй пра паездку ў Маладзечна. Кніга -- найлепшы сувенір ці падарунак, лічаць юныя аматары чытання, і з імі цяжка не пагадзіцца.
ШТО ПАЧЫМ?
Школьны сшытак на 12 лістоў -- 26 капеек.
Агульныя сшыткі -- ад 1 рубля 50 капеек да 4 рублёў.
Дзённікі -- 1 рубель 40 капеек (у тонкай вокладцы), 3 рублі 28 капеек (у цвёрдай вокладцы).
Вокладкі для сшыткаў -- 18 капеек.
Наборы вокладак для падручнікаў -- ад 4 рублёў 44 капеек да 12 рублёў.
Просты аловак -- 50 капеек.
Шарыкавая ручка -- ад 28 капеек да 4 рублёў.
Альбомы для малявання -- ад 93 капеек да 3 рублёў.
Пеналы -- ад 2 да 50 рублёў (з напаўненнем).
Рукзакі -- ад 30 да 160 рублёў.
ІНФАРМАЦЫЯ Ў ТЭМУ
Па шматгадовай традыцыі кнігарня «Спадчына» сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа напярэдадні 1 Верасня праводзіць дабрачынную акцыю «Збяром дзяцей у школу». У ёй можа паўдзельнічаць кожны пакупнік магазіна: купіць тавары школьнага асартыменту і пакласці іх у спецыяльна ўстаноўленую скрынку ля ўвахода. Усё гэта будзе перададзена дзецям з сем’яў, якія знаходзяцца ў няпростай жыццёвай сітуацыі.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.