Каму падлеткі даюць мянушкі?
Адметна, што адразу дзве перамогі ў гімназіі №10. У дзевяцікласніцы Яны Паўлоўскай – дыплом ІІ ступені ў секцыі «Нямецкая мова». Пад кіраўніцтвам настаўніцы Таццяны Булко яна параўноўвала мянушкі падлеткаў у сучаснай беларускай і нямецкай літаратуры. Для гэтага дзяўчына прааналізавала шэсць кніг айчынных аўтараў Андрэя Жвалеўскага, Яўгеніі Пастарнак і столькі ж твораў нямецкай пісьменніцы Карнэліі Функе, прычым у арыгінале. Свае самыя цікавыя высновы яна змясціла ў кароткіх відэапрэзентацыях кніг (на сучаснай мове яны называюцца буктрэйлеры), пазнаёміла з імі равеснікаў.
У якую фольгу ўпакоўваюць шакалад?
У той час як Яна ўнікала ў праблемы ўзаемаадносін падлеткаў, дзесяцікласніца гімназіі №10 Марыя Прыткова разам з настаўніцай хіміі Марыяй Садоўскай праводзіла цікавыя доследы. Каб разнастаіць эксперыменты і зрабіць іх больш даступнымі, яны паспрабавалі замест рэактываў скарыстаць даступныя і танныя медыцынскія прэпараты – аскарбінавую кіслату і ёдзінол. Звычайная аскарбінка здольная змяняць афарбоўку розных рэчываў, а з дапамогай ёдзінола юная даследчыца змагла вызначыць састаў фольгі. Аказваецца, шакалад упакоўваюць у алюмініевую фольгу, а розныя медыцынскія прэпараты – у алавяную.
Вынікі эксперыментаў дзесяцікласніца адлюстравала ў метадычным дапаможніку. За сваю даследчую работу Марыя Прыткова атрымала дыплом ІІІ ступені ў секцыі «Хімія».
Выбар прафесіі – нялёгкая задача
Што можа дапамагчы гімназісту сацыялізавацца ў грамадстве і выбраць будучую прафесію — прааналізаваў у сваёй рабоце дзесяцікласнік гімназіі №3 Данііл Волчак, узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені ў секцыі «Французская мова».
Пад кіраўніцтвам настаўніцы Вольгі Васілевіч Данііл правёў паралелі прафарыентацыйнай работы ў сваёй гімназіі і гімназіі Анатоля Франца французскага горада Тур. Звязваўся з ёю па электроннай пошце, задаваў пытанні, якія яго цікавяць, і атрымаў на іх грунтоўныя адказы. У рамках свайго даследавання Данііл разам з аднакласнікамі пабываў на прадпрыемстве Маладзечанскіх электрасетак, пазнаёміўся са спецыфікай работы, з калектывам, даведаўся, дзе набываюць прафесіі спецыялісты, якія там працуюць. Самыя цікавыя моманты свайго даследавання Данііл уключыў у відэаролік праграмы «Відэаскрайб», і дэманстраваўся ён у фае гімназіі.